17 красавiка 2024, Серада, 0:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сэнс універсітэцкай адукацыі ў фармаванні ўнутранай свабоды»

6
«Сэнс універсітэцкай адукацыі ў фармаванні ўнутранай свабоды»

Экспэрт расказаў аб прычынах недабору ў беларускія ВНУ.

Да 6 жніўня некаторыя беларускія ВНУ прымалі заяўкі ад абітурыентаў. Сярод іх - БДУ, БДУІР, БДУТ. Пра тое, чаму абітурыенты выбіраюць неймаверна доўгія шляхі ў прыёмныя камісіі, сайту magilev.by распавёў выкладчык з 21-гадовым стажам, дацэнт, кандыдат філалагічных навук Віталь Яўмянькоў:

- Вядома ж, справа нечуваная! Нават у БДУ ўсё яшчэ ёсць вакантныя месцы на двух некалі папулярных факультэтах - тэалагічным і філалагічным. Не хачу нікога ні ў чым вінаваціць, проста дзялюся назіраннямі, жыццёвым досведам. Па-першае, чаму «недабор»? На мой погляд, прычын тут некалькі. Мабыць, асноўная - дэмаграфічная. На жаль, беларусаў больш не становіцца. Па-другое, прысутнічае канкурэнцыя з універсітэтамі суседніх краін, якую чамусьці ніхто не жадае заўважаць.

Курсы вывучэння замежных моў у Магілёве проста наводненыя патэнцыйнымі і, паверце, вельмі здольнымі абітурыентамі. Вялікім попытам карыстаюцца польская і чэшская. Не паспяваеш азірнуцца - і вось ужо твае былыя вучні ў Варшаве, Любліне, Познані, Празе... Застаецца толькі паціснуць плячыма. Маўляў, што тут зробіш?! А калі задумацца, то гэта сапраўдная агульнанацыянальная трагедыя – наўрад ці хто з гэтых юных беларусаў вернецца на Радзіму. Мы губляем будучых навукоўцаў, інжынераў, пісьменнікаў.

Яшчэ адзін важны фактар - дэвальвацыя вышэйшай адукацыі. Даўно ўжо трэба зразумець - Беларусі не патрэбная такая колькасць універсітэтаў і акадэмій. Па-першае, бракуе выкладчыцкіх кадраў. Вы не задумваліся, хто тыя высакалобыя інтэлектуалы, якія чытаюць лекцыі вашым дзецям? Я вам скажу: у тым ліку, і ўчарашнія студэнты, і аспіранты... Старая прафесура растае, як дым, - нехта памірае, нехта ідзе на пенсію. Толькі за апошні год я пахаваў 4 сваіх старэйшых калегаў. А яны і былі тымі гігантамі, на плячах якіх усе мы так доўга стаялі… Але не гэта галоўнае!

Мы даўно забыліся пра тое, што сэнс універсітэцкай адукацыі ў фармаванні ўнутранай свабоды, здольнасці думаць і рабіць высновы самастойна. Мы не павінны даваць студэнтам рыбу, наадварот, мы павінны навучыць іх карыстацца вудай, навучыць здабываць веды самастойна. Мусіць, гэтыя навыкі не прышчэпліваюць і ў школе. З майго досведу стасункаў са студэнтамі цалкам відавочна тое, што яны мысляць клішэ, стэрэатыпамі, нейкімі зусім дзікімі міфамі, якія цяжка паддаюцца логіцы і разумнаму сэнсу.

Напрыклад, я з вялікай цяжкасцю пераканаў будучую журналістку ў тым, што Другая сусветная вайна пачалася не ў 1941-м, а 1 верасня 1939 года. Бачылі б вы яе здзіўленне! Неяк цэлую пару давялося спрачацца з трэцякурснікам наконт таго, што Іван IV і Іван Жахлівы - адна і тая ж асоба, што Пётр I не заснаваў Магілёў, а спаліў яго дашчэнту. Памятаю, адзін маладзён абараняў дыпломную працу і з вялікай цяжкасцю чытаў яе змест. Кажу яму: «Вы б, шаноўны, перш чым абараняцца, паспрабавалі хаця б прачытаць ваш (не ваш) опус». Усміхаецца. Нават не адмаўляе, што працу пісаў не ён. З дзясяці работ 3 напісаныя пад заказ, за грошы. Каштуе не так дорага - усяго 200 даляраў (рэклама на гарадскіх маршрутках). Уяўляеце, якія гэта будуць спецыялісты!

Вярнуся ўсё ж да сваёй думкі аб дэвальвацыі вышэйшай адукацыі. Ведаю, што шмат хто на мяне пакрыўдзіцца. Але! Яшчэ адна рэч, якую важна зразумець, – вышэйшая адукацыя не абавязковая, не для ўсіх. Вышэйшая адукацыя - гэта прывілей. З гэтай прычыны нельга браць усіх, хто прыносіць дакументы. Павінен быць конкурс, канкурэнцыя. Тады за партамі будуць сядзець менавіта тыя, хто заўтра стане інтэлектуальнай элітай нашай краіны, а не будзе служыць мэрчэндайзерам у «Скрыжаванні».

Яшчэ адзін момант, аб якім казаць сорамна, але не сказаць нельга. Моладзь цяпер інфантыльная; многія прыходзяць ва ўніверсітэт не для таго, каб атрымаць адукацыю, а каб падоўжыць сваё дзяцінства, павісець на шыі ў бацькоў яшчэ 4 гады. Вось, толькі колькасць бацькоўскіх шый, відаць, моцна зменшылася. Магчыма, таму абітурыенты ўсё часцей выбіраюць ССНУ, а не ВНУ.

Дарэчы, у Магілёве конкурс на некаторыя спецыяльнасці ССНУ значна вышэйшы, чым ва ўніверсітэтах.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках