20 красавiка 2024, Субота, 12:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пастка пад Херсонам: 20-тысячнае войска РФ пачынае галадаць

54
Пастка пад Херсонам: 20-тысячнае войска РФ пачынае галадаць

Варожую групоўку на правым беразе Дняпра адрэзалі ад забеспячэння.

Пасля прыцэльных удараў Узброеных сілаў Украіны па ўсіх мастах, якія злучаюць правы і левы бераг Херсоншчыны, расейскія акупанты на правабярэжжы засталіся без падмацавання. Яны не могуць атрымліваць ні харчы, ні ўзбраенне, ні свежую жывую сілу.

Удары па мастах разам з сістэматычным знішчэннем складоў і запасаў акупантаў як у тыле, так і на перадавой і з'яўляюцца пачаткам першага этапу вызвалення Херсоншчыны. Пра гэта ў эфіры агульнанацыянальнага тэлемарафону заявіў херсонскі палітык Сяргей Хлань.

Ён нагадаў, што правабярэжжа і левабярэжжа Херсона злучаюць тры пераправы: Антонаўскі чыгуначны і Антонаўскі аўтамабільны масты, а таксама мост на дамбе Кахоўскай ГЭС. Калі ўсе тры былі пашкоджаныя ўкраінскай артылерыяй, акупанты перакідвалі тэхніку, узбраенне і харчаванне па рэзервовым мосце на Кахоўскай ГЭС. На днях УСУ вывелі з ладу і яго. Цяпер акупанты на правабярэжжы Херсоншчыны апынуліся ў вельмі складанай сітуацыі.

«Цяпер ужо немагчыма перакідваць ні цяжкую тэхніку, ні ўзбраенне, ні нават харчаванне з левага берагу, а адпаведна з Крыма і РФ бліжэй да лініі фронту, для таго каб падмацоўваць якраз лінію фронту акупантаў з боку якраз Херсона. УСУ зрабілі немагчымымі для іх пастаўкі ўзбраення», – адзначыў Хлань.

Ён нагадаў, што незадоўга да дакладных удараў УСУ па мастах акупанты пышыліся, што перакінулі на правы бераг Херсоншчыны значную колькасць батальённых тактычных групаў і сфармавалі вялікую групоўку жывой сілы з больш як 20 тысячаў акупантаў. Цяпер жа захопнікі апынуліся перад дылемай: чым карміць гэтую прорву.

«Адразанне шляхоў забеспячэння зброі і ўзбраення робіць іх небаяздольнымі, гэта раз. А па-другое, гэтую вялікую колькасць людзей трэба карміць. Нават тыя заўвагі, што Херсоншчына пракорміць, трэба разумець, што ўсё ж такі 20 тысячаў чалавек – гэта вельмі шмат – і пракарміць іх гароднінай, за кошт якой летам выжываюць людзі ў акупацыі, – нерэальна. Само забеспячэнне харчаваннем – гэта адзін з вельмі важкіх элементаў баяздольнасці арміі. Сухія пайкі, харчаванне сёння расейскае войска не можа атрымліваць. А гэта аслабляе баявы дух акупантаў, якога і так няма», – падкрэсліў Хлань.

Акрамя таго, захопнікі на правабярэжжы Херсона цяпер не могуць спадзявацца нават на мінімальнае падмацаванне.

«Вораг на сёння на правабярэжжы ўжо знаходзіцца без магчымасці падмацавання. І тое, што робіць наша авіяцыя і УС, нішчачы палявыя склады і запасы, якія ёсць у акупанта на правабярэжжы, калі арта знішчае тылавыя запасы, а франтавая авіяцыя – усё ў комплексе, гэта ўжо і ёсць фактычна пералом ваенных дзеянняў на поўдні Украіны. Гэта і ёсць фактычна пачатак дэакупацыі Херсоншчыны», – падкрэсліў палітык.

Нагадаем, у выведцы Брытаніі расказалі пра наступствы ўдараў УСУ па мастах у Херсонскай вобласці. Як і Хлань, брытанскія выведнікі канстатуюць, што агнявы кантроль Узброеных сілаў Украіны над мастамі ў часова акупаванай Херсонскай вобласці не дазваляе расейскім войскам істотна папаўняць рэзервы. Нават у выпадку рамонту масты застануцца для ворага ключавым уразлівым месцам.

12 жніўня УСУ разбілі апошні мост у Херсонскай вобласці, пазбавіўшы акупантаў магчымасці перакідваць тэхніку.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках