29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Тыя, хто карыстаецца тэлефонам, у плыні добра адрозныя»

6
«Тыя, хто карыстаецца тэлефонам, у плыні добра адрозныя»

Кіроўцы выказаліся пра выкарыстанне смартфона за стырном.

Сучаснае жыццё цяжка ўявіць без смартфонаў, але часам залежнасць ад іх можа выходзіць за рамкі разумнага. У экраны «заліпаюць» як пешаходы, так і кіроўцы, трацячы кантроль над сітуацыяй. Пра тое, ці дапушчальна карыстацца смартфонам за стырном, abw.by пагутарыў з чытачамі.

«Увага рассейваецца, пачынаеш “тармазіць”»

Віталь: «Размаўляю праз тэлефон падчас руху выключна ў рэдкіх выпадках, калі ў машыне ёсць пасажыры і трэба тэрмінова адказаць на званок. Але, як правіла, гэта вельмі кароткія гутаркі ў духу "праз колькі будзеш" ці "дзе ты". Крыху даўжэй пагаварыць магу, напрыклад, у паездцы па трасе, калі спакойна коцішся ў сваёй паласе і сапраўды нікому не зможаш перашкодзіць. У астатні час – толькі гучная сувязь. Bluetooth у машыне без мікрафона, таму мацую тэлефон у трымальнік і размаўляю.

Што да іншых функцый накшталт мэсэнджараў ці картаў, то імі імкнуся карыстацца толькі на святлафорах. Калі не "тармазіць" падчас старту, то нічога заганнага ў гэтым не бачу. Калі трэба нешта напісаць на хаду, то карыстаюся галасавым наборам (менавіта наборам, а не галасавымі паведамленнямі) ці магу папрасіць набраць жонку, калі яна побач.

У цэлым з сябе і іншых кіроўцаў назіраю, што выкарыстанне тэлефона ўплывае на кіраванне. Увага рассейваецца, пачынаеш "тармазіць". Нават пошук нейкай кропкі ў навігатары адымае некалькі секундаў, падчас якіх на дарогу даводзіцца глядзець хутчэй бакавым зрокам. Таму, дарэчы, мне вельмі не падабаецца тэндэнцыя алічбоўкі салонаў новых аўтамабіляў, калі замест фізічных кнопак з'яўляюцца сэнсары і экраны.

Не буду адназначна заяўляць, што тэлефон падчас руху – табу. Бо сітуацыі бываюць розныя, часам гэта проста змушаныя ўмовы працы ў некаторых прафесіях. Але пры магчымасці ўсё ж лепш ад выкарыстання смартфона адмаўляцца».

Андрэй: «Калі на званок абавязкова трэба адказаць, спрабую ці спыніцца, ці выбраць нейкі больш спакойны адрэзак дарогі, каб нікому не перашкаджаць. Дый тое размаўляю, як правіла, сцісла. Нейкія перапіскі ў мэсэнджарах не вяду ў прынцыпе – гэта занадта моцна адрывае ад дарогі.

Выкарыстанне смартфона падчас руху прыкметна адбіваецца на ўвазе. Кіроўцы пачынаюць ехаць больш павольна, не так хутка могуць рэагаваць на дарожныя падзеі. Таму тэлефонам імкнуся карыстацца як мага менш. Хоць, вядома, у асобных выпадках усё ж вымушаны гэта рабіць».

«Тыя, хто карыстаецца тэлефонам, у плыні добра адрозныя»

Аляксей: «Мне перыядычна даводзіцца выкарыстоўваць тэлефон падчас паездак за стырном, хачу я таго ці не. Першы час, калі набыў машыну, нават баяўся яго ў рукі браць. Потым набыў провад для AUX-выхаду магнітолы, каб слухаць музыку. Але апроч музыкі ён таксама дазваляе і з камфортам гаварыць падчас руху. З таго часу ўсе размовы вяду толькі так. Тэлефон імкнуся браць у рукі толькі ў тых выпадках, калі трэба нешта паглядзець у навігатары.

Хоць нават навігатар можа адрываць ад дарогі. У мяне ўжо быў непрыемны досвед. Я каціўся на скрыжаванні на святлафоры на невялікай хуткасці, адарваўся на пару секундаў у навігатар і злёгку падштурхнуў машыну перад сабой.

Затое магу падзяліцца і досведам станоўчым – аўдыякніжкі. Здаецца, могуць адрываць увагу, але калі падыходзіць да іх праслухоўвання з розумам, то яны, наадварот, прыносяць карысць. У горадзе ніколі іх не слухаю, а вось на трасе – з задавальненнем, асабліва калі дарога аднастайная. На трасе ў асноўным працуюць рукі і вочы, а вось галаву трэба нечым займаць. І аўдыякніжкі якраз добра ў гэтым дапамагаюць, банальна не даюць заснуць.

Што да іншых кіроўцаў, то ў плыні добра адрозныя тыя, хто карыстаецца тэлефонам. Калі чалавек едзе павольна, няўпэўнена, круціць галавой – хутчэй за ўсё, ён якраз едзе з навігатарам. Калі машына гуляе ў паласе, рухаецца павольней за астатніх, тармозіць плынь, напэўна ў кіроўцы тэлефон у руцэ. Я не супраць тэлефонаў за стырном: трэба патэлефанаваць – значыць, трэба. Але гучную сувязь, AUX ці Bluetooth ніхто не скасоўваў. І чым больш людзей пачынае гэта разумець, тым лепш».

Вадзім: «Я не выкарыстоўваю мабільны тэлефон падчас руху ад слова "зусім". Некалі даўно я працаваў у арганізацыі, звязанай з бяспекай дарожнага руху. І ў нас была інфармацыя перад вачыма, колькі праязджае аўтамабіль за 1 секунду пры хуткасці 60 км/г. За гэты час ён пераадольвае 25 метраў. Што такое 1 секунда? Гэты час для таго, каб банальна скінуць званок. У рэальнасці гэта можа заняць яшчэ крыху больш часу. Атрымліваецца, што кіроўца адрываецца ад дарогі на 2-3 секунды і праязджае 50–100 метраў. Гэтая адлегласць здольная згуляць фатальную ролю. Мала што будзе на дарозе – можа і яма трапіцца, і жывёла за горадам рэзка выскачыць.

Калі ўжо і размаўляць праз тэлефон падчас руху, то толькі з гучнай сувяззю. Гарнітуры і навушнікі я таксама не стаў бы выкарыстоўваць. Напрыклад, у Гішпаніі за іх выкарыстанне цалкам можна атрымаць штраф да 300 еўраў».

Анатоль: «Не маю звычкі без лішняй патрэбы карыстацца тэлефонам за стырном. Навігатарам увогуле не карыстаюся, слухаю радыё – абы грала нешта. Калі еду на трасе ці недзе ў горадзе па нейкай ціхай вуліцы, яшчэ магу пагаварыць. Але калі рух актыўны, тэлефон у руцэ толькі замінае – трэба ж неяк і стырно круціць, і перадачы перамыкаць. Ізноў жа падчас руху лішні шум. Мне прасцей ператэлефанаваць потым, калі будзе зручнейшы для гэтага момант. Кароткі званок для працы яшчэ дапушчальна, а вось проста размаўляць пра надвор'е – гэта сапраўды можа пачакаць».

Уладзімір: «Тэлефонам за стырном перыядычна карыстаюся, нейкіх асаблівых нязручнасцяў мне гэта не прыносіць. Мы ж адрываемся на нешта ў акне, на экран мультымедыйнай сістэмы – тэлефон у гэтым плане не моцна адрозніваецца. Часам бывае шмат званкоў, на ўсё трэба адказваць. Калі я буду кожны раз спыняцца, то магу і паўдня на збочыне прастаяць. З гучнай сувяззю, вядома, зручней усё гэта. Спрабаваў карыстацца навушнікамі для размоваў – не тое, ды і суразмоўцы скардзяцца на якасць сувязі.

Часам іншых варыянтаў, акрамя як паднесці тэлефон да вуха, проста няма. Падазраю, што часам магу замінаць іншым кіроўцам, калі пачынаю ехаць павольней праз званок. Але што зробіш, такое жыццё. Ніхто не ідэальны, трэба імкнуцца ставіцца адно да аднаго з разуменнем».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках