Лунінецкі аэрадром актыўна пашыраюць і дабудоўваюць
15- 18.08.2022, 18:36
- 13,346

Вось што бачна на спадарожнікавых здымках.
У апошнія месяцы на аэрадроме пад Лунінцам разгарнулася незвычайная актыўнасць. Яго тэрыторыя і аб'екты рэканструююцца, вакол высякаецца лес, з'явіліся новыя будпляцоўкі. Пра гэтым піша «Радыё Свабода». Выданне прааналізавала спадарожнікавыя здымкі, якія публікуюцца кампаніяй Planet Labs, і расказала пра змены на аэрадроме.

Раней вайсковы аэрадром «Лунінец» быў запасным і амаль не выкарыстоўваўся. Сітуацыя змянілася перад вучэннямі «Саюзная рашучасць – 2022». Была прынятая пастанова выкарыстоўваць гэты аэрадром (разам з баранавіцкім) як дадатковы. 21 студзеня на аб'екце пабываў сам Аляксандр Лукашэнка і правёў нараду з вайсковым кіраўніцтвам.

Пасля гэтага тэрыторыя аэрадрома пачала змяняцца.
Яшчэ ў красавіку на аэрадроме стаяла шмат вайсковых самалётаў і гелікаптэраў. Цяпер самалётаў там не відаць, ёсць толькі два гелікаптэраў і некалькі комплексаў С-300 ці С-400. Пры гэтым ужо на красавіцкіх здымках было заўважна, што вакол аэрадрома пачалі высякаць лес і расчышчаць тэрыторыю, руйнаваць некаторыя будынкі ў вайсковым гарадку.

На жнівеньскіх здымках маштабы сталі больш відавочнымі.
Як тлумачыць «РС», высечаны надзел лесу ля паркоўкі на ўездзе, вакол склада гаручых матэрыялаў. На тэрыторыі склада вядзецца падрыхтоўка да ўстаноўкі буйных ёмістасцяў.

Асабліва вялікія плошчы высечкі пад магчымае будаўніцтва - ва ўсходняй частцы ўзлётна-пасадачнай паласы, там ужо з'явілася некалькі падмуркаў, таксама вядзецца пракладка камунікацый. Расчышчаная тэрыторыя і ў заходняй частцы ВПП.

Праведзеная рэнавацыя жылых і адміністрацыйных будынкаў у вайсковым гарадку. На адным з участкаў былога лесу пачалося ўзвядзенне буйнога ангара або жаўнерні.

«Радыё Свабода» адзначае, што яшчэ некалькі месяцаў таму атрымлівала ад сваіх крыніцаў інфармацыю пра тое, што Лунінецкі райвыканкам атрымаў указанне пабудаваць у горадзе жыллё для расейскіх вайскоўцаў, якія будуць там базавацца.