28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марына Адамовіч: Веру, што Мікола цвёрда трымаецца сваіх перакананняў і хутка ўсё будзе добра

2
Марына Адамовіч: Веру, што Мікола цвёрда трымаецца сваіх перакананняў і хутка ўсё будзе добра

Лідару апазіцыі Мікалаю Статкевічу споўнілася 66 гадоў.

Аднаму з лідараў апазіцыі, палітзняволенаму Мікалаю Статкевічу споўнілася 66 гадоў.

На жаль, шмат з іх ён правёў за кратамі праз пераслед уладаў. І зараз, па справе «аб арганізацыі масавых беспарадкаў» пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, на закрытым судзе ён быў пакараны 14 гадамі зняволення.

У размове з «Радыё Рацыя» жонка палітыка Марына Адамовіч павіншавала мужа і пажадала яму і народу Беларусі волі:

- Сапраўды, Мікалай больш за 9 год агулам правёў за кратамі. Я лічу не толькі турмы, але і шматлікія суткі, хоць гэта вельмі прыблізна. І зараз ён чарговы раз сустракае дзень народзінаў за кратамі. Гэтым разам – у Глыбоцкай калоніі асаблівага рэжыму.

І з улікам таго, што я не маю абсалютна ніякай інфармацыі ад яго, верагодна, што ён усё яшчэ знаходзіцца ў ШІЗА. Але я не сумняваюся ў тым, што Мікалай трымаецца. Што ён цвёрда трымаецца сваіх перакананняў і вельмі веру, што хутка ўсё будзе добра.

- Калі вы апошні раз сустракаліся з ім?

- Апошні раз сустракаліся пасля ўступлення так званага прысуду ў сілу – гэта было ў сярэдзіне чэрвеня, яшчэ да этапу ў Глыбокае ў Гомельскім СІЗА.

- Два гады таму, калі рыхтаваліся да выбараў, ці меркавалі, што ўлада можа пайсці на такія неверагодныя рэпрэсіі?

- Безумоўна, ніякіх ілюзій не было. Мы не чакалі хуткай перамогі, нават у самых смелых і аптымістычных прагнозах менш чым на два гады ўпартага змагання ніхто не разлічваў. Гэта быў самы аптымістычны наш прагноз. Што “любимую не отдают” дэкларавалася цягам доўгіх гадоў, і смешна было б думаць, што яны лёгка пагодзяцца на дэмакратызацыю.

- Але тады было дастаткова шмат аптымізму. А зараз дэпрэсія.

- Але ў гэтай дэпрэсіі мажліва нават больш аптымізму, чым для мяне было ў 2020. У 2020 годзе было вельмі прыгожа і вельмі натхняльна. Але тое, што мірнымі маршамі, якія праходзілі толькі па выходных, можна зрынуць гэтую ўладу, тым больш, калі ініцыятыва была страчана, было б вельмі наіўна. Прынамсі, я на гэта не разлічвала.

Але тое, што народ прачнуўся, гэты прыгожы, цудоўны народ, гэта сапраўды нікуды не дзелася. Для нас гэта была ярчэйшая ілюстрацыя таго, што мы паўтаралі доўгія змрочныя гады: калі з’явіцца надзея, вы не пазнаеце беларусаў.

Я думаю, тое, чаго трэба пажадаць, незалежна ад дня народзінаў, усёй нашай краіне, не толькі Мікалаю, – гэта волі. Гэта тое, з чым мы прачынаемся, тое, з чым мы кладземся спаць, тое, на што мы ўсе спадзяемся.

І Мікалаю найперш як і ўсім тым мужным людзям, якія зараз знаходзяцца ў двайной няволі, бо яны яшчэ і за кратамі. І хацелася б пажадаць, каб нашае грамадства, грамадзянская супольнасць не забывалася пра тых, хто ахвяруе за нашу і вашу свабоду.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках