18 красавiка 2024, Чацвер, 20:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рыгор Мясежнікаў: Паміж Пуціным і Лукашэнкам існуе дзіўная ўзаемасувязь

8
Рыгор Мясежнікаў: Паміж Пуціным і Лукашэнкам існуе дзіўная ўзаемасувязь

Без падтрымкі Крамля беларускі рэжым не выстаіць.

Як паслабленне Расеі адаб'ецца на рэжыме Лукашэнкі? Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org расказаў славацкі палітолаг і прэзідэнт Інстытута грамадскіх праблемаў (IVO) (Браціслава) Рыгор Мясежнікаў:

– Павінен здарыцца цуд, каб Пуцін асабіста падпісаў дамовы пра нейкае перамір'е, гэты чалавек не здольны на такое. Можна тэарэтычна ўявіць, што Расея нешта падобнае падпіша, але гэта будзе без Пуціна, гэта будзе нехта іншы, іншая група, якая прыйдзе на ягонае месца. З ім гэта зрабіць немагчыма. Калі паглядзець на ўсе дамоўленасці, якія падпісваліся Пуціным, то яны былі невыгодныя для супрацьлеглага боку. Напрыклад, тыя самыя "менскія пагадненні", калі ён скарыстаўся тым, што ў яго была перавага. Ён сапраўды мог забіваць украінцаў, знішчаць украінскую армію і гэтак далей. Ангела Меркель з Франсуа Аландам паспрыялі гэтаму пагадненню, якое пазней увогуле ніяк не функцыянавала.

Як гэта падзейнічае на Лукашэнку? Калі тая ўладная карпарацыя, якая цяпер знаходзіцца ў Маскве, аслабне, страціць нейкіх асноўных сваіх прадстаўнікоў, у тым ліку Пуціна, то аслабне і падтрымка Лукашэнкі. Тут дзіўная ўзаемазалежнасць паміж Пуціным і Лукашэнкам. Лукашэнка ўсё ж баіцца Пуціна, але без падтрымкі Крамля ягоны рэжым не выстаіць.

Калі з нейкай прычыны Пуцін вымушаны будзе сысці, нешта з ім здарыцца, то новай расейскай уладзе давядзецца прадэманстраваць новае стаўленне і да Украіны, і да Беларусі. Гэта будзе для іх магчымасцю паказаць сябе перад Захадам, што яны іншыя. Новая ўлада павінна будзе адмовіцца ад агрэсіўных дзеянняў у дачыненні да Украіны. І потым будзе дэманстраваць сваю прыхільнасць да ідэі захавання незалежнасці суседніх дзяржаваў, што ў іх ужо няма такіх агрэсіўных намераў, што яны не хочуць анэксаваць Беларусь і гэтак далей.

Я зноў-такі зыходжу з урокаў гісторыі. Калі Сталін памёр, то тая банда, тыя людзі, якія былі аднолькава адказныя за ўсе злачынствы ягонага рэжыму, спрабавалі прадэманстраваць Захаду сваю прыхільнасць да дэмакратыі, да міру, да разнастайных прынцыпаў, якія яны ніколі да гэтага не выконвалі. Берыя нават прапанаваў прыняць Савецкі Саюз у NATO.

Любая змена ў Маскве, якая будзе азначаць паслабленне гэтай улады, асабліва сыход Пуціна, ён аслабіць і Лукашэнку. Таму ён і зацікаўлены ў падтрымцы з боку Пуціна, але сваю ўладу таксама хоча захаваць. Як гэта зрабіць у такіх умовах – для Лукашэнкі гэта, вядома, праблема, таму ён так і кідаецца. Спачатку ён нешта Пуціну абяцае, потым заявы дзіўныя робіць, але войскі пакуль не дасылае, хоць і дае тэрыторыю і інфраструктуру для нападу на Украіну. А гэта азначае прамую адказнасць за ўсе тыя злачынствы, якія там здзяйсняе расейскае войска.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках