5 кастрычнiка 2022, Серада, 15:13
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Якія кватэры прадаюцца ў легендарных дамах у цэнтры Менска

23
Якія кватэры прадаюцца ў легендарных дамах у цэнтры Менска

У адным з іх жылі Уладзімір Караткевіч, Іван Мележ, Іван Шамякін ды іншыя беларускія пісьменнікі.

Сайт Realt паглядзеў, якія кватэры прадаюцца ў вядомых дамах у цэнтры Менска. Дом Чыжа, Брама Менска, дом з надпісам (а дакладней яго часткай) «Подзвіг народа несмяротны» і з зорачкай – пісьменніцкі дом з уваходам у метро. Журналісты сабралі варыянты з добрым рамонтам.

Брама Менска, Кірава, 1

Тэатр – з вешалкі, мы – з вакзала. А дакладней з Брамы Менска, якую бачаць усе, прыязджаючы на вакзал. Кватэраў у дамах-вежах прадаецца нямала. Можна набыць двухпакаёвую кватэру за 85 тысячаў даляраў, што для такога размяшчэння даволі бюджэтна. Але гэта са старым рамонтам. Мы ж падрабязней раскажам пра варыянт даражэйшы – чатырохпакаёвая кватэра з добрым рамонтам.

Гэта другі паверх чатырохпавярховай сталінкі. У аб'яве напісана, што кватэра займае ўвесь паверх, а значыць, у жыхароў будзе мінімум суседзяў. Сам дом цагляны, 1951 года пабудовы, у 2012 годзе быў капрамонт – рэканструявалі фасады будынка.

У чатырохпакаёвай кватэры 98 квадратных метраў агульнай плошчы, 77 з якіх жылыя.

Ёсць гасцёўня, тры спальні і пральня. Санвузел у кватэры асобны, гаўбца няма. На падлозе ламінат, а столі трохметровыя.

Кошт кватэры – 199 900 даляраў.

«Подзвіг народа», Незалежнасці, 37

Дом ля станцыі метро «Плошча Перамогі», на даху якога частка вядомага «Подзвіг народа несмяротны». Гэта сталінка 1946 года пабудовы з трохметровымі столямі.

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на 1 паверсе, дом пяціпавярховы. 72 «квадраты» агульнай плошчы, 45 з якіх жылыя. Кухня амаль 10 квадратных метраў.

У кватэры асобны санвузел. Мяркуючы з фатаграфіяў, усталяваны бойлер. Гаўбца няма. На падлозе ляжыць паркет, устаноўленыя шклопакеты. Уласнік пакідае ўбудаваную мэблю – кухню і шафы.

Кошт кватэры – 199 тысячаў даляраў.

Дом з кінатэатрам «Цэнтральны», Незалежнасці, 13

Пяціпавярховая сталінка ў самым цэнтры горада, на праспекце Незалежнасці побач з Галоўпаштамтам. На першым паверсе знаходзіцца ювелірная крама «Чараўніца» і кінатэатр «Цэнтральны».

Двухпакаёвая кватэра – на чацвёртым паверсе. Вокны выходзяць на праспект, ёсць незашклёны гаўбец.

Санвузел сумешчаны, ёсць бідэ, нямецкая сантэхніка, плітка керамаграніт, падлога з падагрэвам. У кватэры застаецца ўся мэбля і побытавая тэхніка.

Кошт кватэры – 103 тысячы даляраў.

«Дом Чыжа», Старажоўская, 6

Афіцыйная назва – «Дом ля Траецкага», але народная больш звыклая. Кошты кватэраў у доме на Старажоўскай вылучаюцца нават на фоне кошту сталінак у цэнтры Менска. Напрыклад, за некаторыя кватэры без аздаблення тут давядзецца аддаць больш за 800 тысячаў даляраў. За гэтыя грошы пакупнік атрымае 4 пакоі на 300 з лішнім квадратаў, 3 санвузлы, ніякіх суседзяў на паверсе і трохметровыя столі.

Але можна ў гэтым жа доме знайсці варыянты і больш бюджэтныя. Напрыклад, аднапакаёвая кватэра на 50 квадратных метраў, 30 з якіх жылыя.

Кватэра знаходзіцца на 3 паверсе. З дызайнерскім рамонтам і мэбляй. У кватэры сумешчаны санвузел, ёсць зашклёная лоджыя.

– Праведзены інтэрнэт, спадарожнікавая тэлевізія, кандыцыянаванне, вялікая ТВ-панэль у спальні і ў гасцёўні, індывідуальны сейф, – удакладняецца ў аб'яве.

Кошт кватэры – 207–948 даляраў.

Пісьменніцкі дом з уваходам у метро, Маркса, 36

У гэтым доме жылі Уладзімір Караткевіч, Іван Мележ, Іван Шамякін ды іншыя вядомыя беларускія пісьменнікі. Акрамя гэтага, ён цікавы тым, што ўваход на станцыю метро «Купалаўская» знаходзіцца проста ў доме.

Тут можна набыць трохпакаёвую кватэру на чацвёртым паверсе. Дом цагляны, 1953 года пабудовы, летась быў капрамонт. Як і ў астатніх варыянтах з падборкі, у кватэры трохметровыя столі. У кватэры два гаўбцы, сумешчаны санвузел з ваннай і душавой, дзве гардэробныя і пральная з пральнай і сушыльнай машынамі.

На падлозе ляжыць натуральная паркетная дошка Bauwek, устаноўленыя двухкамерныя драўляныя шклопакеты, падлогі з падагрэвам.

Кошт кватэры – 277 тысячаў даляраў.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».