20 красавiка 2024, Субота, 6:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Washington Post раскрыла планы Пуціна ва Украіне

8
The Washington Post раскрыла планы Пуціна ва Украіне

Акупанты думалі захапіць Кіеў за тры-чатыры дні.

Дыктатар Уладзімір Пуцін планаваў захапіць большую частку Украіны, а прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага павінны былі адхіліць ад улады і забіць, «калі спатрэбіцца», піша The WP са спасылкай на крыніцы сярод высокапастаўленых чыноўнікаў ЗША, Украіны, Еўропы і NATO. Артыкул амерыканскага выдання прыводзіць «Новое время».

Выданне піша, што ў кастрычніку 2021 года кіраўнікі вышэйшых выведвальных службаў ЗША, вайскоўцы і дыпламаты сабраліся ў Белым доме для тэрміновай сустрэчы з прэзідэнтам Джо Байдэнам. Яны прыбылі з высокасакрэтнымі звесткамі выведкі, складзенымі на аснове атрыманых спадарожнікавых здымкаў, перахопленых гутарак і чалавечых крыніц, якія дэманстравалі планы Пуціна што да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

Яшчэ ў канцы лета 2021 дарадца ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван засяродзіўся на росце аб'ёму выведзвестак, звязаных з Расеяй і Украінай.

Са слоў афіцыйных асоб ЗША, амерыканская выведка пракралася ў шматлікія месцы палітычнага кіраўніцтва Расеі, шпіёнскага апарата і вайскоўцаў: ад вышэйшага кіраўніцтва да перадавой.

Выданне піша, што значна больш радыкальныя, чым у 2014 годзе вайсковыя планы Пуціна прадугледжвалі захоп большай часткі Украіны.

Паводле інфармацыі The Washington Post, у дыктатара быў надзвычай дзёрзкі план, які мог стварыць наўпроставую пагрозу для ўсходняга флангу NATO ці нават разбурыць архітэктуру бяспекі Еўропы пасля Другой сусветнай вайны.

«Мы ацэньваем, што яны (РФ – рэд) плануюць ажыццявіць значную стратэгічную атаку на Украіну ў некалькіх кірунках адначасова», – сказаў Байдэну старшыня камітэта начальнікаў штабоў ЗША Марк Мілі ў кастрычніку 2021 года.

Паводле інфармацыі выведкі ЗША, войскі РФ павінны былі наступаць з поўначы - з абодвух бакоў ад Кіева. Адны сілы планавалі рухацца на ўсход ад сталіцы праз Чарнігаў, у той час як іншыя - атачаць Кіеў з захаду, ідучы на поўдзень ад Беларусі праз частку паміж ЧАЭС і навакольнымі балотамі.

Расейцы пастанавілі наступаць зімой, каб цвёрдая зямля зрабіла мясцовасць лёгкапраходнай для танкаў. Акупанты планавалі захапіць Кіеў за тры-чатыры дні. Прынамсі, расейскі спецназ павінен быў зайсці ў сталіцу і ліквідаваць прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, забіўшы яго, «калі трэба». Пасля гэтага агрэсар планаваў устанавіць марыянеткавы ўрад, кантраляваны Крамлём.

Выданне піша, што асобна войскі РФ павінны былі ісці з усходу і прайсці праз цэнтр Украіны да ракі Дняпро, тады як войскі з Крыма захопяць паўднёва-ўсходняе ўзбярэжжа. На меркаванне акупантаў, усё гэта павінна было заняць некалькі тыдняў.

Пасля гэтага войскі РФ павінны былі перагрупавацца, пераўзброіцца і прасунуцца на захад, да лініі поўнач-поўдзень - ад Малдовы да заходняй Беларусі, пакінуўшы на захадзе рэшткі ўкраінскай дзяржавы - тэрыторыю, якая, паводле разлікаў Пуціна, была населеная «непапраўнымі нэанацысцкімі русафобамі».

Шэрагу чыноўнікаў у Белым доме было цяжка ўявіць маштаб амбіцый дыктатара.

«Здавалася, што гэта не тое, на што наважылася б разумная краіна», — пазней сказаў адзін з удзельнікаў сустрэчы ў Белым доме.

The Washington Post піша, што ў канцы лета, збіраючы звесткі выведкі з мяжы і з Масквы, аналітыкі, якія прысвяцілі сваю кар'еру даследаванню палітыкі Пуціна, усё больш пераконваліся ў тым, што дыктатар бачыць, што «акно магчымасцяў зачыняецца».

«Украінцы ўжо двойчы паўставалі, патрабуючы дэмакратычнай будучыні, вольнай ад карупцыі і ўмяшання Масквы, падчас Аранжавай рэвалюцыі 2004-2005 гадоў і пратэстаў на Майдане 2013-2014 гадоў, якія папярэднічалі анэксіі Крыма Расеяй», - гаворыцца ў артыкуле.

З іх слоў, Пуцін меркаваў, што адміністрацыя Байдэна была пакараная зневажальным вывадам войскаў ЗША з Афганістана і жадала пазбегнуць новых войнаў. Пуцін думаў, што ЗША і Еўропа ўсё яшчэ змагаюцца з пандэміяй, канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель пакідала сваю пасаду і перадавала ўладу неправеранаму пераемніку, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон сутыкнуўся з новымі выбарамі, а Вялікая Брытанія пакутавала ад эканамічнага спаду пасля Brexit.

«Вялікія часткі кантынента залежалі ад расейскай нафты і прыроднага газу, якія, як меркаваў Пуцін, ён мог выкарыстоўваць як клін, каб раскалоць заходні альянс. Ён стварыў рэзервы гатоўкі на сотні мільярдаў даляраў і быў упэўнены, што расейская эканоміка зможа вытрымаць непазбежныя санкцыі, як гэта было ў мінулым», - гаворыцца ў матэрыяле.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках