5 снежня 2022, панядзелак, 0:25
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканамістка: Праз тры месяцы ўклады беларусаў у рублях могуць «абнуліцца»

11
Эканамістка: Праз тры месяцы ўклады беларусаў у рублях могуць «абнуліцца»

Найбольш стабільнай у краіне выглядае амерыканская валюта.

За ІІ квартал 2022 года ў Беларусі вырас сярэдні памер укладаў як у нацыянальнай, так і ў замежных валютах. «Наша Ніва» разбіралася, на якія адсоткавыя стаўкі могуць спадзявацца ўкладчыкі, а таксама ў якой валюце лепш адкрываць уклад, каб рызыкі былі мінімальныя.

Пачнем з таго, што банкаўскія ўклады, незалежна ад валюты, дзеляцца на адклікальныя і безадклікальныя. Найбольш выгаднымі з гледзішча адсоткавай стаўкі з'яўляюцца безадклікальныя ўклады. Расплата за павялічаны адсотак – больш высокія рызыкі праз немагчымасць забраць грошы раней за названы тэрмін.

Што са стаўкамі?

Калі гаварыць пра адклікальныя ўклады, то можна спадзявацца на блізу 2% гадавых у валюце. У рублёвых укладах стаўка блізу 10%, калі размова ідзе пра кароткатэрміновыя праграмы (да 6 месяцаў).

Значна большыя стаўкі ў безадклікальных укладах. Так, напрыклад, у Беларусбанку можна адкрыць кароткатэрміновы безадклікальны ўклад у далярах тэрмінам на тры месяцы пад 5 адсоткаў, або пад 4,3 адсотка ў еўрах. Калі разглядаць доўгатэрміновыя ўклады (2-3 гады), то стаўкі ў далярах вырастаюць да 7%. Тым не менш з улікам цяперашняй сітуацыі эксперты не раяць укладваць ашчаджэнні ў доўгатэрміновыя праграмы.

Экспертка BEROC Настасся Лузгіна адзначае, што цяпер стала больш рызык, чым гэта было ў пачатку года. Але і стаўкі ва ўкладах значна вышэйшыя, чым былі ў канцы мінулага – пачатку гэтага года.

«Мы жывем у нестабільны час, таму цяпер сапраўды ёсць падвышаныя рызыкі патрапіць у сітуацыю, калі банкі ўводзяць абмежаванні на зняцце валюты. Гэта не азначае, што вам не вернуць грошы ці яны зусім некуды знікнуць, проста трэба быць гатовымі, што працэс вяртання можа задоўжыцца ў часе. З такімі цяжкасцямі фундатары ўжо сутыкаліся ў сакавіку гэтага года. Банкі адчулі, што ідзе рэзкі адток валюты, і ўвялі абмежаванні. Тым не менш у нас дзяржава гарантуе 100% вяртання ўкладаў і гэтыя гарантыі працуюць», – кажа эканамістка.

Што тычыцца выбару паміж адклікальнымі і безадклікальнымі ўкладамі, то Лузгіна раіць прыглядацца да кароткатэрміновых безадклікальных укладаў.

«Лепш за ўсё разглядаць варыянты тэрмінам на 3-4 месяцы. Гэта даволі кароткі перыяд, але ў той самы час адсоткавыя стаўкі ў безадклікальных укладах у некалькі разоў вышэйшыя, чым у выпадку з адклікальнымі».

З улікам сітуацыі адкрываць безадклікальныя ўклады на больш доўгія тэрміны эканамістка не рэкамендуе. І нагадвае, што калі гаворка ідзе пра безадклікальны ўклад, то чалавек павінен разумець, што цягам пэўнага перыяду яму дакладна не спатрэбяцца гэтыя сродкі.

Найбольш стабільнай выглядае амерыканская валюта

Што тычыцца выбару валюты ўкладу, то экспертка раіць пры магчымасці дыверсіфікаваць свае ашчаджэнні.

«Калі ў вас ужо ёсць ашчаджэнні ў розных валютах, то можна адкрыць некалькі ўкладаў. У той самы час, калі ў вас, напрыклад, ёсць еўры, а вы хочаце памяняць іх на даляры ці наадварот, каб пакласці грошы пад найболей выгодны адсотак, то рабіць гэтага сапраўды не варта. Розніца ў адсотках ставак паміж гэтымі валютамі адназначна будзе меншая, чым тыя страты, якія вы панесяце, прайшоўшы праз падвойнае канвертаванне. Калі ж вашыя ашчаджэнні захоўваюцца ў нацыянальнай валюце, то можна мяняць іх на даляры ці еўры.

На гэтым этапе найболей стабільна выглядае амерыканская валюта, але выбар паміж валютамі трэба рабіць з разліку таго, што вы потым збіраецеся рабіць з гэтымі ашчаджэнні.

Калі вы мяняеце рублі на даляры, а потым плануеце адправіцца на гэтыя грошы ў адпачынак у Еўропу ці, напрыклад, захочаце там набыць аўтамабіль, то больш лагічна адразу мяняць рублі на еўры», – мяркуе экспертка.

Што рабіць з рублямі?

Нацыянальная валюта хоць і выглядае даволі стабільна, дэвальвацыйныя рызыкі па-ранейшаму застаюцца высокімі.

«Стаўкі на безадклікальныя ўклады ў рублях значна вышэйшыя, чым у валюце, але тут трэба браць да ўвагі як высокую інфляцыю ўнутры краіны, так і дэвальвацыйныя рызыкі. На гэты момант рубель трымаецца даволі ўпэўнена, але гэта не значыць, што праз тры месяцы яго курс не зменіцца так, што першапачаткова высокі адсотак ва ўкладах страціць сэнс. У той самы час, калі рубель за перыяд дзеяння ўкладу захавае свае пазіцыі, то такое ўкладанне будзе выгадным, але прагназаваць, што ў выніку прынясе вам уклад у рублях, – немагчыма», – мяркуе Настасся Лузгіна.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».