3 лютага 2023, Пятніца, 12:34
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Rzeczpospolita: Крымскі мост - ахілесава пята Пуціна

27
Rzeczpospolita: Крымскі мост - ахілесава пята Пуціна

Украінцы адкрыта дэманструюць, што вяртаюцца ў акупаваны Крым.

Мост, які злучае ўкраінскую паўвыспу з Расеяй, сімвалізуе вяртанне Масквы да імперыялізму, і калі з ім што-небудзь адбудзецца, гэта ўжо нельга будзе растлумачыць парушэннем правілаў супрацьпажарнай бяспекі.

Новафёдараўка ў акупаваным Крыме размешчаная ў больш чым 250 кіламетрах ад найбліжэйшай пазіцыі ўкраінскага войска. Ніводны тып зброі, які ёсць ва Украіны, не здольны пераадолець такую адлегласць. Захад, прынамсі, афіцыйна, таксама не перадаваў украінцам ракет, якія маглі б знішчыць цэль так далёка.

Але ўсё ж расейскую авіябазу ў Новафёдараўцы нехта падарваў, піша польскае выданне Rzeczpospolita. Згарэў дзясятак знішчальнікаў і склад боепрыпасаў. І ўсё гэта на вачах турыстаў, якія бесклапотна чыталі ў сваіх смартфонах аб вайне, загараючы на крымскім пляжы непадалёк. Многія з іх упершыню ў жыцці ўбачылі такі магутны выбух на свае вочы.

У Маскве ведаюць праўду, таму ўважаюць за найлепшае сцвярджаць, што выбухі адбыліся праз парушэнне правілаў супрацьпажарнай бяспекі. Астатнія версіі тлумачэння падзей нават не разглядаюцца, бо гэта было б паразай для расейскай сістэмы СПА.

«Навошта сеяць яшчэ большую паніку? Перад знакамітым Крымскім мостам каля Керчы і так чэргі адпачывальнікаў, якія жадаюць хутчэй вярнуцца ў Расею. Бо яны разумеюць, што калі ўкраінцы ўзарвуць мост, яны затрымаюцца на паўвостраве», - гаворыцца ў артыкуле.

Ці лепш ахоўваюць мост, які злучае Керч і расейскую Тамань, чым вайсковую авіябазу? Гэтае пытанне Уладзімір Пуцін, мусіць, цяпер задае сваім генералам. Акрамя Крамля, гэта адзінае месца ў Расеі, дзе, напэўна, не можа адбыцца выпадковае «парушэнне супрацьпажарнай бяспекі». Ніхто на гэта проста не купіцца. Будуючы гэты мост у 2014 годзе, Пуцін дэманстраваў свету, што ён «аднаўляе расейскую сілу» і што за яго праўленнем Расея «ўстае з каленяў».

Настаўнікі і лекары не атрымалі падвышэння заробкаў, сярэднестатыстычным расейцам давялося зацягнуць рамяні і менш есці, затое мост стаіць. Бо гэта не проста мост, гэта сімвал імперыі, якую будуе Пуцін.

«Калі б яго ўзарвалі, як Антонаўскі мост у Херсоне, гэта стала б самай вялікай іміджавай паразай Пуціна з пачатку яго кіравання. А яшчэ хваравітай паразай услаўленага прапагандай расейскага войска», – піша выданне.

Хутчэй за ўсё, у такім выпадку не абышлося б без чарговай прамовы, падчас якой Пуцін павысіў бы стаўкі і абвясціў усеагульную вайсковую мабілізацыю, фармальна абвясціўшы вайну Украіне. Аднак украінцы, здаецца, гэтага не баяцца і адкрыта дэманструюць, што вяртаюцца ў акупаваны Крым. Яны папярэджваюць расейскіх вайскоўцаў, што ў месцах, дзе ёсць выбуханебяспечныя і лёгкаўзгаральныя матэрыялы, нельга паліць.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».