29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

WP: ЗША папярэджваюць Расею, што яна пашкадуе, калі выкарыстае ядзерную зброю

16
WP: ЗША папярэджваюць Расею, што яна пашкадуе, калі выкарыстае ядзерную зброю

Сігнал перадаецца ў прыватных камунікацыях.

Ужо некалькі месяцаў ЗША ў прыватных камунікацыях пасылаюць папярэджанне ўладам у Маскве аб цяжкіх наступствах, якія чакаюць Расею ў выпадку выкарыстання ядзернай зброі. Адміністрацыя Джо Байдэна цалкам вызначыла, што папярэджанні павінны быць наўмысна размытыя, каб Крэмль вагаўся, спрабуючы здагадацца, якім будзе адказ Вашынгтона.

Аб гэтым піша Washington Post са спасылкай на амерыканскіх службоўцаў, якія пагадзіліся размаўляць на ўмовах ананімнасці. Артыкул выдання прыводзіць «Зеркало недели. Украина».

Белы дом спрабуе дабіцца «стратэгічнай нявызначанасці» на фоне таго, як Расея працягвае ўзмацняць сваю рыторыку аб магчымым ужыванні ядзернай зброі супраць Украіны. Акрамя таго, Масква робіць мабілізацыю, каб папоўніць цяжкія ваенныя страты.

Дзярждэпартамент падтрымліваў прыватную камунікацыю з Масквой. Аднак суразмоўцы выдання не ўдакладняюць, хто перадаваў расейскаму боку амерыканскія паведамленні і які быў іх змест. Таксама невядома, ці адсылалі ЗША новыя прыватныя паведамленні пасля апошняй прамовы Уладзіміра Пуціна, у якой ён зноў паўтарыў свае завуаляваныя ядзерныя пагрозы і абвясціў аб пачатку мабілізацыі. Аднак амерыканскія чыноўнікі сказалі Washington Post, што камунікацыя захоўвалася ўвесь час цягам апошніх месяцаў.

У адміністрацыі Байдэна адзначаюць, што Масква неаднаразова пагражала ўжыць ядзерную зброю пасля пачатку ўварвання ва Украіну 24 лютага. Аднак дагэтуль не было ніякіх прыкмет, якія паказваюць на падрыхтоўку расейскага ядзернага арсенала да непазбежнага ўдару. Аднак новыя ядзерныя пагрозы Крамля не такія размытыя, як папярэднія. І яны прагучалі ў часы, калі войска Расеі вымушанае адыходзіць на полі бітвы пад ціскам украінскага контрнаступу.

Раней расейскія заявы мелі на мэце папярэдзіць ЗША і іх хаўруснікаў, каб яны не заходзілі занадта далёка ў падтрымцы Украіны. Аднак апошнія пагрозы Пуціна кажуць, што Расея разглядае магчымасць ужывання ядзернай зброі на ўкраінскай тэрыторыі, каб замацаваць сваю акупацыю і прымусіць Кіеў падпарадкавацца. Так мяркуе дырэктар Асацыяцыі па кантролі ўзбраенняў Дарыл Кімбал.

«Усім трэба ўсвядоміць, што гэта адзін з самых цяжкіх эпізодаў за многія дзясяцігоддзі, калі ядзерная зброя можа быць ужытая. Наступствы нават так званай «абмежаванай ядзернай вайны» будуць катастрафічнымі», - падкрэсліў Кімбал.

Амерыканскіх экспэртаў ужо шмат гадоў непакоіць магчымасць таго, што Расея выкарыстае тактычную ядзерную зброю, каб перамагчы ў звычайнай вайне. Гэтая стратэгія часам апісваецца як «эскалацыя дзеля дээскалацыі». У чацвер намеснік начальніка ГУР Вадзім Скібіцкі сказаў брытанскім журналістам, што Расея можа ўжыць ядзерную зброю супраць Украіны, «каб спыніць нашы наступальныя дзеянні і знішчыць нашу дзяржаву».

«Гэта таксама пагроза і для іншых краін. Выбух тактычнай ядзернай зброі паўплывае не толькі на Украіну, але і на ўвесь Чарнаморскі рэгіён», - растлумачыў Скібіцкі.

Украіна спрабуе падаць сігнал, што нават расейскі ядзерны ўдар не прымусіць яе капітуляваць, а будзе мець супрацьлеглы эфект. Прафесар кіравання ва Універсітэце Джорджтаўна і дырэктар Цэнтра стратэгічных даследаванняў і даследаванняў бяспекі Скаўкрофта ў Atlantic Council Мэцью Кроеніг сцвярджае, што найлепшым варыянтам адказу ЗША на абмежаваны расейскі ядзерны ўдар будзе ўзмацненне падтрымкі Украіны, а таксама правядзенне абмежаваных няядзерных удараў па расейскіх сілах.

«Калі расейскія сілы, якія ўжылі ядзерную атаку, знаходзяцца ва Украіне, ЗША могуць нанесці наўпроставы ўдар па іх. Трэба адкалібраваць гэтую рэакцыю, каб яна стала сігналам, што гаворка не ідзе пра пачатак вайны. Гэта абмежаваны ўдар. На месцы Пуціна, што б вы зрабілі? Не думаю, што вы загадалі б пачаць поўнамаштабны ядзерны абстрэл ЗША», - мяркуе Кроеніг.

Але ў Вашынгтоне ўважаюць за безадказны нават звычайны абмежаваны ўдар супраць сілаў Расеі. Паколькі гэта можа справакаваць шырокамаштабную расейска-амерыканскую вайну, а значыць, канфлікт паміж дзвюма ядзернымі дзяржавамі.

На думку судырэктара праграмы ў ядзернай палітыцы цэнтра Carnegie Endowment for International Pеace Джэймса Актона, цяпер спробы прадбачыць амерыканскую рэакцыю на расейскія дзеянні не маюць ніякага сэнсу. Бо пакуль няма ніякіх прыкметаў, якія гавораць, што Пуцін збіраецца пераступіць табу.

«Калі б ён сапраўды збіраўся непазбежна выкарыстаць ядзерную зброю, ён амаль дакладна хацеў бы, каб мы пра гэта ведалі. Яму больш трэба, каб пагрозы выкарыстаць ядзерную зброю прымусілі нас пайсці на саступкі», - мяркуе Актон.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках