19 красавiка 2024, Пятніца, 12:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Арменіі ўвядуць добраахвотную тэрміновую службу ў войску для жанчын

6
У Арменіі ўвядуць добраахвотную тэрміновую службу ў войску для жанчын

Аб гэтым заявіў прэм'ер краіны.

Кіраўніцтва Арменіі дазволіць жанчынам праходзіць тэрміновую службу ў войску, заявіў прэм'ер-міністр краіны Нікол Пашынян. «Найбліжэйшым часам мы плануем увесці ў рэспубліцы зусім новы інстытут - добраахвотна-тэрміновай вайсковай службы жанчын», - сказаў ён.

Са слоў Пашыняна, ва Узброеных сілах Арменіі ўжо ёсць жанчыны, якія падпісалі кантракт. Што да тэрміновай службы, цяпер яе абавязаныя праходзіць усе мужчыны ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў. Вайсковае навучанне доўжыцца два гады.

Тэрмін вайсковых збораў для рэзервістаў у гэты момант роўны тром месяцам. Улады збіраюцца скараціць яго да месяца ці 25 дзён. Таксама ў Арменіі будзе створаная афіцэрская школа, якая адпавядае «найлепшым сучасным стандартам».

Акрамя гэтага ўлады краіны працягваюць абсталёўваць войскі сучасным узбраеннем і вайсковай тэхнікай, імкнучыся максімальна заахвочваць мясцовых вытворцаў. Усё гэта - частка шырокамаштабнай рэформы войска, мэта якой - зрабіць кожнага вайскоўца больш прафесійным.

Пашынян казаў аб намеры прыцягнуць жанчын на тэрміновую службу яшчэ летам. Ён сцвярджаў, што ініцыятыва «не мае ідэалагічнай асновы, а абумоўленая выключна прагматычным разлікам», бо жанчыны складаюць большасць насельніцтва Арменіі. «Гаворка аб тым, каб максімальна выкарыстоўваць гэты патэнцыял», - сказаў ён. Аднак гэта «не азначае, што ў войску жанчыны будуць служыць нароўні з мужчынамі».

Са слоў намесніка міністра абароны Армана Саркісяна, падставай для рэформы стала актыўнасць жанчын у пытаннях абароны і бяспекі краіны. Міністэрства арганізавала для іх курсы стральбы, і вынікі навучання «прыемна здзівілі вайсковых». Канкрэтны законапраект будзе вынесены на грамадскае абмеркаванне.

Пашынян заявіў аб неабходнасці рэформы войска ў лістападзе 2020 года пасля таго, як краіна пацярпела фактычную паразу ў вайне з Азербайджанам у Нагорным Карабаху. Мірнае пагадненне было ўкладзенае пры пасрэдніцтве Расеі. Яна ж адправіла міратворцаў сачыць за выкананнем дамоўленасцей да 2025 года. Нягледзячы на гэта, пачынаючы са жніўня 2022-га, на мяжы пачалі адбывацца закалоты.

Сітуацыя значна абвастрылася ў верасні. Арменія нават запытала дапамогі ў Расеі ў рамках АДКБ, аднак тая абмежавалася заявай, у якой выказала «занепакоенасць» абвастрэннем абстаноўкі і прынесла Ерэвану «спачуванні». Пасля гэтага сакратар Савета бяспекі Арменіі Армэн Грыгаран заявіў, што Ерэван не выключае выхаду з арганізацыі.

Потым Арменія адмовілася ад удзелу ў вераснёўскіх вучэннях АДКБ у Казахстане. У лістападзе Пашынян заявіў аб «фіяска» вайсковага блока прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну. Ён таксама адмовіўся падпісваць выніковую дэкларацыю саміту АДКБ. Армянскі прэм'ер не ўбачыў у дакуменце «выразнай палітычнай ацэнкі сітуацыі на армяна-азербайджанскай мяжы», што можа «інтэрпрэтавацца Азербайджанам як зялёнае святло для агрэсіі».

У снежні Пашынян зноў нагадаў Пуціну аб сітуацыі з блакаваннем Лачынскага калідора і прапанаваў адправіць туды дадатковы, шматнацыянальны міратворчы кантынгент, калі «Расея не ў стане забяспечыць стабільнасць у Нагорным Карабаху».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках