14 жнiўня 2022, Нядзеля, 6:47
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Камандзір батальёна «Свабода»: Я асабіста быў сведкам таго, як расейцаў гналі на нашыя кулямёты

4
Камандзір батальёна «Свабода»: Я асабіста быў сведкам таго, як расейцаў гналі на нашыя кулямёты

Камандзіры арміі РФ паклалі тысячы салдатаў у бессэнсоўных атаках на Данбасе.

Армія РФ прадаўжае наступ на Данбасе. Украінскія вайскоўцы дзеля захавання асабовага складу і тэхнікі аддаюць перавагу часоваму адступленню. Пра актуальную сітуацыі на фронце, пра планы і настроі байцоў у эфіры "Настоящему времени" расказаў Пётр Кузік, камандзір украінскага батальёна "Свабода", які ваюе на Данбасе.

– У амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны кажуць, што Расея рыхтуе наступ цяпер на Бахмут і Северск у Данецкай вобласці. Пацвярджаецца гэта і вашай інфармацыяй? І ці можаце выказаць здагадку, якім будзе гэты наступ?

– Так, гэта відавочна. Вельмі вялікія страты, калі штурмавалі Рубежнае. І ім трэба цяпер падвезці новыя рэзервы, таму яны апрацоўваюць цяпер гэтыя месцы. Тактыка не мяняецца: гэта артылерыйскі тэрор. Яны вядуць артылерыйскі агонь практычна без разбору.

– У гэтым жа інстытуце кажуць, што расейскі наступ наўрад ці будзе паспяховым. А вы як думаеце?

– Я ведаю, што акупанту будзе тут вельмі няпроста, таму што тыя спробы нападаў, якія яны рабілі літаральна напярэдадні, былі проста знішчаныя. Яны пра гэта цяпер не гавораць, бо ёсць такая заслона, што яны зайшлі ў Лісічанск. Але тыя спробы, якія яны рабілі пасля гэтага, былі поўнасцю знішчаныя. Магчыма, гэта звязанае з тым, што ў іх вельмі шмат выбітых падраздзяленняў і яшчэ не падышлі свежыя падраздзяленні. А магчыма, проста з тым, што іхні патэнцыял падае.

– Брытанская выведка кажа, што, наадварот, расейскія войскі нарэшце здолелі наладзіць эфектыўную камунікацыю на Данбасе. Вы заўважылі ў камунікацыі нейкія змены?

– Так, і гэта таксама, на жаль, праўда. Дзе ў іх ёсць перавага: у колькасці танкаў, у колькасці артылерыйскіх ствалоў і боекамплектаў. І камунікацыя паміж карэктавальнікамі БПЛА (беспілотныя лётныя апараты) і артылерыстамі, шчыра кажучы, у іх стала нашмат больш якаснай. Яны ведаюць, што гэта іхняя перавага. Яны разумеюць, што ў іх ёсць перавага ў колькасці ствалоў танкавых, артылерыйскіх. І гэта іхняя адзіная перавага, і яны актыўна яе выкарыстоўваюць.

На маю думку, эвалюцыя ўкраінскіх контрбатарэйных сістэмаў расце нашмат павольней, чым мне хацелася б. Але відавочна расце. Вы бачылі ў Северскім Данцы, як няхай і ўжо не вельмі хуткімі тэмпамі, але вельмі эфектыўна знішчаецца іхняя артылерыя. Цяпер гэтыя тэмпы нарошчваюць. Калі гэтыя тэмпы атрымаецца зберагчы, то гэта будзе пераломным момантам.

– Як бы вы яшчэ нашым гледачам, якія не ваенныя людзі, растлумачылі ўвогуле ў цэлым сітуацыю на фронце?

– Яна цяжкая, таму што нашым украінскім абаронцам даводзіцца вытрымліваць шквальныя артабстрэлы. Мы лічылі, што нам проста не давалі высунуць галаву з хованкі гадзіну. Гэта даволі непрыемная з нязвычкі сітуацыя. Але, па-першае, нашы байцы ўжо да гэтага абвыкліся. Па-другое, мы эфектыўна абараняемся. Настрой у нас такі, што мы чакаем загаду да наступу. Нам заўсёды цяжка пакідаць украінскія гарады, адыходзіць. Больш за тое, міф, і нават я быў у ягонай уладзе, што Данецкая і Луганская вобласць падтрымліваюць расейскую акупацыю. Гэта няпраўда. Насельніцтва настроенае па-праўкраінску і падтрымлівае ўкраінскую армію. Акрамя таго, украінскае войска з кожным днём становіцца ўсё мацнейшым.

Я не хацеў бы супакойваць, становіцца вельмі складана, тут сапраўды пякельныя ўмовы працы. Але мы да іх ужо абвыкліся. І даволі эфектыўна абараняемся. І чакаем, марым пра загад да наступу. Веру ў тое, што рана ці позна, калі ўсе сілы і сродкі неабходныя будуць, мы ачысцім Украіну да межаў.

– А цяпер не стае зброі для таго самага загаду пра наступ? Ці правільна я разумею?

– Абсалютна. Вы правільна разумееце. Яна ёсць, але яе крытычна мала. Але яна вельмі эфектыўна працуе. Знішчаем камандныя цэнтры акупантаў, склады з боепрыпасамі, знішчаем іхнія батарэі, але зброі трэба больш, нашмат больш. Мы гатовыя чакаць столькі, колькі трэба, мы вытрымаем, я даю слова. Мы вытрымаем столькі, колькі трэба. Панікі ніякай няма, падраздзяленні вельмі злыя, таму што нам даводзіцца адыходзіць ад украінскіх гарадоў. І ўсе хочуць вярнуць гэтыя гарады назад. Я кажу не толькі пра свае падраздзяленні, я размаўляў з калегамі з сумежных падраздзяленняў: ва ўсіх аднолькавы настрой. Усе разумеюць, што трэба крыху пацярпець, крыху сціснуць зубы і потым рухацца наперад.

– Ці можаце вы ацаніць страты ўкраінскай арміі цяпер у баях за Данбас?

– Хачу, каб вы мяне правільна зразумелі. Страты ўкраінскага войска і маіх падраздзяленняў для мяне катастрафічныя. Але калі казаць статыстыкай, то яны нашмат ніжэйшыя, чым у акупантаў. Але якасць аднаго ўкраінскага ваяра, ягонае жыццё каштуюць нашмат больш, чым тысячы жыццяў акупантаў, таму што з нашага боку ваююць людзі, якія свядома абараняюць сваю радзіму, сваю краіну. А з боку акупанта – там таксама людзі, я разумею, але ў мяне няма нейкіх пачуццяў да іх. Іхняя каштоўнасць для мяне нулявая.

Я быў сведкам, я палявы камандзір, я асабіста працую на пазіцыях, я асабіста быў сведкам таго, як іх гналі на нашыя пазіцыі, на нашыя кулямёты. Яны залеглі, і іх камандзіры проста паднімалі іх у атаку. Мы, вядома, смяяліся доўга, яны пасылалі камандзіра ўслед за расейскім караблём. Але я бачыў, што гэта нелагічныя атакі, іх проста гоняць на нашыя пазіцыі, у іх ёсць нейкія тэрміны і санкцыі за невыкананне гэтых тэрмінаў. Але ўвогуле неразумна наступаць у такой колькасці на ўмацаваныя пазіцыі. І мы знішчалі іх проста масава. І іхні такі наступ захлынуўся не проста таму, што там снарадаў бракуе, ім трэба папаўненне жывой сілы.

Яны штодзень страчваюць нашмат больш, чым нашы байцы. Але якасць іхніх байцоў, колькі б мы іх ні знішчалі, вельмі цяжка мне страчваць сваіх байцоў. У нас загінулі 16 байцоў. І для мяне гэта страшныя страты, прычым гінулі камандзіры падраздзяленняў, выведнікі, вельмі шмат параненых, таму што аскепкі праз вельмі шчыльны артылерыйскі агонь. Але ў такіх суадносінах боекамплекту, абсталявання і жывой сілы мы добра працуем, якасна. А потым ужо сумаваць па пабрацімах будзем, пасля перамогі.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».