29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Адзіная вынаходка – налепка»

23
«Адзіная вынаходка – налепка»

Як «Мотавела» дакацілася да такога жыцця.

Аляксандр Лукашэнка ўчыніў дэманстрацыйны разнос дырэктару «Мотавела» і былому топ-чыноўніку Мікалаю Ладуцьку за праваленае імпартазамяшчэнне. Але праблемы ў прадпрыемства, як і ва ўсёй беларускай эканомікі, значна больш сур’ёзныя, піша «Белсат».

Уласніка пасадзілі, завод збанкрутавалі

Дзяржаўнае прадпрыемства «Мотавела», якое выпускала матацыклы «Мінск» і ровары «Бусел» («Аист»), прыйшло да поўнага заняпаду ў 2007 годзе. Яму не дапамаглі нават бюджэтныя субсідыі на $ 10 млн. Але завод купіла аўстрыйская кампанія АТЭС Holding Gmbh на чале з бізнесоўцам беларускага паходжання Аляксандрам Мураўёвым.

Новы ўласнік правёў рэструктурызацыю прадпрыемства і абнавіў таварную лінейку. Завод пачаў выпускаць новыя ровары і матацыклы з танных кітайскіх дэталяў, павялічыўшы тым самым рэнтабельнасць прадукцыі і аб’ёмы вытворчасці.

Але ў 2017 годзе дырэктара «Мотавела» і ягоных падначаленых затрымаў КДБ. Нагодай стала выплата падаткаў на $ 10 тыс. у бюджэт Аўстрыі, а не Беларусі. Суд прызнаў Мураўёва вінаватым: у махлярстве, завалоданні маёмасцю і крадзяжы з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў групай асобаў у асабліва буйным памеры, а таксама ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Бізнесоўцу прысудзілі 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй.

Сам Мураўёў віны не прызнаў і заявіў пра шмат якія парушэнні. У апошнім слове ён адзначыў, што з 2002 да 2015 года ягоныя кампаніі інвеставалі ў Беларусь $ 100 млн, а таксама рэалізавалі з удзелам банкаў Аўстрыі, Латвіі, Расеі і Беларусі інвестпраектаў яшчэ на $ 200 млн:

«У дзясяткі разоў павялічыліся маштабы вытворчасці. У разы павысілася эфектыўнасць прадпрыемстваў Беларусі: шклозаводу «Ялізава», «РасінтэзГруп», «Мотавела» і іншых. Створаныя новыя эфектыўныя вытворчасці, такія як Гомельскі шклотарны завод. <…>

3 тысячы асобаў 13 гадоў былі забяспечаныя працай. Дзяржава атрымала сотні мільёнаў долараў у выглядзе падаткаў і выгад ад дзелавой інвестыцыйнай актыўнасці, ад сацыяльна-эканамічнага эфекту ва ўсіх яе формах: такіх як заробак, спорт, падтрымка інвалідаў, старых, ветэранаў і г. д.

Больш як $ 1 млрд склаў абʼём вытворчасці і рэалізацыі на названых беларускіх прадпрыемствах з удзелам у якасці інвестараў аўстрыйскіх кампаній у 2002–2015 гадах».

Мураўёў трапіў у няміласць Лукашэнкі

Пасля таго, як Мураўёва пасадзілі, дырэктарам «Мотавела» стаў Мікалай Ладуцька, які паспеў да таго часу пяць гадоў пакіраваць Менскам. У 2017-м, праз два гады, завод абвясцілі банкрутам з доўгам у $ 60 млн. Для кіравання актывамі прадпрыемства-банкрута стварылі ТАА «МотаВелаЗавод» з Ладуцькам на чале. Яно і працягвае працаваць у цэхах «Мотавела».

«Падчас таго, як яно [прадпрыемства. – Рэд. belsat.eu] належала прыватнаму ўласніку, гэты прыватны ўласнік нешта рабіў, каб выйсці са стратаў. Яны пайшлі шляхам камплектацыі ровараў і матацыклаў імпартнымі дэталямі, бо, зразумела, беларускіх не існуе ўвогуле. Тое, што ў Беларусі можна вырабіць, – гэта рама, колы, а ўсё астатняе было імпартным», – адзначыў у каментары «Белсату» Уладзімір Кавалкін, кіраўнік праекту «Кошт ураду».

Такім чынам, падкрэсліў эксперт, прыватны ўласнік «патроху выйшаў са стратаў, але пасля здарылася нацыяналізацыя».

«Гэта было не столькі эканамічнае рашэнне, колькі палітычныя гульні. Наколькі я разумею, уласнік трапіў у няміласць Лукашэнкі, і адным росчыркам гэты роварны завод забралі. Потым туды прызначылі Ладуцьку. А што чыноўнік умее рабіць? Ён нічога не ўмее рабіць. Ён у найлепшым выпадку ўмее рабіць сур’ёзны твар і маўчаць, бо калі рот адкрываецца, робіцца зусім кепска», – заявіў эканаміст.

Адзінае вынаходніцтва – налепка

І вось 15 жніўня 2022 года на завод прыехаў Аляксандр Лукашэнка. І раскрытыкаваў убачанае. Гэтак, яму не спадабалася тое, што амаль усе дэталі купляюцца за мяжой.

«Лакалізацыі тут няма. Заўтра санкцыі ўвялі – зачынілася вытворчасць», – заявіў Лукашэнка, стоячы ля мадэлі матацыклу «Мінск», і запатрабаваў «рабіць сваё».

Ладуцька спрабаваў апраўдацца і пералічыў тое, што ў матацыкле сваё: «Дызайн-праект, дызайн-ідэя, кампаноўка, збор усіх дэталяў ад розных вытворцаў». Але, як выявілася, нават гэта няпраўда – у сацсетках «моцнага гаспадарніка» злавілі на хлусні.

Карыстальнікі пазналі ў «навінцы» французскі матацыкл MASH X-RIDE 650, які вырабляе для французскай кампаніі MASH кітайскі аўтагігант Shineray. Адзінае адрозненне беларускага варыянту ў тым, што замест налепкі MASH на бензабаку размешчаны лагатып менскага заводу. Але і пры гэтым на рухавіку засталася налепка X-RIDE 650. У свеце такі матацыкл каштуе каля $ 6 тыс. Але на сайце «Мотавела» ён у продажы нават не пададзены.

Гэтая сітуацыя нагадала выпадак з яшчэ адным менскім заводам – «Інтэгралам», які ў 2009 годзе пастаўляў «свае» маніторы, проста заклеіўшы лагатып арыгінальнага вытворцы Acer.

Наогул, адзначае Уладзімір Кавалкін, «гэта так ая чынавенская беларуская традыцыя», з якой ён сам сутыкнуўся падчас размеркавання на «Гарызонт» у 2006 годзе.

«Трэба было паказаць вынікі працы, а вынікаў асабліва не было, таму яны [«Мотавела». – Рэд. belsat.eu] купілі французскі матацыкл кітайскай вытворчасці і паказалі Лукашэнку як перадавы і свой», – мяркуе эканаміст.

Праблемаў больш, чым здаецца

Пасля дэманстратыўнага разносу Ладуцька запісаў пакаяннае відэа, у якім заявіў, што «крытыка кіраўніка дзяржавы – гэта не крытыка, а бацькоўскае слова. Слова аднаго з бацькоў мацнейшае за любую крытыку. Ты павінен слухаць свайго бацьку і падпарадкоўвацца яго ўказанням. Мы гэта рабілі, робім і будзем рабіць».

Таксама Ладуцька паабяцаў супольна з Міністэрствам прамысловасці да канца года падрабязна вывучыць, якія дэталі для ровараў і матацыклаў змогуць вырабляць беларускія і расейскія прадпрыемствы. Паводле яго, ужо распрацаваная праграма мадэрнізацыі заводу, у аснове якой – купля 120 адзінак новага тэхналагічнага абсталявання, у тым ліку для абсталявання цэху металаапрацоўвання, што дазволіць пашырыць асартымент металічных канструкцыяў для вела- і мотатэхнікі ды для фарбавальнага цэху.

Мадэрнізацыю заводу Ладуцька абяцае завяршыць да канца 2023 года. Ён падкрэсліў, што вынікам гэтага павінны стаць добрыя фінансава-эканамічныя паказнікі, рост экспартных паставак і продаж на ўнутраным рынку толькі 30 % ад вырабленага.

Аднак Ладуцька прызнае і іншыя праблемы ў прадпрыемства – «змена канʼюнктуры і зніжэнне спажывецкага попыту як унутры Беларусі, так і на тых тэрыторыях, куды мы прадаём велапрадукцыю».

«У Расейскай Федэрацыі фізічны попыт знізіўся на 30 %, у Беларусі – падобнае зніжэнне фізічных продажаў», – адзначыў кіраўнік заводу.

Змяніць сітуацыю ён плануе з дапамогай звароту да ўраду нават не Беларусі, а Расеі «пра абарону вытворцы».

Беларускі чынавенскі бізнес

Уладзімір Кавалкін лічыць усе гэтыя планы і абяцанні марнымі. Прычым праблема ўласцівая беларускай эканоміцы агулам, а не аднаму прадпрыемству.

Аляксандр Лукашэнка на заводе «Мотавела» ў 2021 годзе. Крыніца: autogrodno.by

«Каб была свая вытворчасць, патрэбна, каб былі ўласныя даследаванні і дызайн, трэба рабіць вынаходніцтвы і распрацоўкі. А на дзяржпрадпрыемствах няма кадраў, якія здольныя гэта рабіць. Тое, што засталося ад савецкага часу, тое засталося. Потым кваліфікаваны персанал з дзяржпрадпрыемстваў разбегся. Па інерцыі яны нешта выпускалі ў 1990-х – пачатку 2000-х, але ўжо іх прадукцыя была вельмі адсталая ў тэхнічным і тэхналагічным плане», – кажа эканаміст.

Паводле яго, у Беларусі на сёння няма патэнцыялу навуковых і канструктарскіх працаў, а без гэтага не можа быць сучасных прадуктаў.

«Спачатку трэба мяняць бізнес-падыходы, уводзіць уласныя распрацоўкі, даваць свабоду людзям, свабоду прадпрымальніцтва. Толькі пасля гэтага будуць зробленыя прадукты. Гэта робіцца не за адзін дзень. Гэта робіцца дзесяцігоддзямі. Каб стварыць школу вытворчасці сучасных ровараў, а не тых, што рабіліся 100 гадоў таму, трэба рабіць распрацоўкі, трэба працаваць з атлетамі, якія на іх ездзяць і ўдзельнічаюць у спаборніцтвах. Трэба кожны дзень займацца распрацоўкамі. І так 10–20 гадоў. Тады будуць вынікі. А калі ты нешта імпартуеш і выдаеш за сваё, то атрымліваецца беларускі чынавенскі бізнес», – падкрэсліў Уладзімір Кавалкін.

Апроч таго, дадаў эксперт, каб беларускі мотавелазавод быў прыбытковым, «ён павінен заліць сваёй вытворчасцю ўвесь беларускі рынак і добрую палову расейскага».

«Ты не можаш быць прыбытковым, калі твая вытворчасць ніжэйшая за пэўны паказнік. Калі ёсць шмат танных ровараў з Кітаю, то як ты будзеш канкураваць?» – задаецца пытаннем кіраўнік праекту «Кошт ураду».

«Нічога з гэтага [планаў Лукашэнкі і Ладуцькі. – Рэд. belsat.eu] не атрымаецца», – робіць выснову наш суразмоўца.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках