19 красавiка 2024, Пятніца, 23:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гомелі пачаўся суд над «рэйкавымі партызанамі» са Светлагорску

7
У Гомелі пачаўся суд над «рэйкавымі партызанамі» са Светлагорску

Ім пагражаюць вялікія тэрміны.

У Гомельскім абласным судзе пачаўся закрыты працэс паводле справы палітвязняў «рэйкавых партызан» са Светлагорску. Сярод іншага іх абвінавачваюць у тэрарызме і здрадзе дзяржаве, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Падсудныя палітвязні, жыхары Светлагорска Алег Малчанаў, Дзмітрый Равіч і Дзяніс Дзікун, якія абвінавачваюцца адразу паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.3 арт.289 (Акт тэрарызму), ч.1 арт.356 (Здрада дзяржаве) ч.2 і 4 арт.309 (Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў злучэнняў), ч.3 арт.361 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).

Паводле версіі следства, у ноч з 28 лютага на 1 сакавіка 2022 года партызаны спалілі рэлейную шафу на чыгуначнай станцыі «Жэрдзь — Астанковічы». Перагон знаходзіцца на лініі Жлобін — Калінкавічы, якая працягваецца ў бок Оўруча (Жытомірская вобласць Украіны).

У чэрвені Дзікуна, Равіча і Малчанава ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў», праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

Працэс праходзіць у закрытым рэжыме, справу разглядае суддзя Анатоль Сотнікаў.

Нагадаем, некаторым «рэйкавым партызанам» з іншых гарадоў ужо вынеслі вялікія тэрміны. Так, супрацоўніка Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Сяргея Канавалава прыгаварылі да 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму — ён нібыта планаваў вывядзенне са строю сістэмы, якая гарантуе бяспеку чыгуначнага руху.

Трое «партызан» з Бабруйска атрымалі ад 14 да 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

На днях у суд таксама перадалі справу «рэйкавых партызан» з Мазыра. Аднаго будуць судзіць паводле чатырох артыкулаў, другога - паводле сямі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках