Ян «Беларус»: Полк Каліноўскага - гэта страшны сон для Лукашэнкі
26- 26.01.2023, 11:51
- 29,200
Беларускія добраахвотнікі могуць даць бой кожнаму падраздзяленню сілавікоў рэжыму.
Беларускія добраахвотнікі з батальёна «Волат» палка імя Кастуся Каліноўскага прымаюць удзел у баях за Бахмут. Сёння гэта самая гарачая мясціна ва Украіне.
Як беларусы даюць рады пастаўленым перад імі задачам? Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з камандзірам «Волата» Янам «Беларусам» Мельнікавым:
- Калі казаць пра баявыя дзеянні, на баку РФ цяпер пад Бахмутам ваююць 70% «вагнераўцаў»-зэкаў, набраных з турмаў, а таксама 30% кадравых вайскоўцаў. Тэхніку расейцы берагуць праз рэльеф мясцовасці. Бо з-за перападаў вышыні ўсё праглядаецца на кіламетраў восем-дзесяць. Тэхнікі ў іх засталося сапраўды мала.
Інтэнсіўнасць артылерыі ворага, калі мы прыехалі ў Бахмут, упала ўдвая. У асноўным працуюць мінамётныя разлікі, ствольнай артылерыі і залпаў рэактыўнай практычна няма. З-за недахопу артылерыі яны пачалі выкарыстоўваць авіяцыю: падлятаюць на блізкай адлегласці штурмавікамі CУ-25. Іх часта збіваюць, як гэта было пару дзён таму. З-пад Салядара быў вымушаны вылецець расейскі самалёт, каб знішчыць цэлі пад Бахмутам, вось ён і быў збіты.
Асноўная тактыка супраціўніка - пяхотныя групы па шэсць-восем-дванаццаць-пятнаццаць чалавек. Як у фільмах пра штрафбаты ў Другой сусветнай, яны ідуць на верную смерць, на забой. Аднак з-за той колькасці сіл, якая выкарыстоўваецца на гэтым кірунку, іх тактыка мае некаторы поспех. Колькасцю жывой сілы расейцы пераўзыходзяць у некалькі разоў колькасць украінскага войска.
- Расейцы закідваюць горад «мясам»?
- У асноўным яны пасылаюць некалькі груп, каб выявіць назіральныя, а таксама агнявыя і апорныя пункты. Гэта робіцца стрэламі некалькіх ударных груп, якія па факце выклікаюць агонь на сябе, што дазваляе выявіць асноўныя агнявыя пазіцыі. Далей расейцы спрабуюць нанесці агнявую паразу - мінамётамі, агнямётамі, гранатамётамі, а пасля гэтага спрабуюць па флангах заводзіць групы, каб заняць пазіцыі.
- Як беларусы спраўляюцца з пастаўленым задачамі пад Бахмутам?
- Нашы задачы вельмі шырокія. Трэба не забываць, што фактычна мы паўнавартасны батальён, у якога на ўзбраенні ёсць зенітныя комплексы, якія дазваляюць збіваць паветраныя цэлі, у нас ёсць супрацьтанкавыя комплексы, таксама штурмавыя групы, якія могуць вырабляць дзеянні наступальнага характару: займаць пазіцыі супраціўніка.
Ёсць у нас і мінамётныя падраздзяленні: мы маем у сваім распараджэнні тры 120-міліметровыя мінамёты. У нас ёсць падраздзяленні БПЛА, якія дапамагаюць нашай пяхоце, калі яна высоўваецца на заданні, а таксама карэктуюць агонь нашай артылерыі, даюць сітуацыўную карціну таго ці іншага пункта лініі фронту.
Таксама ў нас ёсць медыкі, якія часта (і дзякуй Богу) працуюць не з нашымі хлопцамі. Мы дапамагаем сумежным з намі падраздзяленням, з якімі знаходзімся на адной мяжы. Таксама ў нас ёсць сувязісты, якія працуюць з прашыўкай-перапрашыўкай рацый, розным софтам, а таксама займаюцца радыёвыведкай, робячы перахопы, запісы якіх вы можаце чуць на нашым канале. Усё гэта стала магчымым дзякуючы нашым сувязістам з батальёна «Волат».
«Мы загадзя ведалі, што пачнецца вайна»
- Ян, вы ваюеце ва Украіне з самага пачатку вайны - з 2014 года. Як вы, дваццацігадовы на той момант хлопец, патрапілі ва Украіну?
- 23 студзеня споўнілася дзевяць гадоў, як я знаходжуся ва Украіне. Я прыехаў на наступны дзень пасля смерці Міхаіла Жызнеўскага і Сяргея Нігаяна (беларус і этнічны армянін, якія сталі першымі героямі Нябеснай сотні - рэд.). Я зразумеў, што пракрамлёўская ўлада Януковіча пачала забіваць украінцаў, а сярод загінулых - мой суайчыннік.
Тады прыйшло разуменне, што я не маю маральнага права заставацца на канапе, калі з брацкім мне народам адбываюцца падобныя падзеі. Ва Ккраіне пражываюць мае сябры, я сам у ёй быў неаднаразова. Я зразумеў, што мушу быць з гэтымі людзьмі, каб дапамагчы абараніцца ад дыктатара. Бо хто, як не мы, беларусы, разумеем, што гэта такое, жыць пад прыгнётам прарасейскага маразматыка, які займае пасаду, не адпавядаючы ёй. 23 студзеня я ўжо быў на Майдане.
Калі Януковіч уцёк, то я думаў, што надышоў час вярнуцца ў Беларусь. Аднак нам заявілі, што ў Крыме ўжо ідзе акупацыя і «Правы сектар» будзе ствараць падраздзяленне для яго вызвалення. Я зразумеў, што з хлопцамі правёў больш за месяц, змагаючыся на барыкадах плячом да пляча, таму надумаў застацца.
Першы мой баявы выезд адбыўся 11 траўня 2014 года - у дзень так звана рэферэндуму ў «ЛНДР». Мы з хлопцамі з «Правага сектара», у шэрагі якога я тады ўваходзіў, выехалі ў Чырвонаармейск, які цяпер носіць назву Пакроўск. Вось так я і апынуўся на вайне.
- Як вы сустрэлі 24 лютага 2022 года, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне?
- У гэты дзень я знаходзіўся на базе палка «Азоў» у Кіеве і прачнуўся ад удараў ракет па заводзе Антонава. У гэты момант я знаходзіўся ў Рэкрутынгавае цэнтры ў якасці інструктара. Мы з хлопцамі з «Азова» ужо некалькі месяцаў навучалі сілы тэрытарыяльнай абароны і цывільнае насельніцтва асноўным прынцыпам вядзення гарадскіх баёў, надання медыцынскай дапамогі, абыходжання са зброяй, тактыкі малых груп.
Раніцай нас паднялі, мы дачакаліся, калі з'ехаліся ўсе астатнія хлопцы і паехалі атрымліваць зброю, гэта быў загадзя дамоўлены план у выпадку пачатку паўнавартаснага наступу расейскіх войскаў. Мы былі да гэтага гатовы. Само сабой, мы не ведалі дакладнай даты, але заплечнікі былі сабраныя.
У раёне 12 гадзін мы ўжо паехалі ў бок Дымера (пасёлак у Кіеўскай вобласці Украіны - рэд.) для выяўлення варожых калон. Мы ўбачылі галаву расейскай калоны, там былі згарэлыя машыны. Было зразумела, што ворагу далі бой, а ён адышоў.
Мы занялі пазіцыі па дарозе на Кіеў, каб затрымаць расейцаў, калі яны паўторна пойдуць на горад. Наступныя баявыя дзеянні былі толькі праз некалькі дзён. Груба кажучы, мы ездзілі за вайной, шукалі яе, але яна сыходзіла ад нас.
Калі ў горад Васількоў быў скінуты расейскі дэсант, мы паўдзельнічалі ў аперацыі ліквідацыі тых сіл супраціўніка, якія былі высаджаны ў раёне аэрадрома і лётнай вучэльні.
«Пакажу жонцы, а то яна кажа, што ўсе беларусы кепскія».
- Паміж украінцамі і беларусамі максімальна «іскрыла» ў першыя дні вайны. Як ставіліся да вас простыя ўкраінцы, калі даведваліся, што вы - беларусы, якія ваююць за Украіну.
- Украінцы, з якімі я ваяваў, ведаюць мяне не першы год. Калі наша група прыбыла ў той жа Васількоў, мы прыехалі ў будынак разбітай казармы лётнага вучылішча, занялі пазіцыі, забарыкадаваліся, чакалі падыходу сіл, размаўлялі і расказвалі, што мы — беларусы. Касцяк тых сіл, які ўдзельнічаў у першых выездах, ваяваў ва Украіне з 2014, 2015, 2016 гадоў. Гэта былі хлопцы, якія прайшлі АТА. Нам усе дзякавалі і радаваліся, што вось вы - сапраўдныя беларусы. Казалі: «Дзякуем, што вы ёсць».
- Як украінскія вайскоўцы ацэньваюць узровень падрыхтоўкі беларусаў?
— Калі мы праводзілі нейкія аперацыі саматугам, штурмавалі варожыя пазіцыі, малымі групамі заходзілі і выконвалі задачу, маючы аднаго-двух параненых, захоўваючы жыцці нашым байцам, украінцы дзівіліся нашай матывацыі і ўзроўню падрыхтоўкі.
Яны разумеюць, што ў нас вельмі вялікі ўзровень матывацыі дзеянняў, бо мы самі добраахвотна прыехалі ў самую гарачую мясціну і фактычна самі сабе выбіраем кірунак працы.
Вобразна кажучы, звязваемся з сумежным падраздзяленнямі, якія трымаюць фронт і разумеем, на якім пункце будуць найболей паспяховымі нашы дзеянні для стрымлівання ці адкідванню супраціўніка з ужо занятых пазіцый.
Таму да беларусаў - толькі павага. Было такое, што з намі людзі фатаграфаваліся і казалі: «Пакажу жонцы, а то яна кажа, што ўсе беларусы дрэнныя».
- Як змяніўся сярэдні партрэт беларускага добраахвотніка з 2014 года?
- У 2014 годзе гэта былі авантурысты без досведу службы ў войску, моладзь. Мінімум трое з пяці - без досведу вайсковай службы. У асноўным – хлопцы да трыццаці гадоў, якія поўныя юнацкага рамантызму і разумення, што «можна змяніць свет, пайшоўшы наперад з аўтаматам».
Сёння мы выйшлі на высокі ўзровень падрыхтоўкі, у нас прафесійныя інструктары, поўнасцю прадуманае абсталяванае кожнае падраздзяленне ў складзе батальёна. Роўны акцэнт зроблены на навучанне штурмавых груп, прымяненне артылерыі, шмат увагі надаецца медыцыне. Узровень арганізацыі сёння значна вышэйшы, чым у нашай тактычнай групе «Беларусь». Тады гэта была група стралкоў-гранатамётчыкаў: былі аўтаматчыкі, быў стралок са снайперскай вінтоўкай без поўнага разумення снайпінгу, адзін-два ручныя гранатамёты. Мы маглі толькі падтрымліваць нейкія напады.
Сёння мы можам паўнавартасна праводзіць дзеянні для захопу пазіцый ворага, у нас ёсць прыкрыццё з неба, прыкрыццё снайпераў, сілы ў барацьбе з бранятэхнікай супраціўніка, артылерыйская падтрымка груп. Гэта тое, што мы можам самастойна забяспечваць.
Мне падаецца, што полк Каліноўскага сёння – страшны сон для рэжыму Лукашэнкі. У 2017 годзе мы і падумаць не маглі, што беларусы за пяць гадоў здольныя стварыць сілы, якія могуць змагацца з падраздзяленнямі карных органаў рэжыму. Усё, што мае сёння Лукашэнка - лёгкая бранятэхніка або спецназ з Мар'інай Горкі, сілы ССА - мы можам ім даць роўны бой.
- Сёння вы ўзначальваеце батальён, які носіць імя Паўла «Волата», які загінуў за свабоду Украіны. Якім ён быў чалавекам?
- Гэта быў абсалютна бясстрашны воін, чалавек дзеяння. Калі ў двух словах: «Больш быць, чым здавацца». Трэба разумець, што да пачатку поўнамаштабных дзеянняў Паша быў тройчы паранены, адзін раз - вельмі цяжка. У яго некалькі асколкаў было ў галаве і адзін у сэрцы.
Яшчэ ў снежні 2021 года мы збіраліся з ім і юнакамі, каб абмеркаваць супольную арганізацыю беларускага падраздзялення, калі пачнецца вайна.
Ён быў з тых камандзіраў, якія думаюць, што ніхто не палепшыць, калі не зробіш гэта сам. Павел разумеў адказнасць перад сваімі падначаленымі, якія не бралі ўдзел у баявых дзеяннях да 2022 года. Ён ішоў наперадзе хлопцаў і вёў іх за сабой. Павел быў адным з тых камандзіраў, які казаў: «Наперад у атаку, за мной».
У дзень, калі Павал загінуў, ён вёў групу за сабой. Яны нарваліся на неўстаноўлены выбуховы прадмет, магчыма - супрацьпяхотная міна. Мы падазраём, што дыстанцыйнага мінавання. Павел ішоў наперадзе. Выйшла так, што астатнія ўдзельнікі аперацыі атрымалі мінімальныя пашкоджанні, некалькі аскепкаў, таму што ён паспеў зрэагаваць на тое, што спрацавала выбуховае прыстасаванне і даў каманду «кладзіся». Па факце ён на сябе прыняў усе асноўныя аскепкі.
«Маладыя афіцэры з Мар'інай Горкі кажуць: А што мы забыліся ва Украіне?»
- Як вы думаеце, ці могуць беларускія вайскоўцы быць адпраўленыя ў на вайну Украіну?
— Смешна казаць пра тую нешматлікую колькасць беларусаў, якая можа быць там задзейнічаная. Колькі гэта тысяч? З усімі ўзводамі забеспячэння - гэта дваццаць тысяч, акругліць да гэтай лічбы. Небаяздольныя, неабстраляныя людзі, якія паняцця не маюць, што такое баявыя дзеянні. Гэта вайскоўцы, у якіх няма ніякай матывацыі да ўдзелу ў вайне.
Можна колькі хочаш ставіць роўна паміж Беларуссю і Расеяй, мы разумеем, што па факце сёння наша краіна - сатэліт Крамля, але прапаганда, якая спрабуе настроіць грамадства на варожасць з украінцамі, на варожасць паміж нашымі нацыямі, краінамі, не такая, як у Расеі. У РФ сапраўды працуе машына прапаганды, расейцы вераць, што «ўкраінцы - ворагі», якія «хочуць іх знішчыць». У іх ёсць нейкае тлумачэнне дзеянняў, у нашых вайскоўцаў такой пазіцыі няма.
У нас ёсць у падраздзяленні былыя беларускія афіцэры найбольш баяздольных часцей, у якіх дагэтуль ёсць кантакты з людзьмі з 36-й брыгады, спецназам з Мар'інай Горкі, віцебскімі дэсантнікамі. Яны кажуць, што большая частка маладых афіцэраў і салдатаў-тэрміновікаў глядзяць на магчымы ўдзел з пытаннем: «А што мы там забыліся?»
Сапраўды, Беларусь нічога не забылася ва Украіне. Думаю, што Лукашэнка і Пуцін выдатна разумеюць, што ўзровень матывацыі ў беларускіх падраздзяленняў нулявы. Так, ёсць старыя афіцэры-пердуны, якія яшчэ ў СССР скончылі навучальныя ўстановы, у якіх ёсць сябры ў расейскім войску. Магчыма, яны настальгуюць па «саўку». Але трэба разумець, што «савок» разваліўся больш за трыццаць гадоў таму, сённяшняя школа маладых афіцэраў яго не памятае, не любіць і не настальгуе па ім.
- Што б вы сказалі беларусам, якіх могуць адправіць на гэтую злачынную вайну?
- Я б сказаў, што ім тут няма чаго рабіць. Паміраць за інтарэсы Крамля - не тая мэта ў жыцці, дзеля якой іх нараджалі бацькі. Трэба задаваць сябе правільныя пытанні: ці ёсць пагроза для Беларусі? Ці верыце вы ў тую прапаганду пра «ўдар па чатырох кірунках і прэвентыўны ўдар». Трэба разумець усю абсурднасць трызнення, якое кажа Лукашэнка. Трэба разумець, што ўсё, што адбываецца - нарошчванне імперскага апетыту РФ, якое пачалося яшчэ з Прыднястроўя, а затым праз войны ў Чачэнім і Грузіі прыйшло ва Украіну. Трэба разумець, што паміраць за імперскія амбіцыі цара - не найлепшае прызначэнне ў жыцці.
Я звяртаюся да беларусаў як камандзір батальёна «Волат». Калі вас сюды адпраўляюць - трэба не забываць, што мы з адной нацыі. Як толькі будуць факты, што беларусы знаходзяцца на тэрыторыі Украіны і ўдзельнічаюць у баях на баку Расеі, мы будзем тут жа адпраўлены на гэты адцінак. Я заклікаю беларусаў здавацца да нас у палон. Нянавісці да беларусаў, якіх адправяць паміраць на загад Пуціна, у нас няма. Безумоўна, калі мы сустрэнемся на полі бою, на нас наставяць зброю - мы не будзем размаўляць, мы будзем страляць.
Аднак мы хочам, каб гэтыя людзі склалі зброю, вывучалі магчымасці здачы ў палоні і не бралі на сваё сумленне грэх братазабойства. Мы будзем максімальна садзейнічаць, каб вывесці беларусаў з баявых дзеянняў і пасля заканчэння вайны вярнуць дадому героямі, якія адмовіліся ад удзелу ў злачыннай вайне, а не злыднямі і забойцамі з турэмнымі тэрмінамі.
«Лукашэнка не пратрымаецца і паўгода пасля перамогі Украіны»
- Наколькі сёння рэальнае вызваленне Беларусі сіламі палка Каліноўскага?
- Пра гэта пакуль рана гаварыць. Само сабой, аднаго нашага падраздзялення не дастаткова для правядзення дзеянняў для вызвалення ўсёй Беларусі. Першы крок да вызвалення - дапамога Украіне ў перамозе ў гэтай вайне, паслабленне Расеі як дзяржавы-агрэсаркі. Калі Украіна зможа выйсці на адміністрацыйныя межы 1991 года, а Расея не зможа далей чыніць новыя атакі, зноў заходзіць на ўкраінскую зямлю, будзе недзеяздольная да правядзення наступальных дзеянняў - гэта першы крок да таго, што Расея больш не дапаможа Лукашэнку. Усе сілы Масквы будуць заняты ўрэгуляваннем міжнацыянальных і этнічных канфліктаў.
Як толькі Расея аслабне ў ваенным і геапалітычным плане, пачнуцца міжусобіцы, запалае Каўказ, пачнецца перадзел зон уплыву, Крамлю будзе не да Беларусі, не да Лукашэнкі. Вось тады, я думаю, народ Беларусі будзе мець магчымасць да паўстання супраць дыктара, а Еўропа будзе абавязаная падтрымаць рэалізацыю гэтага права. Мой прагноз - Лукашэнка не пратрымаецца і паўгода пасля перамогі Украіны ў гэтай вайне.
- Кім вы бачыце сябе ў свабоднай Беларусі?
- Яшчэ ў 2014-2015 гадах я заўсёды казаў, што хачу быць выкладчыкам гісторыі і займацца з моладдзю. У Беларусі вялізная праблема з нацыянальнай самасвядомасцю. Ва Украіне я зразумеў, як важна мець ідэнтычнасць. Увесь поспех пачынаецца з таго, што вы як народ краіны адчуваеце сябе адным цэлым. У нас з гэтым праблемы. Беларусі патрэбнае нацыянальнае адраджэнне, якое было няўдалым ў 90-х, таму ў дваццатых-трыццатых мы павінны зрабіць акцэнт менавіта на нацыянальным адраджэнні.
Думаю, што гэта тая прыступка, з якой пачнецца наш эканамічны дабрабыт, незалежнае войска, якая будзе несці службу ў інтарэсах абароны нашых суверэнных меж. Павінна прыйсці разуменне, што мы такі ж суб'ект геапалітыкі, а не аб'ект дзеяння нашых суседзяў.