25 красавiка 2024, Чацвер, 14:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палку Каліноўскага ўручылі сьцяг ад імя Рады БНР

8
Палку Каліноўскага ўручылі сьцяг ад імя Рады БНР

Cьцяг уручылі на імшы ў Катэдральным саборы ў Вільні.

Сёньня на імшы ў Катэдральным саборы ў Вільні быў уручаны сьцяг прадстаўніку палка імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе ва Ўкраіне. Сьцяг зроблены віленскімі беларусамі.

Перад уручэньнем сьцягу сябра Рады БНР Паліна Прысмакова прачытала зварот да каліноўцаў старшыні Рады БНР Івонка Сурвілы, паведамляе «Радыё Свабода».

«Я захопленая вашай адвагаю і вашай верай у найбольшую чалавечую каштоўнасьць, якой ёсьць Свабода, — гаворыцца ў звароце. — Бароніце вы яе для ўсіх нас. Змагаецеся сёньня з самым лютым ворагам ня толькі Ўкраіны, але і беларускага народу. Гэты вораг — расейская імпэрыя, якая стагодзьдзямі зьнішчала імкненьне народаў да свабоды, да волі, да незалежнасьці. Пасьля ўсіх страшных бедаў, якія перажыло чалавецтва за мінулае стагодзьдзе, Расея зноў разьвязала крывавую вайну, імкнучыся рабаваць і забіваць сваіх суседзяў».

«Ваш полк з гонарам нясе імя Кастуся Каліноўскага. Героя, які аддаў жыцьцё за Беларусь і запаліў у нашым народзе волю да свабоды, якую з тых часоў ужо нікому не атрымалася загасіць. Для Рады БНР ёсьць вялікім гонарам уручыць вам баявы штандар і такім чынам выказаць вам удзячнасьць і блаславеньне ад беларускага народу, вольным голасам якога Рада Беларускай Народнай Рэспублікі зьяўляецца ўжо болей стагодзьдзя», — сказана ў звароце.

«Малю Ўсёмагутнага за нашую агульную перамогу і каб апекаваўся кожным і кожнай з вас, пакуль ня вернемся ўсе разам у сваю родную Беларусь. Памажы вам Божа! Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне!» — заявяршыла свой зварот да каліноўцаў Івонка Сурвіла.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках