Унучка каралевы Вялікабрытаніі пайшла працаваць памочніцай прадавачкі ў садовы цэнтр
14- 19.08.2022, 19:03
- 11,070

Гэта яе летняя падпрацоўка.
Луіза Віндзор, 18-гадовая ўнучка каралевы Вялікабрытаніі Элізабэт II, уладкавалася памочніцай касіркі ў садовы цэнтр. Гэта яе летняя падпрацоўка ў чаканні вынікаў іспытаў ва ўніверсітэце.
Бацькі Луізы прынц Эдвард і Сафі Эсекскія жывуць у камяніцы коштам $36 млн, але гэта не перашкодзіла дзяўчыне заняцца пошукамі працы на лета. Як піша выданне The Sun, унучка каралевы працуе некалькі разоў на тыдзень у садовым цэнтры. У яе абавязкі ўваходзіць дапамога на касах, сустрэча пакупнікоў, а таксама высадка раслін і іх догляд.
Колькі плацяць каралеўскай асобе, дакладна невядома. Меркавана - блізу $8 за гадзіну, гэта стандартныя расцэнкі для маладых людзей у Вялікабрытаніі, у якіх няма вялікага досведу працы.
Пакупнікі са здзіўленнем адзначаюць, што іх абслугоўвае дзяўчына з каралеўскай сям'і. «Я ведаў, што кошт жыцця рэзка вырас, але я не думаў, што калі-небудзь убачу ўнучку каралевы, якая працуе ў садовым цэнтры», - жартуюць наведвальнікі.
«Хіба не выдатна, што ўнучка каралевы закасала рукавы і ўзяла летнюю падпрацоўку перад універсітэтам, як кожны нармальнай падлетак», – каментуюць брытанцы.
Вядома, што Луіза не затрымаецца надоўга ў садовым цэнтры. Яна паступіла ў Сэнт-Эндрускі ўніверсітэт і ўжо восенню паўнацэнна зоймецца вучобай.