18 красавiка 2024, Чацвер, 14:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацбанк Беларусі раскрыў таемную статыстыку экспарту

2
Нацбанк Беларусі раскрыў таемную статыстыку экспарту

У найноўшай гісторыі краіны такога падзення яшчэ не было.

Нацбанк на сваім сайце апублікаваў аналітычны агляд за студзень – лістапад 2022 года, у якім указана, што летась экспарт тавараў у фізічным вымярэнні ўпаў амаль на 26%. Эканамістка Настасся Лузгіна сказала «Белсату», што ў найноўшай гісторыі краіны такога падзення ніколі не было.

Звесткі пра істотнае скарачэнне экспарту тавараў з'явіліся ў аналітычным аглядзе «Асноўныя тэндэнцыі ў эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы Рэспублікі Беларусь». Высветлілася, што экспарт тавараў у студзені – кастрычніку мінулага года знізіўся год да году на 3% і склаў 30 млрд 300 млн даляраў. Пры гэтым фізічны аб'ём паставак прадукцыі ўпаў на цэлых 25,9 адсотка. Становішча выратаваў сусветны рост коштаў, у сярэднім беларускія тавары, якія прадавалі летась за мяжой, падаражэлі на 30,1 адсотка.

Звычайна Белстат і Нацбанк раскрываюць экспарт толькі ў даляравым эквіваленце, хаваючы натуральныя індэксы, фізічны аб'ём і коштавы ўплыў.

Старэйшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтра BEROC Настасся Лузгіна патлумачыла, што да такога падзення прывяло зачыненне рынкаў Украіны і краінаў Еўразвязу.

«Гэта вельмі вялікі лік. У вартасным выразе экспарт не ўпаў моцна толькі дзякуючы коштам: кошты выраслі, сапраўды, яны раслі на ўсё і па ўсім свеце. Дзякуючы гэтаму Беларусь здолела ўнікнуць сур'ёзнага краху ў абсалютных значэннях».

Эканамістка адзначыла, што пераарыентацыя экспарту, пра які ўлады гаварылі ўвесь год, часткова атрымалася, але поўнасцю адаптацыя не закончаная.

«Такога я не згадаю, каб за год у фізічным выразе экспарт настолькі памяншаўся. Такі лік адклаўся б у мяне ў галаве. За апошнія 10 гадоў такога дакладна не было».

Прагназаванне лёсу беларускага экспарту – варажба на кававай гушчы, кажа Лузгіна. У гэтым раўнанні шмат туманнасці і нявызначанасці: якімі будуць санкцыі, кошты і ці здолеюць цяперашнія ўлады знайсці новыя рынкі.

«Верагодна, мы ўбачым аднаўленчы рост у параўнанні з 2022-м у фізічным выразе, аднак тут паўстаюць пытанні сусветнай эканомікі. Міжнародныя арганізацыі прагназуюць запаволенне эканамічнага росту, а гэта азначае зніжэнне попыту на сусветным рынку і, адпаведна, коштаў. І дзякуючы коштам ужо не выедзеш, прынамсі, такіх звышпрыбыткаў, хутчэй за ўсё, сёлета ўжо не будзе», – мяркуе суразмоўніца «Белсата».

Да таго ж разам з экспартам будзе аднаўляцца імпарт, таму сёлета такога вялікага станоўчага сальда, як было летась, чакаць не трэба.

«Была ўхваленая пастанова пра легалізацыю паралельнага імпарту, таму і сальда будзе не такім прыгожым, як летась. Імпарт скарачаўся хутчэй за экспарт, таму сальда было большым. А сёлета нават у афіцыйных прагнозах адзначаецца, што такога вялікага сальда яны не чакаюць».

Паводле звестак Нацбанка, у студзені – лістападзе 2022 года знешнегандлёвы зварот тавараў і паслуг знізіўся на 6,2 адсотка, у тым ліку імпарт на 6,7 адсотка, экспарт – на 3,8 адсотка. Сальда склалася станоўчае: 4,666 млрд даляраў, рост год да году – амаль на 17%.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках