28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На «Паўночным струмені – 2» знайшлі выцечку

9
На «Паўночным струмені – 2» знайшлі выцечку

«Газпрам» за суткі страціў газу амаль на $300 млн.

Марская ўправа Даніі выявіла выцечку на расейскім газаправодзе "Паўночны струмень – 2". Яна адбылася недалёка ад вострава Борнхальм. Улады мяркуюць, што абстаноўка небяспечная для суднаходства: караблям рэкамендавалі абыходзіць раён надзвычайнага здарэння за 8 км.

Аператар "Паўночнага струменю – 2" Nord Stream 2 AG пацвердзіў факт аварыі на адной з нітак газаправода. Уначы дыспетчар зафіксаваў рэзкае падзенне ціску з 105 да 7 бараў у лініі А. Пра здарэнне апавясцілі берагавыя службы Нямеччыны, Даніі, Швэцыі, Фінляндыі і Расеі. Прадстаўнік Nord Stream 2 AG Ульрых Лісэк заявіў, што "ў нейкім месцы" цягам газаправода, "верагодна, з'явілася дзірка". Ідзе расследаванне.

Каб забяспечыць планавы ціск у трубе "Газпрам" запампаваў у яе 177 млн кубаметраў газу. З улікам падзення ціску ў 15 разоў, кампанія магла страціць 165 млн кубоў сыравіны рынкавым коштам 280 млн даляраў.

Марскі газаправод "Паўночны струмень – 2" магутнасцю 55 млрд куб. м газу за год праходзіць ад Кінгісепскага раёна Ленінградскай вобласці Расеі да балтыйскага ўзбярэжжа Нямеччыны. Ягонае будаўніцтва ацэньвалася на 9,5 млрд еўраў. Аднак газаправод так і не запусцілі: Нямеччына прыпыніла ягоную сертыфікацыю пасля таго, як Расея прызнала незалежнасць самаабвешчаных Луганскай і Данецкай народных рэспублік, а ЗША ўнеслі ў санкцыйны спіс Nord Stream 2 AG. Пры гэтым абедзве ніткі магістралі запоўненыя газам і гатовыя да эксплуатацыі.

Раней прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заклікаў зняць санкцыі з "Паўночнага струменю – 2". Аднак віцэ-канцлер Нямеччыны, міністр у справах эканомікі і абароны клімату Роберт Хабек заявіў, што ўхваленне запуску трубаправода фактычна будзе "капітуляцыяй Еўропы перад Расеяй".

У чэрвені стала вядома, што Мінфін Нямеччыны плануе нацыяналізаваць частку магістралі, якая пралягае па краіне. Улады не выключылі частковага дэмантажу трубы, каб выкарыстоўваць яе для паставак газу з плыўных рэгазіфікацыйных тэрміналаў ЗПГ. Таксама разабраць "Паўночную плынь – 2" заклікаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

У траўні "Газпрам" паведаміў, што размешчаная ў Расеі інфраструктура магістралі будзе выкарыстоўвацца для газіфікацыі паўночна-заходніх рэгіёнаў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках