24 красавiка 2024, Серада, 0:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейцы масава здымаюць кватэры на дзень у Менску

16
Расейцы масава здымаюць кватэры на дзень у Менску

Кошты кватэр выраслі.

Адразу пасля абвяшчэння мабілізацыі ў Расеі на межах узніклі вялізныя чэргі - людзі, каб не быць прызванымі на вайну ва Украіну, беглі ў суседнія краіны, у тым ліку і Беларусь. Колькі расейцаў цяпер знаходзіцца ў нашай краіне, сказаць немагчыма. Хутчэй за ўсё, шмат. Пра гэта можна меркаваць хаця б па тым, што занятыя і зарэзерваваныя на некалькі тыдняў наперад практычна ўсе кватэры, якія здаюцца ў Менску падзённа. Адна з арэндадаўцаў распавяла «Зеркалу», што «здымаюць жыллё разгубленыя мужчыны з Расеі», а праз павышаны попыт кошты кватэр выраслі на 30%.

«Спыняюцца, каб спакойна абдумаць, што ім рабіць далей»

Святлана (імя змененае) - уладальніца шэрагу сталічных кватэр, некаторыя з іх яна здае на дзень у арэнду. З яе слоў, у Менску зняць кватэру на дзень цяпер вельмі цяжка - практычна ўсё жыллё занятае або зарэзерваванае на найбліжэйшыя тыдні. Прычым, разабралі ўсе кватэры, незалежна ад таго, у якім раёне яны размешчаныя.

- Сёння нашы асноўныя арандатары - гэта мужчыны з Расеі. Нехта здымае жыллё на пару дзён ці тыдзень, нехта адразу на месяц. Спыняюцца ў нас, каб спакойна абдумаць, што ім рабіць далей, вызначыць, куды ехаць. Многія просяць аб магчымасці падаўжэння тэрміну арэнды, - распавяла Святлана.

Суразмоўніца кажа, што расейцам зарэзерваваць кватэру цяпер складаней, чым раней, бо Расею і Беларусь адключылі ад папулярных сэрвісаў па арэндзе жылля Airbnb і Booking, людзям даводзіцца шукаць даступныя варыянты на іншых рэсурсах.

Кошты на рынку кароткатэрміновай арэнды кватэр імкліва пайшлі ўверх, што нагадвае анекдот: «Колькі кватэра на дзень»? - «100 даляраў». - «Чаму так дорага для Беларусі»? - «300». Святлана адзначыла, што гэты сумны гумар сапраўды праўдзівы, але не таму што да расейцаў дрэнна ставяцца і нажываюцца на іх, а таму што арэндадаўцы - гэта бізнэсоўцы, якія карыстаюцца момантам, каб зарабіць, асабліва пасля працяглага зацішша, звязанага з каранавіруснымі абмежаваннямі.

- У мяне і маіх калег няма нянавісці ці агрэсіі да расейцаў, ніхто з нас не заяўляе кватарантам, маўляў, раз ты расеец, то кватэру табе не здам. Я бачу, што да нас едуць разгубленыя людзі, яны бягуць са сваёй краіны з мінімумам рэчаў, нібыта пры пажары выскачылі з дому. Гэта людзі розных прафесій: прадпрымальнікі, мэнэджары, ІТ-спецыялісты і іншыя. Большасць з іх не падтрымліваюць вайну ва Украіне. Напрыклад, з 30 кватарантаў, якія пабывалі ў мяне з пачатку мабілізацыі, толькі двое за дзеянні расейскіх уладаў.

Праз тое, што попыт на жыллё перавышае прапанову, кошты арэнды кватэр падраслі прыкладна на 30%. Ці будзе кошт арэнды жылля расці далей, Святлана меркаваць не бярэцца. Але за кошт гэтага ажыятажу многія калегі нашай суразмоўніцы, якія да нядаўняга часу мелі намер здаваць сваю нерухомасць на працяглы тэрмін, пераарыентаваліся на кароткатэрміновую арэнду.

Што і пачым ёсць у наяўнасці па арэндзе жылля

Калі шукаць жытло праз беларускія сайты, то варыянты арэнды кватэр на дзень знайсці можна. Праўда, кошты іх значна вышэйшыя, чым паказана ў аб'яве. Напрыклад, ёсць аднапакаёўкі за 70-90 рублёў на дзень, а пры звароце праз тэлефон называюць суму, большую за 120-130 рублёў. Таксама арэндадаўцы просяць паспяшацца з пастановай аб пражыванні - патэнцыйных кватарантаў тэлефануе шмат. Некаторыя адзначаюць, што калі здымаць мінімум на тыдзень, то можна разлічваць на зніжку ў арэндзе.

Мы пад выглядам патэнцыйнага жыхара пацікавіліся ў арэндадаўцаў, ці не будуць яны супраць, калі ў кватэры будзе пражываць расеец. На што атрымлівалі адказ аб тым, што грамадзянства кватаранта іх не хвалюе, галоўнае - каб «чалавек быў прыстойны, не паліў і нічога не нішчыў». Некаторыя дадавалі, што кватарант можа адпачываць спакойна і баяцца яму няма чаго, маўляў, беларуская міліцыя гасцямі арэндных кватэр не цікавіцца - «гэта вашыя вашых на мяжы ловяць».

А вось на расейскіх рэсурсах па арэндзе жылля ў Беларусі са свабоднымі варыянтамі больш складана. Напрыклад, на сайце Ostrovok.ru сабраныя прапановы аб 1339 сталічных кватэрах, з іх даступных з заўтрашняга дня ўсяго 34. Прычым кошты кусаюцца яшчэ мацней: за кватэру на праспекце Пушкіна давядзецца заплаціць 140 рублёў на дзень (гэта самы нізкі кошт), за аднапакаёўку на вуліцы Караля просяць 280 рублёў А самы высокі кошт за апартаменты ў жылым комплексе «Мінск Мір» - 475 рублёў за пражыванне аднаго чалавека.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках