Amnesty International заступілася за беларускую палітзняволеную Дануту Перадню
1- 7.07.2022, 10:07
- 3,962
Студэнтку асудзілі да 6,5 гадоў калоніі за крытыку вайны ва Украіне і Лукашэнкі.
Каментуючы паведамленні, што суд у Беларусі асудзіў 20-гадовую студэнтку з Магілёва Дануту Перадню да 6,5 гадоў калоніі за рэпост паведамлення з крытыкай вайны ва Украіне і ролі ў ёй беларускага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, Мары Стразэрс, дырэктарка Amnesty International ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, заявіла:
«Беларускія ўлады ўсё больш актыўна заціскаюць любое іншадумства і прадаўжаюць падтрымліваць Расею ў яе агрэсіі супраць Украіны. Данута Перадня і ўсе тыя ў Беларусі, хто быў асуджаны за мірнае выказванне сваёй думкі і выступы супраць вайны, павінны быць неадкладна вызваленыя, а ўсе абвінавачанні супраць іх знятыя».
Пятага ліпеня суд горада Кіраўска Магілёўскай вобласці асудзіў Дануту Перадню, былую студэнтку Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова, да шасці з паловай гадоў калоніі. Яе абвінавацілі ў «нанясенні шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі» (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса) і «абразе прэзідэнта» (ч. 1 арт. 368), гэта значыць за дзеянні, якія не павінны быць крыміналізаваныя ў першую чаргу.
Беларускія ўлады затрымалі Перадню 28 лютага за рэпост у адным з магілёўскіх чатаў тэксту з крытыкай Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі за вайну ва Украіне. Будучы выдатніцай, яна была неадкладна выключаная з універсітэта. Дзясятага чэрвеня, калі яна знаходзілася пад вартай, Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі ўнёс яе ў афіцыйны спіс «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
З пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну 24 лютага больш за тысячу чалавек былі затрыманыя ў Беларусі, хаўрусніцы Расеі, за выказванне сваіх антываенных поглядаў.