У Берасці затрымалі беларуску, якая жыве ў Нямеччыне
13- 27.09.2022, 20:08
- 27,656
Яна ўнесла выпраўленні ў пашпарт.
У Берасці памежнікі затрымалі беларуску з несапраўдным пашпартам, паведамляе тэлеграм-канал Дзяржпамежкамітэта.
Інцыдэнт здарыўся 25 верасня. Так, беларуска, якая жыве ў Нямеччыне, паказала на мяжы пашпарт з выпраўленым тэрмінам дзеяння. Паведамляецца, што беларуска ўязджала ў краіну з Польшчы, праваахоўнікам жанчына дала пашпарт, у якім самастойна раней выправіла тэрмін дзеяння, павялічыўшы яго на 10 месяцаў.
Жанчына сказала, што без дзейнага беларускага пашпарта яна не магла б аформіць нямецкі пашпарт. Таму і пастанавіла змяніць лічбу ў графе пра месяц з "0" на "1".
Падробка пагражае буйным штрафам ад 10 да 100 базавых велічыняў (ад 320 да 3200 рублёў у верасні 2022-га. – Заўвага). Супраць беларускі распачалі адміністрацыйны працэс за спробу парушэння дзяржмяжы, яе пашпарт з выпраўленнямі канфіскавалі.
У ДПК нагадалі, што пры страце або пашкоджанні пашпарта грамадзянінам Беларусі за мяжой трэба звярнуцца ў амбасаду або консульства ў краіне знаходжання.