25 красавiка 2024, Чацвер, 14:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэстабілізацыя Расеі

2
Дэстабілізацыя Расеі
ВІТАЛЬ ПОРТНІКАЎ

Што стаіць за мабілізацыяй у РФ.

Абвешчаная Пуціным мабілізацыя грамадзян ва Узброеныя сілы РФ, здаецца, ужо стала фактарам, які дэстабілізуе і саму дзяржаву, і яго прапаганду.

Расейскія афіцыйныя медыя не ў сілах схаваць ад суграмадзян уцёкі дзясяткаў тысяч людзей у суседнія краіны — «суцяшаць» Уладзіміра Пуціна давялося ягонаму беларускаму хаўрусніку Аляксандру Лукашэнку. Неразуменне саміх мэт мабілізацыі, пуцінскі падман - яшчэ некалькі месяцаў таму расейскі прэзідэнт абяцаў суграмадзянам, што ніякай мабілізацыі не будзе - усё гэта дазваляе казаць не толькі аб новым этапе вайны, але і новым этапе змены грамадскіх настрояў сярод саміх расейцаў.

Пры гэтым, калі этнічныя расейцы заклапочаныя, у першую чаргу, уласным выратаваннем, то народам Расеі даводзіцца думаць яшчэ і аб нацыянальным выжыванні. Маштабная мабілізацыя - гэта тысячы маладых мужчын, якія не вернуцца з вайны.

Але тое, што ў жыцці расейскага народа можа здавацца статыстыкай, - хоць і ў гэтым выпадку няма ніякіх сумневаў, што за кожнай лічбай стаіць загубленае ўладай жыццё - для народаў, напрыклад, Дагестана, можа стацца пытаннем самога нацыянальнага існавання. Можа, менавіта таму ў гэтай расейскай рэспубліцы ўспыхнулі першыя масавыя пратэсты?

Паглядзіце на колькасць прадстаўнікоў кожнага з дагестанскіх народаў - самыя буйныя з іх не перавышаюць і некалькіх сотняў тысяч, а большая частка - некалькі дзясяткаў тысяч. Параўнайце з меркаванымі лічбамі мабілізацыі. І, магчыма, вы зразумееце, чаму так усхваляваны дагестанскія жанчыны, - на гэтай вайне яны могуць страціць не толькі мужоў, братоў і сыноў. Яны могуць страціць і Радзіму.

Прыклад анэксаванага Крыма паказвае, што Крэмль можа цалкам свядома выкарыстоўваць мабілізацыю як інструмент этнічнай чысткі. Кожная позва, якая прыходзіць у крымска-татарскую сям'ю, нагадвае аб тым, як развязваў праблему старажытнага народа Іосіф Сталін, які наважыўся канчаткова «ачысціць» Крым ад карэннага насельніцтва.

Відавочна, Уладзімір Пуцін не можа пайсці шляхам адкрытых дэпартацый, але можа скарыстацца магчымасцю, якую экспэрты завуць утоенай дэмаграфічнай мінай. Менавіта гэта, на мой погляд, у Крыме цяпер і адбываецца.

Але на праблемы крымскіх татараў звяртае ўвагу Украіна, кіраўніцтва якой уважае сябе адказным нагадваць свету аб лёсах суграмадзян, якія апынуліся пад расейскай акупацыяй. Прэзідэнт Украіны заявіў аб «свядомай спробе знішчыць крымска-татарскую нацыю» і яго словы пачулі ва ўсім свеце.

Але ў народаў Дагестана, у іншых народаў Паўночнага Каўказа, у буратаў, тувінцаў ці ўдмуртаў іншы прэзідэнт - Уладзімір Пуцін. І ці наўрад ён будзе казаць аб такой спробе знішчыць гэтыя і іншыя карэнныя народы Расеі, скарыстаўшыся мабілізацыяй як самай зручнай і простай магчымасцю.

Віталь Портнікаў, «Крым.Реалии»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках