29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка баіцца святароў

30
Лукашэнка баіцца святароў

Супраць дыктатара настроеныя ўсе канфесіі.

У Беларусі працягваецца пераслед вернікаў і святароў, якія выступаюць з крытыкай дзеяння афіцыйнага рэжыму. Пры гэтым, як кажуць экспэрты, з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі ва Украіне ў беларускіх сілавікоў з'явіліся новыя падставы для пераследу, паведамляе "Белсат".

9 жніўня, у гадавіну пачатку беларускіх пратэстаў, стала вядома аб новых рэпрэсіях у дачыненні да беларускіх святароў і рэлігійных суполак. Так, ксёндз Аляксандр Баран з вёскі Лынтупы (Пастаўскі раён) зноў быў затрыманы. Яму далі 17 содняў арышту паводле артыкула 24.23 КаАП. Святара ўжо затрымлівалі 25 сакавіка. Тады яму прысудзілі 10 содняў паводле двух артыкулаў КоАП: паводле 24.23 – за беларускі нацыянальны і ўкраінскі сцягі на аватарцы, а таксама паводле 19.11 – за падабайкі і каментары пад публікацыямі «экстрэмісцкіх» старонак.

Таксама з’явілася інфармацыя, што Менгарвыканкам пагражае пазбавіць рэгістрацыі пратэстанцкую царкву «Новае жыццё», якую пазбавілі будынка яшчэ ў лютым 2021 года. Нягледзячы на гэта, вернікі працягвалі ўвесь гэты час маліцца па нядзелях на стаянцы каля царквы. У гэтым чыноўнікі ўбачылі парушэнне заканадаўства.

У цэлым жа колькасць святароў, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі з боку ўладаў, сёлета значна большая. Статыстыку гэтых пераследаў вядзе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».

Штрафы і содні

28 лютага падчас антываеннай акцыі супраць расейскага ўварвання ва Украіну, якая праходзіла каля чыгуначнага вакзала ў Менску, быў затрыманы святар Міхаіл Маруга. За букет кветак у руках яму прысудзілі 13 содняў за кратамі.

3 сакавіка праваслаўныя маці запрасілі вернікаў прыходзіць у Менскі катэдральны сабор на вячэрнюю службу, каб разам памаліцца за Украіну і за сваіх сыноў, каб ім не прыйшлося ехаць ваяваць на баку Расеі. У прызначаны час сабор і прылеглая да яго тэрыторыя былі ачэпленыя сілавікамі ў цывільным і спецтранспартам. Усіх, хто ўваходзіў на службу, здымалі на камеру, а пасля службы чатырох жанчын затрымалі і даставілі ў РУУС, нягледзячы на пратэсты святара. Журналістку «Новага Часу» Дзіяну Серадзюк і ейнага мужа Яўгена Батуру ў той дзень таксама затрымалі каля царквы, прысудзіўшы абодвум 15 содняў.

У сакавіку ксяндзу Анджэю Бульчаку з Паставаў, грамадзяніну Польшчы, які 14 гадоў служыў у нашай краіне, прыйшлося спешна выехаць з Беларусі. Як высветлілася, у дачыненні да яго завялі адміністрацыйны працэс за ролік на Youtube супраць вайны з Украінай. Тым не менш, святара завочна прысудзілі 13 траўня да штрафу ў 960 рублёў.

25 сакавіка ў Віцебску быў затрыманы грэка-каталіцкі святар Васіль Ягораў за налепку на яго аўто «Украіна, даруй». Ён правёў тры дні ў СІЗА, а затым быў прысуджаны яшчэ да 1600 рублёў штрафу.

18 красавіка быў затрыманы, а 12 траўня аштрафаваны на 640 рублёў ксёндз з Горак Андрэй Кеўліч, пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай. На яго склалі адміністрацыйны пратакол па ч.2. 19.11 КоАП за рэпосты са старонак «Белсату» і «Радыё Свабода». Абодва рэпосты датычыліся расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны.

30 красавіка ксяндза з вёскі Слупкі Ігара Лашука прысудзілі да штрафу ў 960 рублёў – таксама за рэпосты «Белсата» і «Радыё Свабода». У пачатку сакавіка ксёндз ажыццявіў паломніцтва з фігурай Арханёла Міхаіла ўздоўж мяжы з Украінай.

5 ліпеня былі затрыманыя пастар Філіп Іваноў і ягоная жонка Лідзія, служыцелі менскай пратэстанцкай царквы «Новы Запавет». Пастара пасля затрымання выпусцілі, а яго жонка была ўзятая пад варту па крымінальнай справе.

8 ліпеня за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Facebook, за рэпосты са старонак незалежных СМІ быў аштрафаваны на 640 рублёў ксёндз Яўген Учкуроніс, пробашч каталіцкай парафіі Святога Яна Паўла II у Смаргоні.

На 30 содняў агулам арыштаваны ксёндз Андрэй Вашчук, пробашч парафіі Святога Духа ў Віцебску, якога затрымалі 15 ліпеня. Першыя 15 содняў святар атрымаў паводле артыкула 24.23 КоАП за аватарку ў Facebook з бел-чырвона-белым сцягам. У матэрыялах справы таксама пазначаны і іншыя фотаздымкі ў яго галерэі, у тым ліку і са сцягам Украіны. Другі арышт яму прысудзілі паводле арт. 19. 11 КоАП за ўдзел у тэлеграм-чаце «free_vtb», які прызнаны ўладамі экстрэмісцкім. Пакуль святар знаходзіцца за кратамі, звязаныя з сілавікамі паблікі пачалі яго цкаванне: святара абвінавачваюць не толькі ў закліках да пратэстаў, але нават ва ўжыванні наркотыкаў.

21 ліпеня сілавікі затрымалі служыцеляў сталічнай царквы ХВЕ «Гефсіманія» Яўгена Барысіка і Максіма Стасілевіча. Яны атрымалі па 10 содняў арышту кожны: Максіма асудзілі паводле ч.2. 19.11 КоАП за перадрук сябрам навіны з «эктрэмісцкага» тэлеграм-канала, Яўгена – за тое, што ён нібыта крычаў, лаяўся і нецэнзурна лаяўся ў Маскоўскім РУУС. Пры гэтым у іх канфіскавалі буклеты з малітвай за Беларусь. Праз 10 содняў адпусцілі толькі Барысіка. Днямі стала вядома, што Стасілевіч узяты пад варту як абвінавачаны паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

У Гомлі ж 28 ліпеня аштрафавалі на 640 рублёў пастара царквы «Жывая вера» Дзмітрыя Падлобку. Яго прызналі вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў – правядзенні воднага хрышчэння ў басейне на ўласным участку.

З адным з самых сур’ёзных пераследаў сутыкаецца сям’я праваслаўнага святара Сергія Разановіча, настаяцеля храма святога архангела Міхаіла ў аграгарадку Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна. Яны з’яўляюцца фігурантамі ў «справе Аўтуховіча» – пра нібыта стварэнне тэрарыстычнай групоўкі, якая займалася падпалам аўтамабіляў і дамоў сілавікоў (арт.289 КК – «Акт тэрарызму»). Усе яны ўнесеныя ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. 18 траўня над Разановічамі і іншымі фігурантамі справы пачаўся суд.

Апытаныя «Белсатам» экспэрты адзначаюць, што распачатая Расеяй поўнамаштабная вайна з Украінай у лютым 2022 года, якую актыўна падтрымаў рэжым у Беларусі, стала новай падставай для рэпрэсій у рэлігійнай сферы.

«З 2020 года і да пачатку вайны рэжым ужо дастаткова жорстка «закруціў гайкі» ў рэлігійнай сферы, фактычна змяніўшы кіраўніцтва Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў на лаяльнае да сябе, прыбраўшы або прымусіўшы замаўчаць топавых іерархаў, некалькі актыўных у публічнай прасторы святароў вымушаныя былі збегчы з краіны. Пачатак вайны стаў для рэлігійнай супольнасці новым маральным трыгерам для пратэстаў, што, у сваю чаргу, выклікала новую хвалю рэпрэсій, падстаў да якіх стала больш – акрамя БЧБ «несанкцыянаваным пікетаваннем» і пазнакаю нелаяльнасці сталі і ўкраінскія сцягі», – заяўляе мадэратар суполкі «Хрысціянская візія» Наталля Васілевіч.

Нелаяльных больш, чым здаецца

Разам з тым, кажа Наталля Васілевіч, з’яўленне ў маніторынгу пераследаў усё новых імёнаў «сведчыць аб тым, што нават тыя, хто не «засвяціўся» ў пратэстах 2020 года або ў дэмакратычным руху, настроеныя нелаяльна ў дачыненні да рэжыму, і іх такая пазіцыя становіцца публічна агучанай дзякуючы дзеянням самога рэжыму».

На яе думку, «акрамя запалохванняў, такія рэпрэсіі падвышаюць не толькі градус незадаволенасці дзеяннямі ўладаў, але і бачнасць пратэстнага патэнцыялу рэлігійных супольнасцяў, а гэта значыць, у канчатковым выніку, працуюць на ўзмацненне гэтых супольнасцяў як магчымых пунктаў зборкі дэмакратычнага руху, як толькі сітуацыя дазволіць зноў дзейнічаць адкрыта і публічна».

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках