19 красавiка 2024, Пятніца, 21:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка ўсё глыбей залазіць у пастку

10
Лукашэнка ўсё глыбей залазіць у пастку
Фота: Getty Images

Расейская крэдытная пятля зацягнецца яшчэ тужэй.

Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі ў артыкуле для тэлеграм-канала "Позірк" аналізуе пастанову беларускіх уладаў стварыць сваю "партовую магутнасць" на паўночным захадзе Расеі:

– План ахутаны таямніцай: прэм'ер Раман Галоўчанка не стаў паведамляць дзяржаўнай прэсе, у якім порце, у якія тэрміны і за якія грошы будзе рэалізаваная гэтая задума.

Нараду "ў стварэнні партовых магутнасцяў для экспарту беларускай прадукцыі" правёў 11 жніўня Лукашэнка. Ён дэ-факта прызнаў вялікія праблемы з лагістыкай экспарту, сярод іншага – калійных угнаенняў. Лукашэнка падкрэсліў, што "слабым звяном у ланцужку паставак з'яўляецца партовая інфраструктура і яе даступнасць".

Іншымі словамі, Менск расхлёбвае наступствы заходніх санкцыяў, уведзеных за жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, а таксама за суўдзел у агрэсіі супраць Украіны.

Калі канкрэтна, то Літва ў межах гэтых санкцыяў адмовіла ў перавалцы калію праз свой порт у Клайпедзе.

Пра прычыны санкцый беларускія ўлады маўчаць. Іх прапагандысцкія мантры не тлумачаць, аднак, чаму тады тыя ж літоўцы, напрыклад, шмат гадоў ахвотна супрацоўнічалі, з выгадай перавальваючы ўгнаенні праз Клайпеду. Далі "Беларуськалію" магчымасць стаць уласнікам 30% акцый тамтэйшага тэрмінала сыпкіх грузаў. Няўжо толькі дзеля таго, каб цяпер падступна накласці лапу на гэтую ўласнасць?

Што з ёй адбылося, толкам пакуль незразумела. Паводле версіі Лукашэнкі, літоўцы яе "фактычна забралі". Або, як выказаўся Галоўчанка, "адціснулі". Але досвед паказвае, што гучныя заявы беларускіх уладаў трэба яшчэ добра пераправяраць.

Факт такі, што прэм'ер атрымаў указанне ўжыць контрзахады.

"Уся ўласнасць і юрыдычных, і фізічных асобаў несяброўскіх дзяржаваў Рэспубліцы Беларусь вядомая, яна падлічаная", – празрыста намякнуў Галоўчанка.

Прасцей гаворачы, могуць пачаць адбіраць актывы ў замежных капіталістаў, якія мелі неасцярожнасць укласціся ў Беларусь. Чым уб'юць новыя цвікі ў накрыўку труны інвестыцыйнага клімату.

Гэтая спіраль канфрантацыі з суседнімі краінамі Еўразвязу, роўна як і з Украінай, якая да вайны таксама давала Менску зручныя транзітныя маршруты, выглядае абсалютна бесперспектыўнай. У Захаду значна больш магчымасцяў прыціснуць пальцы беларускім уладам, чым наадварот.

Расейская крэдытная пятля зацягнецца яшчэ тужэй

Галоўчанка нагнаў туману, адмовіўшыся тлумачыць дзяржаўным СМІ канкрэтыку стварэння гэтай беларускай "партовай магутнасці": "Давайце мы закрыем угоду і пасля гэтага ўжо раскрыем усе карты, дзе будзе гэты пункт".

Магчыма, аднак, што гэта сакрэт палішынеля. 25 чэрвеня афіцыйныя крыніцы паведамілі, што Лукашэнка "азнаёміўся з ходам будаўніцтва беларускага порта ў Бронцы" на ўскраіне Санкт-Пецярбурга.

Застаецца пакуль варажыць і наконт таго, адкуль Менск возьме грошы на свой порт ці нават парты.

У верасні 2020 года Лукашэнка, сустракаючыся з губернатарам Ленінградскай вобласці, паведаміў, што прапанаваў Уладзіміру Пуціну скааперавацца і пабудаваць у гэтай вобласці "свой прычал, скажам так, свой порт".

Пра лёс гэтай прапановы нічога не вядома. Але, хутчэй за ўсё, без расейскіх грошай Менск не абыдзецца. А гэта будзе азначаць, што пагоршыцца яшчэ і крэдытная залежнасць ад Масквы.

Беларускаму ж кіраўніцтву не застаецца нічога іншага, акрамя як рабіць добрую міну пры дрэннай гульні.

"Галоўнае, чаго мы хочам дамагчыся, – дыверсіфікацыі. Гэта значыць не складаць усё ў адзін пункт, як у нас атрымалася з прыбалтыйскімі партамі", – заяўляе Галоўчанка. За дыверсіфікацыю ён выдае тое, што "Беларусь цяпер супрацоўнічае з дзевяццю расейскімі партамі на розных морах".

На розных морах – гэта, вядома, моцны аргумент. Але соль у тым, што ўсе гэтыя парты належаць адной дзяржаве. Якая і ў лепшыя для беларускага рэжыму часы не раз выкарыстоўвала яго залежнасць у розных сферах, асабліва ў энэргетычнай, каб націснуць у палітычным сэнсе, схіліць да так званага паглыблення інтэграцыі. Дастаткова прыгадаць нафтавыя і газавыя войны.

Калі хто забыўся, то нагадаю: апошняя ў ліку нафтавая вайна вылілася ў пачатку 2020-га. Масква перакрыла вентыль у адплату за тое, што Лукашэнка не падпісаў дарожныя карты "паглыблення інтэграцыі", і НПЗ у Мазыры і Наваполацку ўміг апынуліся на падсмоктванні.

Беларускі кіраўнік тады не выбіраў выразаў, выкрываючы "імперскія замашкі" Крамля.

Але прырода рэжыму, несуцішная смага ўлады ўзялі сваё. У жніўні 2020-га Лукашэнка, не жадаючы саступаць патрабаванням паўсталых беларусаў, звярнуўся да Пуціна па падтрымку ў задушэнні пратэстаў. Крэмль напоўніцу выкарыстаў гэта для далейшага закабалення краіны.

Чарговым крокам гэтай імперскай палітыкі стала выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для нападу на Украіну.

Тым самым Лукашэнку «дапамаглі» канчаткова спаліць масты ў стасунках з Захадам, адрэзаць магчымасці сапраўднай дыверсіфікацыі знешняга гандлю і палітыкі.

І цяпер вось, воляй-няволяй залазячы ўсё глыбей у расейскую пастку (ужо і ў транзітнай лініі), дзеячы рэжыму спрабуюць запэўніць, што ўсё о’кей. Гэта ж мы, маўляў, пашыраем дыверсіфікацыю. Ага, за кошт дзевяці партоў адной імперыі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках