25 красавiка 2024, Чацвер, 6:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы год пачаўся для лукашыстаў з дрэнных навінаў

12
Новы год пачаўся для лукашыстаў з дрэнных навінаў

Рэжым пазбавіў сябе шчыліны для атрымання валюты ў бюджэт.

Пачатак 2023 года лукашысты сустрэлі з вельмі непрыемнымі для іх навінамі – «Гомельскі хімічны завод» (ГХК) страціў 95% экспарту.

І хоць гэтае прадпрыемства збольшага было арыентаванае на ўнутраны рынак, значную частку прыбытку прыносілі замежныя спажыўцы ўгнаенняў: Украіна, Польшча, Літва, Латвія, Расея, Румынія. Экспарт даваў блізу 70% прыбытку, і адгружалася 360–430 тысячаў тонаў прадукцыі штогод.

Завод перажыў некалькі каласальных мадэрнізацый, каб выйсці з доўгага крызісу, які пачаўся ў 1990-я і доўжыцца ў 2000-я. Перажыўшы цяжкія часы ўжо ў 2013 годзе, ён пачаў атрымліваць стабільны прыбытак, а да 2016 года ўвайшоў у тройку самых прыбытковых акцыянерных таварыстваў рэгіёну, саступаючы толькі «Мазырскаму НПЗ» і «Гомельтранснафта Дружба». Паспяховае развіццё цягам 10 гадоў, калі нават такія гіганты як, ААТ «Гродна Азот», часта заканчвалі дзейнасць са стратамі, давала Гомельскаму хімзаводу надзею на перспектыву. У канцы 2019 года былі зробленыя гучныя заявы пра павелічэнне прыбытку на 10,3%, нягледзячы на рост сабекошту.

Адным з найбуйнейшых рынкаў збыту і перакупнікаў гэтага завода была Украіна. 17 лістапада 2021 года ТАА «БНГ Украіна» прыняло пастанову перайменавацца ў ТАА «Белферт Украіна», а від дзейнасці змяніўся з продажу рыштунку для транспартных сродкаў на продаж хімічных прадуктаў. Адразу пасля гэтага са складу заснавальнікаў кампаніі выйшлі ранейшыя ўласнікі РГУП «Беларускі нафтавы гандлёвы дом» і ААТ «Нафтан», якія трапілі пад санкцыі. Замест іх адзіным заснавальнікам стаў ААТ «Гомельскі хімічны завод», у дачыненні да якога міжнародныя санкцыі пакуль не ўжываліся. Адначасова са зменай уласніка арганізацыя змяніла і юрыдычны адрас. Фактычна пераехаўшы ў офіс кампаніі ТАА «БНХ-груп», уладальнікам і дырэктарам якой быў былы кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля Алег Вялічка. Цяпер ён стаў кіраваць двума прадпрыемствамі канцэрна Белнафтахім на ўкраінскім рынку. Гадавая выручка кампаніі на ўкраінскім рынку склала 4,95 млрд грыўняў, што адпавядае прыкладна $ 190 млн. Частку гэтай сумы складаў таксама перапродаж прадукцыі на заходні рынак, у склад якой уваходзіў калій, які трапіў пад санкцыі.

Напалеонаўскія планы ў мадэрнізацыі цэхаў у 2023–2024 годзе адышлі ў нябыт 24 лютага 2022 года. Найбуйнейшы рынак угнаенняў стаў страчаны праз удзел Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны.

Ужо праз 2 тыдні пасля пачатку ваенных дзеянняў занятасць працоўных стала меншай на 1/3, а склады запоўніліся пад завязку. Злачынным удзелам у вайне Лукашэнка пазбавіў сябе шчыліны для атрымання валюты ў бюджэт.

Нягледзячы на тое, што Расея ўваходзіць у лік краінаў, якія набываюць прадукцыю ГХК, за ўвесь 2022 дыверсіфікаваць пастаўкі угнаенняў за кошт РФ так і не атрымалася. Рэч у тым, што там ёсць свае вытворцы, якія не будуць дзяліцца доляй рынку і, больш за тое, перавабілі на сябе ранейшых пакупнікоў Гомельскага завода. А каб захаваць сваю дзель на еўрапейскім рынку, прадпрыемству давялося прыбраць з NPK-угнаенняў (азот, фосфар, калій) калійны складнік, які апынуўся пад санкцыямі. Замест комплексу NPK пачалі пастаўляць толькі NP (азот, фосфар), што знізіла канкурэнтаздольнасць і попыт на прадукцыю.

Таксама як і многія прадпрыемствы Беларусі, праз санкцыі, якія закранаюць тэхналогію, Гомельскі хімічны завод вымушаны адмаўляцца ад заходніх тэхнічных схемаў, у сувязі з немагчымасцю закупкі неабходных складальнікаў для рамонту абсталявання. Напрыклад, падчас мадэрнізацыі сернакіслотнай вытворчасці давялося адмовіцца ад амерыканскай тэхналогіі і перайсці на альтэрнатыўную расейскую. Што прыводзіць прадпрыемства да новага артыкула выдаткаў.

Немагчымасць дыверсіфікацыі рынку ставіць пад удар усю нафтахімічную прамысловасць Беларусі. Рост сабекошту беларускай прадукцыі, катастрафічна нізкі попыт, зніжэнне кошту праз прафіцыт угнаенняў і немагчымасць канкурэнтаздольнасці – чатыры прычыны, якія вядуць да краху прадпрыемства. А новыя праекты мадэрнізацыі, якіх на гэты момант блізу сотні, і пераход ад амерыканскіх тэхналогій на расейскія становяцца чарговым цвіком у труну нафтахімічнай прамысловасці.

Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для Telegram-канала «Баста!»

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках