28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Forbes: Пяскі сталі сапраўднай «мясарубкай»

10
Forbes: Пяскі сталі сапраўднай «мясарубкай»

Расея хоча захапіць пасёлак, а Украіна - утрымаць, але ў абодвух няма сіл для хуткай перамогі.

Невялікі бязлюдны пасёлак у Данецкай вобласці стаў сапраўднай «мясарубкай» для ўкраінскіх вайскоўцаў, якія абараняюць яго, а таксама для расейскіх жаўнераў, якія спрабуюць яго захапіць. Цяжкая бітва ідзе ў Пясках і вакол іх.

Бясконцыя артылерыйскія абстрэлы забіваюць і калечаць украінцаў і расейцаў аднолькава, разбіваюць іх бронетэхніку і знішчаюць тое, што засталося ад бязлюднага населенага пункта і яго наваколляў. Аб гэтым піша Forbes, нагадваючы, што Пяскі сталі месцам баявых дзеянняў яшчэ 8 гадоў таму, калі Расея ўпершыню ўварвалася ва Украіну. У апошнія дні былі супярэчлівыя паведамленні аб тым, хто кантралюе пасёлак. Адны паведамленні сцвярджалі, што расейскія сілы захапілі яго, а іншыя - што Пяскі ўсё яшчэ ўтрымлівае 56-я мотапяхотная брыгада.

З 2014 года пасёлак шмат разоў трапляў пад кантроль то аднаго боку, то другога. І гэта адбываецца дагэтуль. Уражвае тое, што Пяскі размешчаныя ўсяго за некалькі метраў ад акупаванай часткі Данецкай вобласці. Але расейскім сілам усё адно было вельмі цяжка зайсці ў пасёлак, дзе ўжо шмат гадоў не было значнага цывільнага насельніцтва.

Forbes піша, што на шостым месяцы расейскай вайны супраць Украіны стала зразумела, што ўкраінскае войска часам абменьвае тэрыторыю на час, разгортваючы бой і паступова адыходзячы з менш важных мястэчкаў на Данбасе, каб абяскровіць і спыніць расейскія сілы. Калі атрады Расеі ўгразнуць у крывавых баях за такія мястэчкі, як Пяскі, іх нельга будзе перанакіраваць, напрыклад, у Херсонскую вобласць, дзе сілы Кіева засяродзіліся на знішчэнні варожай лагістыкі. Вычэрпванне рэсурсаў 49-й аб'яднанай арміі РФ - гэта ўмова для ўсякага рашучага контрнаступу Украіны ў вобласці. Украінскія батальёны яшчэ некалькі месяцаў таму перайшлі раку Інгулец на поўнач ад Херсона, аднак дагэтуль не прасунуліся далей, чым на некалькі кіламетраў ад сваіх брыгад.

Крэмль перакідвае сілы на поўдзень. Але ён не можа накіраваць туды ўсе свае войскі і ў гэты ж час захапіць Пяскі. Украінскія камандзіры таксама не могуць адправіць занадта шмат падмацавання ў Пяскі, калі хочуць здзейсніць аперацыі каля Херсона. Таму ўдзельнікі баёў у пасёлку на Данбасе ваююць з вельмі абмежаванымі рэсурсамі. Ніводзін з бакоў не мае вызначальнай перавагі над апанентам. Батальён 56-й мотапяхотнай брыгады з прыкладна 500 байцоў гадамі ўмацоўваў пазіцыі ў Пясках, дзе да расейскага ўварвання ў 2014 годзе жылі амаль 2 тысячы чалавек. Сёння ўсе цывільныя альбо з'ехалі, альбо мёртвыя. Так што ўкраінскі гарнізон можа выкарыстоўваць увесь пасёлак. Калі войскі Расеі пайшлі ў атаку на гэтым кірунку ў канцы ліпеня, яны ўжылі сваю ўжо прывычную схему: спачатку абстралялі Пяскі артылерыяй, а толькі потым пяхота пайшла наперад. Украінцы ўтрымлівалі пазіцыі многія тыдні, але дарагім коштам.

«Батальён проста стрымлівае бойню сваімі целамі», - паведаміў адзін з украінскіх жаўнераў.

Войска Украіны засяродзіла значныя артылерыйскія сілы на поўдні, дзе яны выкарыстоўваюцца для знішчэння мастоў, дарог і чыгуначных шляхоў, якія вядуць у Херсон. Вызваленне горада - прыярытэт для Кіева на гэтым этапе вайны. А ўтрыманне Херсона - гэта прыярытэт Расеі. Менавіта таму Крэмль адправіў дзясятак батальёнаў з усходу на падмацаванне 49 аб'яднанай арміі ў Херсонскай вобласці.

Аднак Масква захавала дастаткова вялікую колькасць артылерыі на Данбасе, каб захаваць вялікую перавагу ў колькасці гармат і ракет. Ва ўкраінскіх сіл няма такой колькасці артылерыі са свайго боку. Таму вайскоўцам у Пясках не заўсёды ўдаецца адказаць контрбатарэйным агнём на расейскія абстрэлы. Калі расейцы захопяць пасёлак, можна сказаць, што ім удалося гэта зрабіць дзякуючы артылерыі.

«Без контрбатарэйных магчымасцяў усё ператвараецца ў бессэнсоўную мясарубку, дзе за дзень знішчаецца вар'яцкая колькасць нашай пяхоты», – напісаў жаўнер 56-й мотапяхотнай брыгады.

Але нельга сказаць напэўна, што расейскія войскі ўжо перамаглі ў Пясках. Расейскія крыніцы вельмі часта сцвярджалі, што сяло ўжо захапілі, але на наступны дзень баі аднаўляліся.

«Паселішча, хутчэй за ўсё, застаецца спрэчным», - паведамілі ў нядзелю ў Міністэрстве абароны Вялікай Брытаніі.

Інстытут даследавання вайны (ISW) асцярожна падтрымаў гэтую ацэнку, прааналізаваўшы геалакацыю расейскіх артылерыйскіх удараў па пазіцыях у Пясках.

«Расейскія сілы дагэтуль б'юць па ўкраінскіх войсках у межах селішча, а не кантралююць яго цалкам», - адзначылі ў інстытуце.

Калі ўкраінскія сілы адступяць з Пяскоў, яны, хутчэй за ўсё, зоймуць абарончыя пазіцыі на трасе M04/E50, якая злучае сяло і горад Днепр, вялікі вольны мегаполіс у 160 кіламетрах на захад. І тады «мясарубка» прадоўжыцца.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках