25 красавiка 2024, Чацвер, 15:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Можа, табе і адрас склепа падказаць?»

11
«Можа, табе і адрас склепа падказаць?»

У Менску вырас попыт на вясковыя дамы і вайсковую экіпіроўку.

Градус трывожнасці ў Беларусі зноў павялічыўся. На фоне чутак пра прыём чыгункай ваенных эшалонаў з РФ і навінаў пра расейцаў, якіх такі пачалі здымаць з цягнікоў на мяжы, заспакаяльныя заявы ўладаў, што ў Беларусі мабілізацыі дакладна не будзе, здаецца, маюць крыху іншы эфект.

Напрыклад, рыэлтары кажуць, што прыкметна павысіўся попыт не толькі на пасутачныя кватэры, але і на лецішчы, і нават на вясковыя дамы – хоць, здавалася б, не сезон.

А некаторыя нашы чытачы расказваюць, што зноў, як і ў пачатку сакавіка, правяраюць і папаўняюць хатнія аптэчкі і складаюць спіс самых неабходных рэчаў. "Можаце смяяцца, але нас з мужам гэта рэальна супакойвае – мець хоць нейкі план на выпадак, калі вайна перакінецца наўпрост у Беларусь", – напісала дзяўчына з Барысава.

Смяяцца мы не сталі. Наадварот, карэспандэнтка "Салідарнасці" прайшлася па некалькіх гандлёвых пунктах ваеннага адзення і турыстычнага рыштунку (такіх "Старшых прапараў", "Капцёрак", "Камбатаў", "Ваенградаў", "Служывых" у Менску блізу двух дзясяткаў, ёсць нават "Балаклаўская бухта"). І паспрабавала даведацца, ці шмат цяпер такіх запанікавалых (ці, наадварот, прадбачлівых) беларусаў.

– Вам што падказаць – сабе, мужу, для рыбалкі, для лецішча? – з парога цікавіцца прадавец у адной з невялікіх крамаў у "спальным раёне".

На маё здзіўленне пацвярджае: так, прыходзяць і жанчыны-пакупніцы, "у мяне ў самога жонка такая аматарка грыбоў, што ж ёй мерзнуць у восеньскім лесе". Прапануе даволі прыстойную тэрмабялізну ад 50 рублёў за адзінку – зімой на снезе, вядома, не паспіш, але ў золкім кастрычніку, запэўнівае, не змерзнеш.

Акрамя бялізны, паводле словаў прадаўца, пакупнікі актыўна бяруць касцюмы тыпу "Горка" – камплекты ветраахоўнага адзення, якое стваралася спецыяльна для горнай мясцовасці, але падыходзіць, як высветлілася, і для беларускіх шыротаў.

– Нешта ў вас пуста?

– Ну, дык яшчэ не пятніца, а вось калі да выходных мужыкі на рыбалку сабяруцца і высветляць, што чагосьці не стае, тады да мяне і прыходзяць, – жартуе прадавец.

У іншай краме на просьбы параіць нешта для мужа-грыбніка таксама параілі пачаць з тэрмабялізны і добрага абутку, а камплект верхняга адзення падбіраць потым "у залежнасці ад патрэбаў".

Выбар тут сапраўды велізарны, ды да таго ж, спакушаюць прадаўцы, цяпер зніжкі: зручныя трэкінгавыя чаравікі – "хоць цяпер на Эверэст" каштуюць 180 рублёў замест 230, тактычныя штаны – ад 80–100 рублёў, летнія верхнія камплекты – ад 90. Праўда, Найболей актуальныя зімовыя "заважаць" ад 200 да 800 рублёў, але ў апошнім выпадку, паблажліва тлумачаць мне, паўкамбінезон і куртка прымеркаваныя на камчацкі клімат і вытрымаюць да 30 градусаў марозу.

Цікавая дэталь: хоць у гэтым гандлёвым пункце прадаюць і старыя ўзоры вайсковай адзежы з Канады, Вялікай Брытаніі, ЗША, але большасць рэчаў, мяркуючы з цэтлікаў, усё ж з Расеі. А яшчэ тут ёсць элементы сухпайка, у асноўным таксама расейскія, і разнастайныя сцягі, прычым самыя дарагія – беларускі дзяржаўны (абазначаны як "Беларусь"), расейскі і "сцяг Вінесуэлы".

– У вайсковыя крамы трэба хадзіць з дасведчанымі людзьмі, інакш шмат дзе спрабуюць "упарыць" тое, што дорага і непатрэбна, – падзяліўся назіраннямі знаёмы турыст і заўзяты рыбалоў. – Таму, калі сур'ёзна не збіраецеся скараць Эльбрус або займацца падлёднай лоўляй, найлепшы варыянт, як на мяне – рынак у Лебядзіным.

І сапраўды, рынак, які перажыў не адно "ўшчыльненне", цалкам сабе жывы, а на шэрагах з паляўнічай і рыбалоўнай экіпіроўкай ажыўлена – калі ў крамах атрымоўвалася заспець аднаго, максімум двух пакупнікоў цяпер, то тут увесь час падыходзяць, пытаюць, прымяраюць і набываюць. У тым ліку і яскрава выражаныя "турысты" з Усходу, наплыў якіх Менск перажываў год таму.

Заўважаем адразу некалькі групаў, якія прыглядаюць спальнікі, цёплы абутак і камуфляжныя курткі. У адным месцы прадавец мае зносіны з імі сам на ламанай ангельскай, у іншым – групу суправаджае расейскамоўны тлумач, ён жа, мяркуючы з усяго, бухгалтар.

– Ван? – паднімаючы для навочнасці палец, гандляр адкладае адну пару цёплых пальчатак і спальны мяшок.

– Файф, – удакладняюць пакупнікі і, не гандлюючыся, перадаюць грошы.

Непадалёк дзве жанчыны выбіраюць абутак, варыянт для лецішча і лесу – ім прапануюць "цёплыя і да таго ж прыгожыя" разнавіднасці берцаў за 80–120 рублёў, пажылы мужчына прымярае камуфляжную куртку з мноствам кішэняў, узамен зношанай – увогуле, усё даволі трывіяльна.

– Слухай, а ты дзе сваю "горку" браў? – пытае адзін з гандляроў у суседа. – Я вось таксама хачу нешта цяплейшае, каб зімой тут не акалець.

– Можа, табе і адрас склепа падказаць, дзе пераседзець? – аджартоўваецца той, але ўрэшце бурчыць, маўляў, калісьці даўно прывёз з Польшчы.

На роспыты, ці стала больш пакупнікоў, тутэйшыя прадаўцы паціскаюць плячыма: маўляў, ажыятажу няма, усё як звычайна: у рыбакоў сезон круглы год, а маладыя турысты ўсё больш у спартовыя супермаркеты ездзяць.

– Але калі спатрэбіцца – увесь горад ведае, дзе мы, – падсумоўвае суровы прадавец у камуфляжы.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках