29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На «Гродна Азоце» хочуць скараціць 1500 чалавек

45
На «Гродна Азоце» хочуць скараціць 1500 чалавек

Факел над заводам з'яўляўся з сталай перыядычнасцю.

Не так даўно адыёзны дырэктар ААТ «Гродна Азот» Павел Ляшэнка з'ездзіў у Тульскую вобласць Расеі, дзе наведаў аналагічнае гарадзенскаму прадпрыемства ТАА «Шчокінаазот». Яго настолькі ўразіла паездка, што, вярнуўшыся, ён неадкладна наважыў «аптымізаваць» гарадзенскае прадпрыемства. Ужо ў трэцім квартале гэтага года завадчане могуць рыхтавацца да масавага скарачэння 1500 працоўных. Гэта без уліку таго, колькі чалавек было звольнена за мінулыя паўтара года ягонага кіравання.

Прызначанец наважыў давесці прадпрыемства да краху ў максімальна кароткія тэрміны. Ляшэнка не раўняецца на нямецкія, галандскія ці польскія аналагі вытворчасці, якія з кожным годам нарошчваюць магутнасць і мадэрнізуюць вытворчасць згодна з новымі тэхналогіямі, ён выбірае найгоршыя прадпрыемствы, якія нават без санкцый не паказвалі эфектыўнасць. Да прыкладу, у канцы 2020 года справаздачы паказалі, што «Шчокінаазот» зарабіў ажно на 2 мільярды расейскіх рублёў менш што да папярэдняга года. Але звярнуў увагу Ляшэнка толькі на колькасць персаналу, якая складае ўсяго толькі 3000 чалавек, што ўдвая менш, чым на гарадзенскім прадпрыемстве.

Калі Ляшэнка скароціць 1500 чалавек, ён аўтаматычна запусціць працэс фінальнай анігіляцыі прадпрыемства. Пазбавіўшыся некалькіх дзясяткаў дасведчаных працаўнікоў пасля забастоўкі, «Гродна Азот» адчуў на сабе рэзкае зніжэнне якасці абслугоўвання абсталявання. Факел над горадам з'яўляўся з сталай перыядычнасцю, а розныя надзвычайныя здарэнні хісталі прадпрыемства ці ледзь не раз у месяц. А без такой колькасці працоўных прадпрыемству проста не выжыць. Проста фізічна не хопіць рук і вачэй, каб усачыць за частымі паломкамі.

Нават без скарачэнняў пагаршэнне ўмоў працы на заводзе фінансава будзе адчуваць кожны. Ужо зараз, паводле вынікаў атэстацыі працоўных месцаў у некаторых цэхах, у працоўных забралі тры дні адпачынку і ёсць вялікая імавернасць, што забяруць даплаты за шкодныя ўмовы працы, а гэта аўтаматычна здымае ўсе даплаты ППС (прафесійнае пенсійнае страхаванне).

Некалі вялікае горадаўтваральнае прадпрыемства «Гродна Азот» павольна, але дакладна сыходзіць «пад ваду». Ужо ніхто нават не заікаецца аб будаўніцтве азотнага комплексу, аб якім марыў практычна кожны дырэктар. Ніхто не марыць аб найноўшых нямецкіх помпах, больш за тое, ніхто не ведае якімі запчасткамі правіць раней закупленыя. І тым больш, нікога не турбуе, куды прадаваць прадукцыю. «Капітан Ляшэнка» ўвойдзе ў гісторыю прадпрыемства як дырэктар, які ўтапіў завод у пазыках.

Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для Telegram-канала«Баста!»

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках