20 красавiка 2024, Субота, 12:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маналог сына беларускага актора, які праспяваў песню Дзеда-Барадзеда, вывучаюць ва ўсіх кінашколах Еўропы

2
Маналог сына беларускага актора, які праспяваў песню Дзеда-Барадзеда, вывучаюць ва ўсіх кінашколах Еўропы

Невядомыя факты з біяграфіі Анатоля Кашкера.

Больш за 40 гадоў у эфір беларускай тэлевізіі выходзіць "Калыханка". За час існавання перадачы дзяцей весялілі блізу 40 лялек, але, мабыць, самая векапомная адразу для некалькіх пакаленняў - Дзед-Барадзед з ягонай немудрагелістай песенькай.

Лагоднага дзядулю ў капялюшыку-кацялку з паралонавай барадой у 1987 годзе прыдумаў пісьменнік Артур Вольскі, як і песню для яго. Выканаў жа дзіцячы гіт актор Анатоль Кашкер.

ФОТА: RUSTHEATRE.BY

У «Калыханцы» ўжо даўно няма Дзеда-Барадзеда, Анатоль Кашкер пайшоў з жыцця ў 1990-х, на пачатку 2000-х - Артур Вольскі… А шмат якія беларусы хоць зараз падхопяць, пераймаючы знаёмы голас: «Хто я? Дзед-Барадзед... Абышоў белы свет...».

Дык кім жа быў Анатоль Кашкер - чалавек дзівоснай чароўнасці і лёсу? «Камсамолка» прыгадвае біяграфію артыста.

Анатоль нарадзіўся 95 гадоў таму - 15 снежня 1928 года - у сяле Прачыстым Яраслаўскай вобласці. А продкі ягонага бацькі былі з Грэцыі. Бацька працаваў службоўцам на чыгунцы, а дзяцей выхоўвала маці.

ФОТА: КАДР ВІДЭА «СВЯТЛО ДАЛЁКАЙ ЗОРКІ»

У дакументальным фільме "Святло далёкай зоркі", прысвечаным актору, ягоная калега Зоя Асмалоўская ўспамінала:

- Толя быў вельмі гаспадарлівы чалавек, меў залатыя рукі, умеў усё: мог і святло правесці, і кавалак жалеза адрэзаць…

Дзіва што! У часе вайны, быўшы яшчэ 13-гадовым падлеткам, Анатоль працаваў у паравозным дэпо, дзе чысціў катлы і паравозныя печкі. Праца была цяжкай і небяспечнай. А пасталеўшы, асвоіў прафесію токара. Так што Кашкер словамі Дзеда-Барадзеда ў нейкім сэнсе спяваў сам пра сябе.

Я хаджу па белым свеце

I гляджу, як вы жывяце.

Калі трэба - памагу,

Бо я ўсё рабіць магу.

Першы акторскі досвед ён атрымаў яшчэ ў Куйбышаве (Самара) ў першыя пасляваенныя гады, а ў Менску апынуўся ў 1948 годзе, дзе паступіў у Тэатральна-мастацкі інстытут, які скончыў у 1952-м на спецыяльнасці «артыст драмы». Ён працаваў і ў ТЮГ, але практычна ўсё сваё творчае жыццё - больш за 40 гадоў - прысвяціў Драматычнаму тэатру імя Максіма Горкага.

З 1971 года выкладаў тэхніку маўлення ў тэатральна-мастацкім інстытуце. У сучасным Горкаўскім Анатоля Фёдаравіча характарызуюць як шматграннага акцёра: глыбіня, вялікая арганіка, дакладнасць, мяккі гумар і камедыйнасць…

ФОТА: RUSTHEATRE.BY

У сям'і актора выраслі два сыны. Аляксей Кашкер расказваў, што бацька для яго быў сябрам:

- Бацьку мы называлі Толік. І самае галоўнае для мяне і майго брата тое, што Толік быў нашым сябрам. Мала каму з дзяцей так шанцуе ў жыцці - сябраваць па-сапраўднаму з бацькамі.

Уменне сябраваць як з дзецьмі, так і з людзьмі, якія былі старэйшыя за яго на 20 гадоў, адзначаюць усе калегі, якія добра зналі Кашкера. Ён быў заўзятым рыбаком, умеў расказваць анекдоты, славіўся розыгрышамі... Або як бы праспяваў вуснамі Анатоля Дзед Барадзед:

З вамі побач буду ўсюды,

Трэба цуды - зробім цуды,

Трэба казка - раз, два, тры,

Вось i казка вам, сябры!

На жаль, у кіно Анатоля Фёдаравіча здымалі мала. Але, магчыма, нехта ўспомніць ягоныя ролі ў фільмах: «Ля сіняй бухты», «Атланты і карыятыды», «Плач перапёлкі», «Кешка і барада».

Анатоль Кашкер пайшоў з жыцця 20 сакавіка 1994 года. Пахаваны на Паўночных могілках Менска.

Сын Кашкера - Андрэй (нарадзіўся ён у 1958-м) - таксама стаў акторам. Ён разам з бацькам сыграў у фільме «Плач перапёлкі». Андрэй служыў у Горкаўскім тэатры з 1980 да 1992 года, а затым эміграваў у Ізраіль, дзе працягнуў сваю акторскую кар'еру.

У 2002 годзе фільм "Кедма" (Ізраіль-Францыя), у якім ён сыграў галоўную ролю польскага эмігранта Януша, быў намінаваны на "Залатую пальмавую галіну" Канскага фестывалю і атрымаў 8 міжнародных узнагарод. Фінальны маналог героя ў выкананні Кашкера ўвайшоў у праграму кінашкол Еўропы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках