28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Прыйшоў ужо час ствараць дывізію Кастуся Каліноўскага

45
Зміцер Бандарэнка: Прыйшоў ужо час ствараць дывізію Кастуся Каліноўскага

Існуе рэальная небяспека ўварвання п'янай арды ў Беларусь.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка ў інтэрв'ю сайту Charter97.org расказаў, чым пагражае беларусам мабілізацыя ў Расеі і што рабіць грамадзянам краіны ў гэтай сітуацыі.

– Мы назіраем контрнаступ Украіны. Адваяваная Харкаўская вобласць, ёсць паспяховае прасоўванне на Данбас і ў Херсонскай вобласці. Якія галоўныя складнікі поспеху УСУ вы назвалі б?

– Украінскі народ змагаецца за сваю зямлю і вядзе справядлівую вайну. Мужнасць украінскіх салдатаў – гэта, можа быць, галоўны чыннік, які зламаў расейскую ваенную машыну. Яшчэ адным чыннікам з'яўляецца, вядома, воінскае мастацтва ваеннага кіраўніцтва Украіны. Нездарма адзначаюць талент Залужнага, ягонай каманды і называюць кіраўніка УСУ самым выбітным палкаводцам 21-га стагоддзя.

Безумоўна, найважнейшым чыннікам таксама з'яўляецца перавага заходняй зброі і сістэмаў выведкі над расейскімі. Перамога ў вайне часта вызначаецца наяўнасцю моцных хаўруснікаў, украінскае кіраўніцтва змагло развязаць гэтую задачу – у рамках групы «Рамштайн» Украіна мае магутны сяброўскі блок.

– Пуцін абвясціў мабілізацыю ў Расеі. Ці зменіць гэта ход вайны?

– Зменіць вельмі сур'ёзна, таму што мабілізацыя – гэта вайна, а вялікая мабілізацыя – вялікая вайна. Вядома, гаворка не ідзе пра 300 тысячаў людзей, якіх нібыта хочуць набраць. Зразумела, што ўжо праводзіцца маштабная мабілізацыя. Пра гэта сведчыць пункт сёмы, які «то сакрэтны», «то не сакрэтны». Думаю, што Пуцін паспрабуе рэкрутаваць цяпер ад паўтара да двух мільёнаў чалавек. І гэта кардынальна змяняе ўсю сітуацыю, таму што адна рэч, калі 200–300 тысячаў чалавек удзельнічаюць у ваенных дзеяннях, а іншая – калі іх будзе два мільёны.

Маштабы мабілізацыі гавораць, што пад вялікай пагрозай знаходзяцца сёння Беларусь, Грузія і Малдова. У Беларусь неўнікнёна ўвойдуць новыя расейскія войскі, хоць бы для вайны супраць Украіны.

Калі вялізная маса расейцаў (можа ўвайсці 200–300 тысячаў чалавек) прыйдзе на нашу тэрыторыю для вайны з Украінай, то не факт, што яны потым сыдуць з нашай краіны. І, безумоўна, пад небяспекай сёння Грузія, бо значная частка грузінскай тэрыторыі ўжо захопленая: гэта Абхазія і Паўднёвая Асеція, а ў расейцаў будзе спакуса захапіць усю тэрыторыю, увесці войскі для таго, каб спыніць энэргетычныя праекты, звязаныя з пастаўкай азербайджанскіх энэрганосьбітаў у Еўропу. І мабілізацыя можа рабіцца менавіта для гэтых мэтаў.

– Якімі будуць наступствы мабілізацыі для самой Расеі?

– Безумоўна, вайна ва Украіне прывядзе да спынення існавання Расейскай Федэрацыі ў тым выглядзе, у якім яна ёсць. Мы ведаем, што Савецкі Саюз меў вялізныя экспансіянісцкія планы ў свой час, мільёны салдатаў знаходзіліся за мяжой: ва Усходняй Нямеччыне, Польшчы, Вугоршчыне, Чэхаславакіі, на Кубе, у Манголіі, у Афрыцы, але было таксама ўварванне ў Афганістан. Здавалася, што будзе пашырэнне камуністычнага блока, захоп новых тэрыторый, з'яўленне новых сатэлітаў. Але ў Маскве не ўзялі да ўвагі чынніку таго, што Захад пачаў рэагаваць, ЗША ўбачылі вось гэтую пагрозу і распачалі шэраг контрзахадаў, якія потым скончыліся выратаваннем галоднага насельніцтва СССР «ножкамі Буша».

