25 красавiка 2024, Чацвер, 14:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Эверэсце знайшлі сляды ДНК, якой там быць не павінна

4
На Эверэсце знайшлі сляды ДНК, якой там быць не павінна

Каму яна належала?

Група навукоўцаў пад кіраўніцтвам Таварыства аховы дзікай прыроды і Апалацкага дзяржаўнага ўніверсітэта выкарыстала экалагічную ДНК (eDNA), каб ацаніць біяразнастайнасць на самай высокай гары Зямлі - Эверэсце. Гэтая праца - частка экспедыцыі National Geographic і Rolex Perpetual Planet Everest Expedition 2019 года, самай усёабдымнай навуковай горнай экспедыцыі ў гісторыі, піша «Хайтек».

Біёлагі збіралі экалагічную ДНК з проб вады цягам месяца ў дзясяці сажалках і ручаях на вышыні ад 4500 м да 5500 м. Вывучыўшы 20 літраў вады, яны ідэнтыфікавалі арганізмы, якія належаць да 187 таксанамічных атрадаў, што адпавядае 16,3% (ці адной шостай) ад агульнай колькасці вядомых атрадаў на дрэве жыцця Зямлі.

Хоць даследаванне Эверэста было засяроджанае на ідэнтыфікацыі на ўзроўні атрада, каманда змагла ідэнтыфікаваць многія арганізмы на ўзроўні роду або віду.

Напрыклад, каманда даследчыкаў знайшла як калаўротак, так і ціхаходак, два малюсенькія жывёльныя арганізмы, якія, як вядома, сустракаюцца ў самых суровых і экстрэмальных умовах і ўважаюцца за адных з самых устойлівых жывёл планеты. Акрамя таго, яны ідэнтыфікавалі тыбецкага улара, які жыве ў нацыянальным парку Сагарматха. Таксама біёлагі выявілі эДНК, якой там быць не павінна - сляды хатняга сабакі і курыцы. Гэта наглядна паказвае, як дзейнасць чалавека ўплывае на ландшафт.

Экалагічная ДНК або эДНК - гэта ДНК, сабраная з розных узораў навакольнага асяроддзя, такіх як глеба, марская вада, снег ці нават паветра, а не пробы, узятыя непасрэдна ў асобнага арганізма. Калі розныя арганізмы ўзаемадзейнічаюць з навакольным асяроддзем, ДНК назапашваецца ў іх асяроддзі. Узоры эДНК збіраюць з дапамогай герметычнага картрыджа з фільтрам, што ўлоўлівае генетычны матэрыял, які затым аналізуюць у лабараторыі з выкарыстаннем метабаркадавання ДНК і іншых метадалогій секвенавання. Таварыства аховы дзікай прыроды выкарыстоўвае эДНК, каб выявіць рэдкія віды.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках