24 красавiка 2024, Серада, 17:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ізраіль пасля атак спросціць атрыманне грамадзянамі зброі

Ізраіль пасля атак спросціць атрыманне грамадзянамі зброі

Узгоднены новыя меры барацьбы з тэрарызмам.

На фоне эскалацыі напружанасці паміж Ізраілем і Палестынай пасля двух нападаў у Іерусаліме ізраільскія ўлады прынялі пастанову аб новых захадах змагання з тэрарызмам. Між іншым, для законапаслухмяных ізраільцян спросціцца працэдура атрымання дазволаў на нашэнне зброі, гаворыцца ў заяве канцылярыі прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху, распаўсюджанай у ноч на нядзелю, 29 студзеня, паводле вынікаў пасяджэння кабінета ў пытаннях бяспекі, паведамляе DW.

«Калі ў грамадзянскіх асоб ёсць зброя, яны могуць абараняцца», - адзначыў перад пасяджэннем міністр нацыянальнай бяспекі Ізраіля Ітамар Бэн-Гвір.

Кабінет у пытаннях бяспекі абвясціў і аб захадах у дачыненні да «сем'яў тэрарыстаў, якія падтрымліваюць тэрарызм». Згодна з заявай, іх пазбавяць правоў на нацыянальную страхоўку і іншых ільгот. На пасяджэнні ўрада 30 студзеня будуць абмяркоўвацца заканадаўчыя акты аб адкліканні ізраільскіх пасведчанняў асобы сямейнікаў. Як менавіта будзе правярацца, хто з'яўляецца прыхільнікам тэрарызму, пакуль незразумела.

Акрамя таго, улады Ізраіля збіраюцца ўзмацніць войска і паліцыю і пашырыць практыку затрыманняў і аперацый у канфіскацыі незаконнай зброі. У найбліжэйшыя дні таксама будзе абвешчана аб захадах па «ўмацаванні габрэйскіх паселішчаў» на Заходнім беразе ракі Іардан.

Нападзенні ў Іерусаліме

Увечары 27 студзеня 21-гадовы палестынец учыніў страляніну перад сінагогай у квартале Неве Яакаў ва ўсходняй частцы Іерусаліма. Гэты квартал ізраільцяне лічаць часткай Іерусаліма. Тым часам, з пункту гледжання палестынцаў, гэты раён знаходзіцца на акупаванай тэрыторыі, занятай Ізраілем паводле вынікаў шасцідзённай араба-ізраільскай вайны ў 1967 годзе.

Падчас гэтага нападу загінулі сем чалавек, яшчэ трое атрымалі раненні. Пасля гэтага ізраільская паліцыя была прыведзеная ў стан падвышанай гатоўнасці. У сваю чаргу прэм'ер-міністр Нетаньяху абвясціў аб намеры «прыняць неадкладныя захады» і перасцярог ізраільцян ад самасуду. На пасяджэнні кабінета ў пытаннях бяспекі 29 студзеня было абвешчана, што дом злачынцы, які ўчыніў страляніну ля сінагогі, будзе неадкладна апячатаны і ў далейшым зруйнаваны.

Праз менш як дзень, раніцай 28 студзеня, яшчэ адзін інцыдэнт са стральбой адбыўся ў квартале Сілуан, паблізу Горада Давіда ў Іерусаліме. Агонь па мінаках адкрыў 13-гадовы палестынскі юнак. Паводле звестак паліцыі і службы выратавання, пры гэтым былі параненыя двое: 47-гадовы мужчына і яго 23-гадовы сын. Паведамляецца, што нападніка абясшкодзілі прахожыя, пры гэтым ён сам быў паранены.

Прадстаўнік групоўкі ХАМАС у інтэрв'ю агенцтву Reuters назваў атаку ля сінагогі адказам на дзеянні ізраільскіх вайскоўцаў у Джэніне, на Заходнім беразе ракі Іардан. 26 студзеня там прайшоў рэйд, мэтай якога, паводле звестак Арміі абароны Ізраіля, была нейтралізацыя групы баевікоў палестынскай радыкальнай групоўкі «Ісламскі джыхад», якія маюць дачыненне да шэрагу нядаўніх нападаў на ізраільцян і якія планавалі новыя атакі. Пасля рэйду палестынцы заявілі пра гібель некалькіх мірных жыхароў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках