Рэфат Чубараў: Тысячы грамадзянаў РФ рушаць у бок моста праз Керчанскі праліў
16- 16.08.2022, 12:35
- 15,286
Дэтанацыя боепрыпасаў акупантаў у Джанкойскім раёне Крыма прадаўжаецца.
Грамадзяне Расеі масава бягуць з акупаванага Крыма пасля выбухаў боепрыпасаў у пасёлку Азоўскае Джанкойскага раёна.
Пра гэта ў Facebook паведаміў кіраўнік Меджліса крымска-татарскага народа Рэфат Чубараў.
"Тысячы грамадзянаў РФ ужо рушаць у бок моста праз Керчанскі праліў", – напісаў ён.
Чубараў таксама паведаміў, што дэтанацыя боепрыпасаў расейскіх акупантаў у Джанкойскім раёне ў Крыме прадаўжаецца, эвакуяваныя больш за дзве тысячы чалавек.
"Можаце ўявіць сабе, якой магутнасці склад боепрыпасаў быў закладзены расейскімі акупантамі ў фермах былога жывёлагадоўчага комплексу вёскі Майскае, які знаходзіцца паблізу пасёлка Qalay (Азоўскае) Джанкойскага раёна, калі ў выніку няспынных выбухаў ужо эвакуяваныя больш за дзве тысячы жыхароў", – адзначыў ён.
Пазней Чубараў дадаў, што акупантамі акружаная зона радыусам 5 кіламетраў ад эпіцэнтра выбухаў, адкуль эвакуюецца ўсё цывільнае насельніцтва.
"Дэтанацыя боепрыпасаў прадаўжаецца", – канстатаваў кіраўнік Меджліса.
Крамлёўскі стаўленік у Крыме Сяргей Аксёнаў напісаў у Telegram, што пасля выбухаў эвакуявалі блізу дзвюх тысячаў мясцовых жыхароў.
Раніцай у аўторак, 16 жніўня, узнік маштабны пажар у Джанкойскім раёне акупаванага Крыма. Жыхары чулі гучныя выбухі.
Як паведаміў кіраўнік Меджліса крымска-татарскага народа Рэфат Чубараў, гарыць расейская воінская часць у пасёлку Азоўскае. Было траплянне ў сховішча боепрыпасаў.