27 лiстапада 2022, Нядзеля, 2:13
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі паляўнічым больш не будуць плаціць за адстрэл дзікоў

13
У Беларусі паляўнічым больш не будуць плаціць за адстрэл дзікоў

Затое дазволяць забіраць мяса сабе.

У Беларусі мяняюцца правілы палявання на дзіка: за здабычу жывёлы паляўнічым больш не будуць даплачваць, затое тушу можна будзе забраць сабе. Адпаведная пастанова апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўваходзіць у дзеянне з 1 кастрычніка, разам з пачаткам сэзона палявання на дзікоў.

Змяніць правілы палявання на дзікоў яшчэ ў чэрвені прапаноўваў старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч. Паводле ягоных слоў, захады супраць афрыканскай чумы свіней, прапанаваныя дзевяць гадоў таму, даўно сябе вычарпалі і не даюць эфэкту. Гаворка ідзе аб тым, што паляўнічым даплачвалі за адстрэл дзікоў, а потым егеры адпраўлялі тушы жывёлін у хлёрныя яміны для пахавання.

Шуневіч жа высунуў ідэю не закопваць забітых дзікоў у зямлю (бо гэта неэфектыўна і дорага для дзяржавы), а "дазволіць паляўнічым здабываць і выкарыстоўваць мяса ў асабістых мэтах, купляючы ў дзяржавы за мінімальную цану".

Цяпер ініцыятыва аформленая заканадаўча: у новай рэдакцыі Парадку словы "пахаванне і (або) знішчэнне" замененыя на "выкарыстанне". Пры гэтым за дазвол папаляваць на маладняк дзікоў трэба будзе заплаціць адну базавую адзінку, на дарослых асобін - дзве. Пасля абавязковага ветэрынарнага кантролю мяса можна будзе забраць сабе, аднак яго вываз за межы Беларусі забаронены.

Загоннае паляванне на дзікоў будзе дазволенае з 1 кастрычніка да 31 студзеня. Паляваць можна будзе ў кожны дзень тыдня, абмежаванняў што да адстрэлу няма.

Афрыканская чума свіней - невылечнае і віруснае захворванне, якое імкліва распаўсюджваецца, і пераносяць яго ў тым ліку дзікі. Для людзей АЧС бяспечная, а свіння можа памерці ад яе за два дні. Вялікі выбух чумы свіней адбыўся ў Беларусі ў 2013 годзе: тады эпідэмія за год выкасіла ў краіне амаль 500 тысяч пагалоўя.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».