3 снежня 2022, Субота, 21:27
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Лосік упершыню за час знаходжання ў калоніі стэлефанаваўся з жонкай

Ігар Лосік упершыню за час знаходжання ў калоніі стэлефанаваўся з жонкай
ІГАР ЛОСІК

Палітвязень расказаў пра сваё здароўе.

Апошнімі навінамі пра мужа з Intex-press падзялілася жонка палітвязня Ігара Лосіка Дар'я Лосік.

Са слоў Дар'і, ёй ужо двойчы ўдалося паразмаўляць з Ігарам праз тэлефон. Стэлефаноўвацца можна было б і часцей, але ж Ігар «схільны да экстрэмізму», яго ў гэтым абмяжоўваюць.

— Адзін званок на два тыдні працягласцю блізу пяці хвілін, — расказвае пра абмежаванні Дар'я Лосік.

Так ці інакш, кажа спадарыня, дзякуючы гэтым званкам яна можа хутка нешта спытаць у мужа, даведацца, як ягонае здароўе, настрой і абстаноўка ў цэлым. У апошняй тэлефоннай размове, Ігар, які пакутуе ад артэрыяльнай гіпертэнзіі, супакоіў яе, сказаўшы, што ўсе патрэбныя медыцынскія прэпараты яму выдаюць рэгулярна.

— Вельмі хвалююся за здароўе мужа, бо цяпер такая спякота, — тлумачыць прычыну сваёй трывогі Дар'я.

Лісты ад Ігара, са словах Дар’і, даходзяць рэгулярна: тры - чатыры на тыдзень. Як і раней, лісты даходзяць толькі ад сваякоў.

Дар'я кажа, што Ігар імкнецца адказаць найперш Дар'і.

- Увечары пасля працы ў Ігара зусім мала часу, адказаць на лісты, я так разумею, ён можа толькі нядзелямі, бо працуе ён шэсць дзён на тыдзень, - адзначае спадарыня.

У маральным плане, са слоў Дар'і, мужу значна прасцей, чым у СІЗА, дзе ён быў сам-насам з каменнымі сценамі. У калоніі ў яго хаця б ёсць магчымасць ненадоўга выходзіць на двор.

Дар'я з нецярпеннем чакае магчымасці атрымаць спатканне з Ігарам.

- Я не буду загадваць, калі гэта атрымаецца, але вельмі спадзяюся, што яно адбудзецца як мага хутчэй, - рэзюмуе яна.

Нагадаем, Баранавіцкі блогер знаходзіцца ў ПК-1 Наваполацка. Ігар Лосік быў затрыманы ў сябе дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 года, увесь гэты час ён знаходзіўся ў розных СІЗА - у Менску, Жодзіне і Гомелі. Прысуд на 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму быў агучаны Ігару 14 снежня 2021 года.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».