Выбухі пад Севастопалем: што вядомае аб прычынах і наступствах
15- 19.08.2022, 14:53
- 36,166
База «Бельбек» вельмі важная для авіяцыі РФ.
Познім вечарам 18 жніўня ў Крыме прагрымелі выбухі ля аэрадрома «Бельбек» пад Севастопалем - адной з галоўных баз расейскай вайсковай авіяцыі на акупаваным паўвостраве.
І хаця дакладнай інфармацыі аб наступствах выбухаў пакуль няма, нават спроба атакі на важны для войска РФ аэрадром стала б яшчэ адной дэманстрацыяй таго, што ў Крыме больш няма непаражальных расейскіх вайсковых лакацый.
НВ напоминает о значении аэродрома Бельбек для РФ и символических для Украины событиях здесь в 2014 году.
НВ нагадвае аб значэнні аэрадрома «Бельбек» для РФ і сімвалічных для Украіны падзеях тут у 2014 годзе.
Вайсковая авіябаза замест цывільнага аэрапорта: што змяніла для Бельбека анэксія Крыма
Аэрадром Бельбек размешчаны прыкладна за 25 км ад Севастопаля, каля вёскі Фруктовага (да 1945 года — Бельбек, па назве аднайменнай ракі на паўднёвым захадзе Крыма). З'явіўся тут у 1941 годзе як базавы вайсковы аэрадром, бетонная ўзлётна-пасадачная паласа была закладзеная ўжо пасля Другой сусветнай вайны.
У гады СССР заставаўся выключна вайсковым аб'ектам, аднак у другой палове 80-х паласу істотна палепшылі - у той перыяд аэрадромам карыстаўся савецкі генеральны сакратар Міхаіл Гарбачоў, які дабіраўся такім чынам на сваё лецішча ў крымскім Фаросе.
У незалежнай Украіне Бельбек з пачатку 2000-х гадоў пачаў прымаць цывільныя рэйсы, пазней атрымаў статус міжнароднага аэрапорта. Аэрадром абслугоўваў Севастопаль, звязваючы яго авіярэйсамі з Кіевам і іншымі буйнымі гарадамі Украіны, самалёты адсюль лёталі і ў Маскву. Акрамя таго, на аэрадроме Бельбек базавалася 204-я брыгада тактычнай авіяцыі Паветраных сіл УСУ (в/ч А-4515).
28 лютага 2014 года аэрапорт Бельбек заблакавалі і захапілі расейскія войскі падчас аперацый па анэксіі Крыма. Амаль палова вайскоўцаў 204-й брыгады Паветраных сіл УСУ здрадзілі прысязе і перайшлі на бок ворага. Аднак астатнія верныя Украіне вайскоўцы пад камандаваннем палкоўніка Юрыя Мамчура ўпісалі ва ўкраінскую гісторыю адну з самых знакавых старонак тых дзён.
4 сакавіка 2014 года Мамчур павёў амаль 50 бяззбройных украінскіх вайскоўцаў маршам насустрач расейцам, якія блакавалі аэрадром і дарогу да вайсковай часткі А-4515. Украінскія героі спявалі гімн, трымаючы ў руках баявы сцяг сваёй брыгады і сцяг Украіны - а ўзброеныя акупанты так і не наважыліся адкрыць па іх агонь.
Кадры гэтага маршу абляцелі ўвесь свет, а падначаленым Мамчура ўдалося пасля перамоваў з акупантамі на час часткова вярнуць пад кантроль Украіны аб'екты ў раёне аэрапорта Бельбек, прынамсі, вайсковыя склады. Пасля Мамчура на некалькі дзён захапілі расейцы, схіляючы перайсці на бок РФ, аднак вясной 2014 года ён пакінуў Крым разам з іншымі сваімі падначаленымі, не здрадзіўшы прысязе - рэшткі брыгады пазней грунтаваліся ў Мікалаеве.
Расея ж з самага пачатку акупацыі Крыма ператварыла аэрадром Бельбек у базу сваёй вайсковай авіяцыі: пасажырскія рэйсы ён больш не прымае. Акупацыйныя «ўлады» агучвалі намеры да 2022 года падрыхтаваць яго для прыёму чартэрных і бізнэс-рэйсаў, аднак, нягледзячы на працы для абнаўлення аэрадрома, прымаць цывільныя рэйсы ён так і не пачаў.
Роля аэрадрома Бельбек у поўнамаштабным уварванні РФ ва Украіну
Пасля таго, як 24 лютага 2022 года Расея пачала поўнамаштабнае ўварванне, аэрадром Бельбек стаў адным з найважнейшых для РФ стратэгічных аб'ектаў у Крыме.
Менавіта адсюль неаднаразова паднімаліся ў паветра расейскія самалёты, каб наносіць ракетныя ўдары па гарадах Украіны. РФ выкарыстоўвае Бельбек для авіяналётаў нараўне з іншымі аэрадромамі акупаванага Крыма, Расеі і Беларусі.
У сакавіку 2022 года праграма «Схемы» і «Радыё Свабода» паведамлялі, што, паводле інфармацыі Паветраных сіл Украіны, на аэрадроме базаваліся расейскія знішчальнікі Су-27, Су-27СМ, Су-30М2 і Су-27М. Акрамя таго, пасля рэканструкцыі ў 2020 годзе гэты аэрадром атрымаў магчымасць прымаць і стратэгічныя бамбавікі Ту-22М3, Ту-160 і Ту-95МС. З іх, паводле інфармацыі УСУ, Расея ўжо выпускала ракеты па тэрыторыі Украіны з раёна Чорнага мора,прынамсі, па Львоўскай вобласці. Такія самалёты маюць на ўзбраенні крылатыя ракеты, здольныя пераадольваць адлегласці да 5,5 тысяч кіламетраў, растлумачылі «Схемы» са спасылкай на вайсковых экспэртаў.
Паводле інфармацыі Антона Герашчанкі, цяпер на аэрадроме дыслакуецца Севастопальскі авіяцыйна-выратавальны цэнтр МНС РФ і 38-ы знішчальны авіяцыйны полк Вайскова-касмічных сіл РФ. На яго ўзбраенні як мінімум:
12 Су-27
12 мадэрнізаваных Су-27СМ,
3 вучэбна-баявыя Су-27УБ
5 двухмесных знішчальнікаў Су-30М2
Пасля ўдараў па аэрадроме Сакі паблізу пасёлка Новафедараўкі 9 жніўня вайсковыя экспэрты неаднаразова называлі Бельбек адной з наступных магчымых цэляў меркаваных нападаў УСУ ў Крыме. Павел Лакійчук, кіраўнік вайсковых праграм бяспекі ўкраінскага Цэнтра глабалістыкі Стратэгія ХХI, у інтэрв'ю «Настоящему времени» згадаў Бельбек як найважнейшую базу ў ліку іншых крымскіх аэрадромаў, дзе РФ трымае сваю авіяцыю.
«Ааэрадром Кача - гэта другі аэрадром марской авіяцыі ў Крыме, практычна ў межах Севастопаля. Гэта марская авіяцыя. Найважнейшым аэрадромам з'яўляецца аэрадром Бельбек на тэрыторыі Севастопаля, дзе базуюцца знішчальнікі-бамбавікі Вайскова-паветраных сіл Расейскай Федэрацыі. Важны аэрадром - Гвардзейскае, адкуль таксама выкарыстоўваецца знішчальная і бамбавальная авіяцыя па тэрыторыі Украіны, - адзначыў Лакійчук. - І яшчэ ёсць шэраг аэрадромаў тактычнай авіяцыі - гэта тыя штурмавікі і верталёты, якія наносяць удары непасрэдна па нашых войсках на лініі судакранання - гэта Джанкой, Кіраўскае і пляцоўкі базавання каля адміністрацыйнай мяжы Крыму з Херсонскай вобласцю». Пры гэтым экспэрт адзначыў, што пасля выбухаў у Новафёдараўцы стала відавочна, што вайсковыя аб'екты РФ у Крыме «ўразлівыя, і схаваць гэта ўжо немагчыма».
Пасля тых падзей частата вылетаў расейскіх знішчальнікаў з аэрадрома Бельбек прыкметна вырасла, паведамілі 15 жніўня ў прадстаўніцтве прэзідэнта Украіны ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым.
«Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, пасля выбухаў на акупаваным аэрадроме ў Новафёдараўцы значна ўзрасла частата палётаў расейскіх знішчальнікаў з акупаванага аэрапорта Бельбек каля Севастопаля», — гаворыцца ў паведамленні.
Выбухі 18 жніўня: што вядома аб прычынах і наступствах
Увечары ў чацвер, 18 жніўня, у Telegram-каналах і міжнародных агенцтвах сталі з'яўляцца паведамленні аб гуках выбухаў ля аэрапорта Бельбек пад Севастопалем.
Напрыклад, пра гэта паведамілі некалькі суразмоўцаў расейскага Агенцтва (пазіцыянуе сябе як канал навін, пра якія «баяцца пісаць у Расеі»). Усе яны пражываюць за некалькі кіламетраў ад аэрапорта Бельбек, а адна з крыніц нават паведаміла, што ля аэрадрома нібыта бачны дым.
Агенцтва Reuters паведаміла як мінімум аб чатырох выбухах ля аэрадрома пад Севастопалем, спасылаючыся на тры мясцовыя крыніцы.
У той жа час нелегітымны «губернатар» Севастопаля Міхаіл Развазжаеў патлумачыў выбухі тым, што ля Бельбека расейскія сродкі СПА нібыта збілі беспілотнік. Ён таксама заявіў аб адсутнасці пацярпелых.
Інфармацыя аб выбухах у Бельбеку з'явілася амаль адначасова са звесткамі аб выбухах ля Керчы, аднак дэталяў аб гэтых здарэннях пакуль мала.
Спікер Адэскай АВА Сяргей Братчук у ноч на 19 жніўня распавёў, што наконт выбухаў у Крыме (Керч і Бельбек) і Белгарадскай вобласці РФ (Стары Аскол) «інфармацыя ўдакладняецца».
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны паказвае, што начное відэа з выбухамі і гукамі сірэны, якое распаўсюджвалася ў сацсетках 18 жніўня нібыта з-пад Бельбека, насамрэч было зробленае раней, 8 жніўня, і не належыць да падзеяў ля севастопальскага аэрадрома.
ISW таксама адзначае, што пасля 18 жніўня аналітыкі Інстытута былі не ў стане самастойна праверыць, ці сапраўды ў раёне Бельбека і ў Керчы дзейнічалі ўкраінскія беспілотнікі (як пра гэта паведаміла прапаганда РФ) - і ці сапраўды іх збілі расейскія сілы СПА.
BREAKING. First reports about the powerful explosions at the major Russian airbase #Belbek near Sevastopol naval base in occupied #Crimea. pic.twitter.com/3RAyBrhAe8
— Viktor Kovalenko (@MrKovalenko) August 18, 2022
У той жа час спецыялісты ISW прагназуюць, што ўкраінскія сілы, «імаверна, працягнуць сваю кампанію па нанясенні ўдараў па расейскіх вайсковых аб'ектах у акупаваным Крыме, каб аслабіць для Расеі магчымасці лагістыкі і падтрымання аперацый на заходнім беразе Дняпра».
Аднак на момант публікацыі справаздачы ISW за 18 жніўня было незразумела, ці звязаныя паведамленні аб выбухах у Крыме «з украінскімі атакамі ці выведкай; некваліфікаваным абыходжаннем расейцаў з вайсковай тэхнікай; паспяховымі дзеяннямі расейскай СПА». Аналітыкі ISW таксама дапускаюць, што выбухі або праца СПА маглі быць праявай «нервознасці» расейскіх вайскоўцаў, якія,магчыма, чакаюць новых нападаў Украіны ў раёнах, якія Расея дагэтуль уважала за недасягальныя для ўкраінскіх сіл.