18 красавiка 2024, Чацвер, 20:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Літвы накіравала Беларусі ноту пратэсту праз закрыццё літоўскай школы

4
МЗС Літвы накіравала Беларусі ноту пратэсту праз закрыццё літоўскай школы

Школа ў Пелясе дзейнічала з 1992 года.

Міністэрства замежных справаў Літвы ў пятніцу выказала пратэст у сувязі з прыпыненнем дзейнасці літоўскай школы ў Беларусі. Пра гэта паведамляе прэс-служба ўстановы.

Міністэрства паказвае, што накіравала ў амбасаду Беларусі ў Вільні афіцыйную ноту, у якой выяўляецца «пратэст супраць дзеянняў беларускіх уладаў, накіраваных на закрыццё літоўскай сярэдняй школы ў Пелясе, якая ўтрымліваецца на грошы літоўскіх уладаў літоўскай дзяржавай».

«Гэтыя дзеянні з'яўляюцца прадаўжэннем мэтанакіраванай дзейнасці беларускіх уладаў у ліквідацыі літоўскай адукацыі ў Беларусі і парушаюць двухбаковыя пагадненні паміж Літвой і Беларуссю, а таксама міжнародныя канвенцыі, якія вызначаюць права прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў на навучанне на роднай мове», – зазначае МЗС.

Як паведамляе DELFI са спасылкай на Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літвы, раней пры аглядзе школы недахопаў не знаходзілі.

«Нам вядома, што ўчора супрацоўнікі пажарнай інспекцыі наведалі і зафіксавалі магчымыя парушэнні ў сярэдняй школе Пелясы. Унесеная прапанова прыпыніць дзейнасць школы да ўхілення выяўленых недахопаў. Звяртаем увагу, што падчас папярэдніх наведванняў службовыя асобы такіх недахопаў не выявілі», – заявілі ва ўстанове.

Нагадаем, 12 жніўня стала вядома, што паводле вынікаў «праверкі МНС» Пяляскую сярэднюю школу зачыняюць.

Адзначым, што ў сюжэце тэлеканала СТВ, прысвечанага закрыццю школы, не хавалі стаўлення да такой пастановы.

«Пяляская сярэдняя школа поўнасцю фінансуецца ўрадам Літвы. Тут беларускія дзеці навучаліся на літоўскай мове, а заадно ўсмоктвалі замежныя павевы. Слова "Сяброўства" такімі вялікімі літарамі на ўваходзе ў школу сёння як пасмешка. Літва яшчэ да санкцый першай пачала ўстаўляць палкі ў колы айчыннай эканомікі, там здымаюць і спальваюць нашы дзяржаўныя сцягі, а беларускі санаторый у Друскінінкаі паўгода штарміла. Ды і цяпер нашы дзеці не могуць патрапіць туды на аздараўленне – Літва не дае візы, пляваць ім на дзяцей. Тады чаму беларускія школьнікі ў сябе на радзіме павінны вучыцца ў літоўскай школе, ды яшчэ і не ў бяспечнай?» – заявілі ў эфіры тэлеканала.

З закрыццём школы ў Пелясе ў Беларусі засталася толькі адна літоўская школа – у Рымдзюнах.

Школа ў Пелясе была першай літавамоўнай у Беларусі, яна адчынілася ў 1992 годзе, у апошні год там вучылася больш за 120 дзяцей, у штаце – 23 педагогі, 11 – грамадзяне Літвы. Гэта прыватная ўстанова адукацыі, з моманту адкрыцця і да гэтага часу школу фінансуе Міністэрства адукацыі Літвы. У красавіку, калі стала вядома пра спыненне навучання на літоўскай мове, установа прыгразіла спыніць вылучаць сродкі на школу, калі пастанова не будзе скасаваная.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках