Чым ударылі па авіябазе РФ у Крыме: дзве асноўныя версіі
20- 10.08.2022, 10:40
- 43,452

Выбухі ў Новафёдараўцы сталі аплявухай расейскім СПА.
Удзень 9 жніўня ў СМІ з'явілася навіна, якую многія ўкраінцы свядома або падсвядома чакалі ўсе пяць з невялікім месяцаў поўнамаштабнай вайны, а, магчыма, нават і з 2014 года: на вайсковай авіябазе РФ Сакі, каля пасёлка Новафёдараўка, прагрымелі некалькі магутных выбухаў. Слупы дыму ад іх былі бачныя як на сушы, так і ў моры, піша nv.ua.
Пазней так званы «кіраўнік Крыма» Сяргей Аксёнаў пацвердзіў інфармацыю аб тым, што выбухі здарыліся менавіта на вайсковым аб'екце Сакі. Канкрэтнай інфармацыі аб тым, што стала прычынай здарэння, ён не назваў.
Мінабароны РФ, натуральна, заявіла, што "ўсё ідзе паводле плану": маўляў, здарылася "дэтанацыя некалькіх авіяцыйных боепрыпасаў", якая адбылася а 15:20 на аэрадроме Сакі. Ніхто, нібыта, не пацярпеў, як не пацярпела і авіятэхніка.
Пры гэтым крымскія "ўлады" тут жа расказалі аб пяці пацярпелых, а пазней СМІ краіны-агрэсара заявілі, што адзін чалавек загінуў, а яшчэ дзевяць атрымалі раненні. Рыхтуючы глебу для будучых абвінавачанняў на адрас Украіны, у РФ сталі расказваць, што ўсе пацярпелыя былі выключна цывільнымі асобамі.
У сваім Telegram-канале ўкраінская праграма расследаванняў Схемы нагадала, што аэрадром Сакі - адзін з ключавых для расейскай авіяцыі на акупаванай паўвыспе. Там базаваўся 43-ці знішчальны авіяцыйны полк ВКС Расеі, у склад якога ўваходзяць пераважна самалёты Су-30СМ, Су-33 і бамбавікі Су-24М. Краіна-агрэсар выкарыстоўвае аэрадром для бамбавання і авіяўдараў па ўкраінскіх гарадах.
На спадарожнікавых здымках Planet Labs, зробленых прыкладна за чатыры гадзіны да серыі выбухаў у Новафёдараўцы, бачна вялікая колькасць расейскай вайсковай авіяцыі і склады.
Пасля серыі выбухаў расейцы абвясцілі эвакуацыю з дамоў, размешчаных побач з вайсковай базай. А Аксёнаў абвясціў "жоўты ўзровень тэрарыстычнай небяспекі" да 24 жніўня.
Экспэрты ж загаварылі аб тым, што выбухі на вайсковым аб'екце, размешчаным больш як за 200 км ад найбліжэйшых пазіцый УСУ, сталі выеікам ракетнага нападу.

Да гэтага ўкраінскія сілы ніколі не наносілі ўдараў па акупаванай паўвыспе. І калі туды сапраўды даляцелі ракеты УСУ, гэты выпадак стане першым прыкладам нападу на аб'екты ворага ў Крыме, які ў Маскве лічаць не нейкімі "рэспублікамі", а "сваімі", расейскімі землямі.
Мінабароны Украіны іранічна пракаментавала выбухі на аб'екце каля Новафёдараўкі. Там адзначылі, што не могуць высветліць прычыну пажару на тэрыторыі аэрадрома, але нагадалі пра “правілы пажарнай бяспекі і забарону курэння ў неналежных месцах”.
Юрый Ігнат, спікер камандавання Паветраных сіл УСУ, не адказаў на пытанне НВ аб тым, ці атакавалі ўкраінскія сілы крымскую авіябазу ворага. Пазней Міхаіл Падаляк, дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта ў эфіры тэлеканала Дождж сказаў, што УСУ не маюць дачынення да выбухаў на аэрадроме.
Як гэта было
Амерыканская The New York Times са спасылкай на неназванага “высокапастаўленага ўкраінскага вайсковага чыноўніка з веданнем сітуацыі” паведаміла, што ўдар па сакскай авіябазе нанеслі ўкраінскія сілы. "Гэта была авіябаза, з якой рэгулярна ўзляталі самалёты для ўдараў па нашых войсках на паўднёвым фронце", – сказала крыніца NYT.
Вайсковы чыноўнік не стаў раскрываць тып зброі, але ўдакладніў, што яна ўкраінскай вытворчасці.
Ваенны экспэрт Віктар Кеўлюк дапускае, што ўдары маглі быць нанесены ўкраінскімі супрацькарабельнымі ракетамі Нептун, выкарыстоўваючы GPS-модулі для навядзення на наземныя мэты.
"Тэарэтычна гэта магчыма", – мяркуе аналітык, удакладняючы, што далёкасць стральбы Нептуноў дасягае 280 км.
Магчыма, менавіта Нептун раней знішчыў крэйсер Масква, флагмана расейскага чарнаморскага флоту.
Мікалай Бялескаў, галоўны кансультант аддзела ваеннай і ваенна-эканамічнай палітыкі Нацыянальнага інстытута стратэгічных даследаванняў, мяркуе, што УСУ маглі выкарыстоўваць амерыканскія супрацьрадыёлакацыйныя ракеты AGM-88 HARM, запусціўшы іх са знішчальнікаў МіГ-29 або Су-27. Самалёты, праўда, павінны былі быць мадыфікаванымі для выкарыстання такой зброі.
“Выйшлі, над Чорным морам адстраляліся і пайшлі назад”, - дапускае Бялескаў.
Зрэшты, непасрэдна па базе УСУ ўдарылі не AGM-88 HARM, тлумачыць Кеўлюк: імі ўкраінскія сілы толькі “прабілі дзірку” ў супрацьпаветранай абароне аб'екта. "І ў гэтае акно пстрыкнулі двума дальнабойным амерыканскімі ракетамі АТАСМS", – распавядае экспэрт.
Асноўнай усталёўкай для запуску АТАСМS, далёкасць палёту якіх складае да 300 км, з'яўляюцца ўжо добра вядомыя сістэмы залпавага агню HIMARS. Праўда, афіцыйна амерыканцы заяўлялі, што пастаўляюць Украіне для гэтых установак ракеты значна меншага радыусу дзеяння. Тым не менш, экс-дарадца кіраўніка МУС Віктар Андрусіў напісаў, што боепрыпасы з далёкасцю 200-300 км на ўзбраенні УСУ ўжо ёсць.
Сяргей Згурэц, дырэктар інфармацыйна-кансалтынгавай кампаніі Defense Express, тая таксама схіляецца да версіі, што па аэрадроме Сакі адпрацавалі АТАСМS. І хаця на відэакадрах момантаў выбухаў пралётаў саміх ракет няма, але пакуль гэта "толькі версія". ATACMS - гэта балістычная ракета, якая ўлятае ў аб'ект практычна вертыкальна і развівае вялікую хуткасць. Па гэтым чынніку яе цяжка заўважыць пры звычайнай хуткасці прайгравання відэа. “Калі расейцы сваёй балістычнай ракетай Кінжал ударылі па кіеўскім ТРЦ Рэтравіль, здымка таксама не захавала саміх ракет”, - нагадвае Згурэц.
А вось варыянт, што выбухі ў Новафёдараўцы маглі быць вынікам нападу дронаў альбо дзеянняў дыверсійнай групы, экспэрты адмаўляюць.
Дзірка ў небе
Брытанскі эксперт Цімаці Эш напісаў у рассылцы для Bloomberg з нагоды нападу на Новафёдараўку: “Характэрна, што расейская СПА зноў пацярпела няўдачу”. Авіябаза ў Саках, на ягоную думку, такая ж "высокакласная" цэль, як і патоплены УСУ раней крэйсер Масква. Таму факт, што некалькі ўкраінскіх ракет патрапілі ў цэль, сведчыць аб поўным правале сістэмы супрацьпаветранай абароны РФ.
Раней вайсковы журналіст Юры Бутусаў напісаў, што ўсяго толькі за 5-7 жніўня, са звестак Генштаба УСУ, украінскія сілы знішчылі адразу 14 адзінак зэнітна-ракетных комплексаў і РЛС расейцаў. На ягоную думку, гэты раптоўны "мор" мог быць вынікам магутнага ўдару, нанесенага, магчыма, ужо згаданымі супрацьрадыёлакацыйнымі ракетамі AGM-88 HARM.
Прычым, іх пастаўкі першапачаткова не афішаваліся.
Але якраз перад ударам па Новафёдараўцы ў Пентагоне пацвердзілі, што перадалі Украіне супрацьрадыёлакацыйныя ракеты.
Расейцам пара бегчы
Тым часам Рэфат Чубараў, кіраўнік Меджліса крымска-татарскага народа і дэпутат ВР, звярнуўся на расейскай мове да расейцаў, якія знаходзяцца ў Крыме. «Толькі што вы атрымалі першы «званок», які паказвае вам неадкладна пакінуць тэрыторыю акупаванага РФ Крыма. Ведайце, ваша знаходжанне ў акупаваным Крыме незаконнае і злачыннае. Не марнуйце час, выязджайце з акупаванага РФ Крыма ўжо сёння. Памятайце, пераможа той, хто ўжо сёння перасячэ мост праз Керчанскую затоку!” - напісаў ён у ФБ.
Мяркуючы з апублікаванага расейскімі тэлеграм-каналамі відэа, многія расейцы пачулі Чубарава, і на дарогах у кірунку Керчы і моста да вечара 9 жніўня ўтварыўся аўтамабільны затор.