Вайна ва Украіне неўнікнёна прывядзе да распаду Расеі, але гэта не будзе аднамомантна. Будуць пратэсты расейскага насельніцтва супраць гвалтоўнай мабілізацыі, а таксама ўцёкі, напэўна, мільёнаў расейцаў, якія не хочуць ваяваць. Мы ўжо бачым пачатак гэтага працэсу. Аднак пакуль сітуацыя ў рэгіёне толькі абвастрылася. Пуцін пайшоў ва-банк.

– Ці ёсць верагоднасць таго, што Пуцін дацісне Лукашэнку і прымусіць правесці мабілізацыю ў Беларусі?

– Большай пагрозай для беларусаў з'яўляецца небяспека ўваходжання вось гэтай п'янай арды на нашы землі. Для таго каб пагражаць Украіне з поўначы, магчыма, паўтарыць наступальныя аперацыі з Беларусі ў дачыненні да Украіны, Пуцін неўнікнёна ўвядзе войскі ў нашу краіну, прычым гэта будуць сотні тысячаў маргіналаў, бандытаў і аматараў лёгкай нажывы. І ў гэтай сітуацыі ўжо паводзіны Лукашэнкі не маюць ніякай ролі. Мы бачылі, што калі ён публічна заяўляў, што «Беларусь за мір», адначасова праводзіліся ракетныя авіяцыйныя ўдары расейскіх войскаў з нашай тэрыторыі. Наша радзіма сёння ў неверагоднай небяспецы і мы павінны абараняцца са зброяй у руках.

Неабходна гаварыць пра гэтую небяспеку краінам NATO, таму што для беларусаў і Украіна, і краіны NATO з'яўляюцца хаўруснікамі. І не павінна быць ніякіх там дзікіх ідэяў, каб ратаваць Лукашэнку, бо «ён абароніць ад Пуціна». Гэта трызненне. Мы бачылі, што калі ўвайшло 30 тысячаў расейцаў, то Лукашэнка з Макеем і Колем не бегалі з аўтаматамі. Супраць свайго народа яны з аўтаматамі бегалі, а вось калі паводле Канстытуцыі павінныя абараняць незалежнасць краіны, палец аб палец не ўдарылі.

Таму роля Лукашэнкі будзе ніякая, але небяспека акупацыі і часовай страты незалежнасці існуе. І гэта павінен усвядоміць кожны беларус.

– Апошнія падзеі паскараюць або аддаляюць перспектыву вызвалення Беларусі?

– Мы павінны рэагаваць на тыя пагрозы, якія ўзнікаюць. Неабходна даводзіць да нашых украінскіх сяброў і заходніх хаўруснікаў думку, што надышоў час ствараць паўнавартасную беларускую дывізію імя Кастуся Каліноўскага. І рыхтаваць яе менавіта для абароны незалежнасці Беларусі. Гэтая дывізія павінна быць добра падрыхтаваная і добра ўзброеная. Мне здаецца, таксама надышоў момант фармавання палітычнай сілы вакол палка Каліноўскага. Бо ў тых людзей, якія правалілі рэвалюцыю ў Беларусі, нават вусны не складаюцца сёння, каб вымавіць такія словы, як полк імя Кастуся Каліноўскага. Асяроддзе Ціханоўскай кажа пра нейкіх там абстрактных добраахвотнікаў ва Украіне, якія павінны ім прысягнуць.

Нядаўна прачытаў кароткае інтэрв'ю міжнароднага прадстаўніка віленскага офіса Кавалеўскага пра гераічную паездку ў Нью-Ёрк. І ён больш гаворыць там пра Макея, чым пра сваю кіраўніцу. Відаць, што для Кавалеўскага і сёння Макей застаецца кіраўніком. Я проста кажу гэта для таго, каб зразумець – не трэба спадзявацца на тых, хто не з'яўляецца лідарамі і праваліў усё, што можна было праваліць.

Лідары сёння – гэта нашы героі ў турмах і сотні людзей, якія могуць стаць касцяком беларускай дывізіі, беларускай арміі. Гэта значыць, тыя, хто ўжо даказаў адданасць Беларусі сваімі дзеяннямі. Менавіта вакол іх трэба згуртавацца.

І сёння трэба кінуць усе сілы, каб абараніць краіну. Рэжым Пуціна ўпадзе, калі супраціў будзе паўсюль: на Каўказе, у Крыме, на Данбасе, у Беларусі, калі будуць узмоцненыя санкцыі супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, калі NATO ўключыцца на поўную моц. А пакуль беларусам трэба сабрацца ў кулак і дзейнічаць. Радзіма ў небяспецы.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках