19 красавiка 2024, Пятніца, 15:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Два пытанні да беларускіх праваабаронцаў

14
Два пытанні да беларускіх праваабаронцаў
Андрэй Саннікаў

Вызваляць трэба ўсіх, а не паводле спакладаных спісаў.

У Варшаве гэтымі днямі праходзіць Канферэнцыя АБСЕ ў чалавечым вымярэнні. Афіцыйныя прадстаўнікі Расеі і Беларусі яе байкатуюць. У рамках Канферэнцыі запланавана даволі шмат дыскусій (сайд-івэнтаў) пра Беларусь. Адно з такіх мерапрыемстваў называлася «Беларусь: без права на абарону». У ім удзельнічалі праваабаронцы і юрысты, а таксама спецдакладніца ААН пра Беларусь Анаіс Марын.

Гаварылася пра жахлівую сітуацыю з абаронай правоў чалавека ў Беларусі. Юрысты расказвалі, як ім цяжка, як іх пазбаўляюць ліцэнзій (чыстая праўда).

Скарыстаўшыся прысутнасцю беларускіх праваабаронцаў, у тым ліку з арганізацый, якія ўзялі на сябе адказнасць адмаўляць палітвязням у праве так называцца, я задаў два пытанні.

1. Чаму беларускія праваабаронцы хаваюць рэальную колькасць палітвязняў у краіне? Кажуць пра 1327, а не пра 4-5 тысячаў. Нават следчы камітэт, гэты орган карнікаў, прыводзіць лік 11 000 крымінальных справаў, заведзеных паводле розных «экстрэмісцкіх» артыкулаў, гэта значыць палітычных. Зразумела, што некалькі чалавек выйшла на волю, у дачыненні да аднаго чалавека можа быць распачата некалькі справаў, але ўсё ж 11000 справаў ніяк не роўныя 1327. Чаму праваабаронцы адкрыта падгульваюць рэжыму, змяншаючы маштабы рэпрэсій? Тут прысутнічае спецдакладніца ААН, якой важна мець рэальныя лікі рэпрэсаваных, а не крывадушныя звесткі.

2. Паводле якога права людзей, вядомых сваёй шматгадовай барацьбой з рэжымам, герояў і патрыётаў Беларусі, такіх як Мікола Аўтуховіч, не называюць палітвязнямі? Чаму праваабаронцы падпарадкоўваюцца рэжыму і ў апраўданне сваёй баязлівасці прыводзяць сфабрыкаваныя рэжымам абвінавачванні нібыта ва ўжыванні гвалту? Паліну Шарэнду-Панасюк доўга не прызнавалі палітзняволенай, прыводзячы ў апраўданне вар'яцкія версіі следства пра гвалт. Маці, якая бараніла сваіх дзяцей, калі ў хату ўварваліся бандыты, высвятляецца, ужывала гвалт.

Няма нічога складанага ў тым, каб прызнаць палітвязнямі ўсіх тых, хто праходзіць ці асуджаны паводле палітычных артыкулаў. Але, відаць, нехта мяркуе, што страціць сваю важнасць, якая ў гэтым выпадку заключаецца ў саўковых бюракратычных працэдурах.

Цікава, што адказвала на мае пытанні расейская праваабаронца, якая працуе ў польскай арганізацыі. Адказ нават прыводзіць не хочацца, настолькі дэмагагічным ён быў, маўляў, у Беларусі ўсіх абвінавачваюць і судзяць несправядліва.

Аргументаў, якія прыводзяць беларускія праваабаронцы, усяго два.

1) У нас ёсць крытэрыі, прынятыя паводле рэкамендацыі Рады Еўропы.

Крытэрыі сапраўды ёсць, але, на мой погляд, яны сёння больш служаць рэжыму, чым абароне правоў чалавека. Да таго ж прынятыя яны былі амаль 10 гадоў таму, яшчэ да першай вайны ва Украіне.

2) У спрэчных выпадках мы назавем абвінавачаных палітвязнямі пасля суда.

Гэты аргумент увогуле не вытрымлівае ніякай крытыкі. Спрэчнымі выпадкамі праваабаронцы называюць тыя, у якіх ёсць сфабрыкаваныя абвінавачанні ў гвалце. Якога суда яны чакаюць? Што хочуць для сябе высветліць? Да таго ж суды сёння амаль усе закрытыя, як над Аўтуховічам.

Выснова такая: нічога нашыя праваабаронцы мяняць не збіраюцца, ні ў дачыненні да колькасці палітвязняў, ні ў дачыненні да асобных вязняў рэжыму.

Пляваць бы на іх, але менавіта яны пастаўляюць лікі і імёны ў міжнародныя арганізацыі, менавіта гэтымі лікамі карыстаецца міжнародная прэса. Гэтыя лікі пазбаўляюць астатніх палітвязняў падтрымкі, у тым ліку міжнароднай.

Трэба нешта рабіць нам самім. Шукаць спосабы выправіць сітуацыю.

Вызваляць трэба ўсіх, а не паводле спакладаных спісаў.

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках