20 красавiка 2024, Субота, 9:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст пра планы рэжыму на 2023 год: Альбо падышах памрэ, альбо ішак здохне

2
Эканаміст пра планы рэжыму на 2023 год: Альбо падышах памрэ, альбо ішак здохне

Як беларускія ўлады адарваліся ад рэальнасці.

Рэжым спадзяецца, што ВУП краіны ў 2023 годзе павінен вырасці на 3,8%. Пра гэта паведаміў старшыня Саўміна Раман Галоўчанка на пасяджэнні прэзідыума, на якім абмяркоўваліся праекты сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі і бюджэту на наступны год.

Такія планы ўрада. Але вось рэальнасць злёгку бянтэжыць падзеннем эканомікі. У 2022 годзе ВУП павінен быў вырасці на 2,9%, аднак паводле вынікаў васьмі месяцаў знізіўся на 4,9%, прамысловая вытворчасць упала на 6,6%, а інвестыцыі ў асноўны капітал абваліліся на 18,5%.

Дзе ўрад збіраецца шукаць крыніцы росту, адкуль такі аптымізм?

Свой пункт гледжання сайту «Свабодныя навіны» выказаў эканаміст Леў Марголін.

– Мяне раздзіраюць цьмяныя сумневы. Можа, нашая ўлада спадзяецца, што вайна скончыцца сёлета, а налета эканоміка пакоціцца па мірных рэйках? Можа, ва ўрада ёсць інсайдарская інфармацыя з Расеі? Усё магчыма…

А калі сур'ёзна, то ва ўмовах ваенных дзеянняў, ва ўмовах санкцый ніякага эканамічнага росту, нават у параўнанні з гэтым годам, не прадбачыцца. Дай Бог прытармазіць падзенне або запаволіць рэцэсію. Бо ніякіх замежных інвестыцыяў пакуль не назіраецца.

– Нажніцы паміж запланаваным ростам ВУП у 2022 годзе (2,9%) і рэальнасцю (падзенне на 4,9%) складаюць амаль восем адсоткавых пунктаў. Не кожнай мірнай эканоміцы пад сілу нагнаць спад і дабіцца росту. Што ж надае аптымізму ўраду?

– Я вось таксама не бачу падставаў для аптымізму. Можна меркаваць, што падставай для яго з'яўляецца прамое ўказанне кіраўніцтва. А там, паводле вынікаў, альбо падышах памрэ, альбо ішак здохне. Пры невыкананні планаў заўсёды можна спаслацца на аб'ектыўныя акалічнасці, якія перашкодзілі іх выкананню. Гавораць, сапраўдны эканаміст павінен прадбачыць, якой эканоміка будзе праз год, а пасля пераканальна растлумачыць, чаму гэтага не адбылося. З такога гледзішча беларускі ўрад дзейнічае як сапраўдны эканаміст.

– Падзенне ВУП паводле вынікаў васьмі месяцаў склала 4,9%. Міжнародныя фінансавыя структуры даюць розныя прагнозы, хоць пераважае гледзішча, што яно можа запаволіцца, але ніяк не спыніцца. Ваша меркаванне: як будзе адчуваць сябе ВУП да канца года?

– На мой погляд, падзенне будзе вышэйшым, чым цяпер. Штогод у жніўні – верасні дзейнічаюць сезонныя чыннікі, якія і змякчаюць мінусаванне эканомікі; але праз месяц-два часовыя акалічнасці сыходзяць з рынга, а эканоміка прадаўжае абвальвацца. Думаю, да канца года падзенне ВУП можа дасягнуць адсоткаў пяці.

– Вас не насцярожваюць разлікі, паводле якіх беларуская прамысловасць устане з каленяў?

– Прамысловасць на сёння – самае ўразлівае звяно. Слабых звёнаў у нас даволі шмат (будаўніцтва, транспарт), але самае-самае – гэта менавіта прамысловасць. І рэч нават не ў дэфіцыце камплектавальнікаў (у нас абмежаванняў на імпарт значна менш, чым у той самай Расеі), а ў адсутнасці рынкаў збыту: беларускую прадукцыю ніхто не хоча браць.

Адзіны аптымістычны прагноз у прамысловасці я пачуў ад прадпрыемства БелДЖы, якое павіннае выйсці на цяперашні ўзровень. Усе камплектавальнікі пастаўляюцца з Кітая, а ва ўмовах сыходу заходніх вытворцаў з Расеі аб'ём экспарту прадукцыі таксама не абмежаваны. МАЗ пасля развітання заходніх вытворцаў з расейскім рынкам таксама мог бы нарасціць аб'ёмы экспарту, але, у адрозненне ад БелДЖы, ён самастойна набывае камплектавальнікі.

А ва ўмовах санкцый, якія безумоўна будуць дзейнічаць увесь наступны год, захаваюцца праблемы і з калійнымі, і з азотнымі ўгнаеннямі, і з нафтаперапрацоўкай.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках