24 красавiка 2024, Серада, 1:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Візітам у Абхазію Лукашэнка «стрэліў» сабе ў галаву

14
Візітам у Абхазію Лукашэнка «стрэліў» сабе ў галаву

Экспэрты расказалі пра наступствы для дыктатара.

«Мы прыехалі з дабром. І калі мы нечым вам можам дапамагчы, пры тым гэта ўзаемавыгаднае будзе супрацоўніцтва, а кірунак яго ёсць, мы гэта зробім». Такімі словамі Лукашэнка пачаў свой нечаканы візіт у самаабвешчаную Абхазію 28 верасня. Адметна, што непрызнаную рэспубліку ён наведаў упершыню, паведамляе «Белсат». Яшчэ ў 2015 годзе, пасля перамоваў у Тбілісі з прэзідэнтам Георгіем Маргелашвілі, Лукашэнка заяўляў, што Беларусь прызнае, цытата, «тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі ў яе міжнародна-прызнаных межах». Што ж адбылося цяпер?

«Для Лукашэнкі, напэўна, было так неабходна паказаць Маскве: я з вамі, я гатовы зрабіць нейкія крокі, якія вам спадабаюцца. Ён там сказаў. І зноў гэтая рыторыка пра старэйшага брата Пуціна. Гэта ўсе такія словы, якія павінны падабацца Расеі і падабацца Пуціну», - мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

«Гэтыя два дыктатары, два тыраны, абралі шлях правакацыі міжнароднай супольнасці і шлях ігнаравання ўсіх правілаў, створаных з другой сусветнай вайны», - падзяліўся сваім меркаваннем дэпутат Еўрапарламента Сяргей Лагадзінскі.

Візіт у Сухумі Лукашэнка здзейсніў пасля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Сочы, пра што ён сам расказваў на сустрэчы з так званым прэзідэнтам Абхазіі Асланам Бжаніям: «Абмяркоўваючы праблемы Абхазіі з нашым старэйшым братам, з Уладзімірам Уладзіміравічам, шмат вельмі, да ночы абмяркоўвалі гэтыя пытанні. Ён вельмі пагружаны, больш за мяне, у праблемы і справы Абхазіі. Мы дашлі да адной высновы: што Абхазія ёсць, яе з мапы не сцерці, ніякія санкцыі не змогуць гэта зрабіць».

Лукашэнка афіцыйна не прызнаў незалежнасць Абхазіі. Але яго візіт у непрызнаную рэспубліку - нагода для новых санкцый з боку Еўрапейскага Звязу, мяркуе дэпутат Еўрапарламента Рышард Чарнецкі: «Гэты візіт з'яўляецца не толькі знакам падтрымкі Пуціна беларускім дыктатарам у яго вайне ва Усходняй Еўропе (Украіне), але і ўмяшаннем у замежную палітыку Паўднёвага Каўказа. Я ўпэўнены, што Еўразвяз не павінен маўчаць у гэтым вельмі далікатным і важным пытанні».

Цяпер у Грузіі знаходзіцца шмат беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну праз рэпрэсіі. На думку палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана, візіт Лукашэнкі ў Сухумі на палітычных эмігрантах адбіцца не павінен. А якімі будуць стасункі афіцыйнага Тбілісі і Менска?

«Калі ўзяць беларуска-грузінскія стасункі, то гэты візіт, безумоўна, паўплывае на пагаршэнне гэтых стасункаў. І гэта тычыцца ўрада Грузіі, і асабліва гэта датычыцца насельніцтва Грузіі, якое вельмі непрыемна ўспрыняла гэты візіт Лукашэнкі», - мяркуе Аляксандр Фрыдман.

Пасля расейска-грузінскай вайны 2008 года стасункі Лукашэнкі і Грузіі можна было назваць ва ўсіх сэнсах сяброўскімі. Напрыклад, у 2012 годзе Міхаіл Саакашвілі і Аляксандр Лукашэнка разам глядзелі фінал чэмпіянату Еўропы ў футболе. Не дзе-небудзь, а ў Кіеве. У лютым гэтага года былы прэзідэнт Грузіі ў гарадскім судзе Тбілісі і зусім распавёў унікальную гісторыю: «Я чатыры разы таемна сустракаўся з Лукашэнкам у Лондане. Упершыню расказваю пра гэта. Гэта была таемная дыпламатыя. Тое, што Лукашэнка дагэтуль не прызнаў Паўднёвую Асецію і Абхазію, з'яўляецца вынікам маіх паездак у Лондан».

Візіт Лукашэнкі ў Абхазію пракаментавала прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі:

«Не магу не адзначыць, наколькі непрымальнае і трывожнае тое, што адбылося. эта вельмі цынічны падыход, калі прэзідэнт Беларусі прыбывае ў Абхазію ў парушэнне закону «Аб акупацыі», у парушэнне ўсіх нормаў і прынцыпаў міжнароднага права, а таксама ў парушэнне нашых нібыта сяброўскіх стасункаў. Я вельмі рада, што дагэтуль марудзіла і не падпісала прызначэнне новага амбасадара Грузіі ў Беларусі. Мы павінны абараняць нашыя правілы, нашу тэрыторыю, нашыя прынцыпы, і мы павінныя патрабаваць гэтага ад усіх».

Лукашэнка трымаўся да апошняга. Будучы загнаным у кут, ён здзейсніў тое, што многія экспэрты назвалі стрэлам сабе ў галаву. Відавочна, гэта разумеюць і дзяржаўныя беларускія СМІ, якія ваяж Лукашэнкі ў Сухумі назвалі ўсяго толькі «візітам у гістарычныя месцы паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа Чорнага мора».

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках