24 красавiка 2024, Серада, 1:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрус Кубілюс: Лукашэнка рухаецца ў кірунку да трыбунала

18
Андрус Кубілюс: Лукашэнка рухаецца ў кірунку да трыбунала
Андрус Кубілюс
Фота: 15min.lt

Надыходзіць вялікі прарыў у распаўсюджванні дэмакратыі.

Перамога Украіны ў вайне і дэмакратызацыя Беларусі могуць запусціць змены ў Расеі. Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту Charter97.org выказаў былы прэм'ер-міністр Літвы, еўрадэпутат Андрус Кубілюс.

- Беларусь знаходзіцца пад расейскай акупацыяй? Ці трэба прызнаць яе дэ-юрэ?

- Можа быць. Не ведаю, якія былі б юрыдычныя наступствы з пункту гледжання міжнароднага права, калі б Беларусь была прызнаная напаўакупаванай краінай.

Можа быць, гэта нават аблегчыла б жыццё Лукашэнкі: «Жывучы ў акупаванай краіне, я не магу браць на сябе адказнасць за тое, што робяць акупанты». Але ягоны суўдзел у агрэсіі супраць Украіны цалкам відавочны. Незаконна, але, тым не менш, Лукашэнка па-ранейшаму кантралюе адміністрацыю, ён дазваляе расейскім сілам выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для гэтай агрэсіі. Такім чынам, гэта даволі проста, дакументы ААН кажуць, што калі вы ведзяце сябе такім чынам, калі вы дазваляеце сваёй краіне, якой вы кіруеце, нават незаконна, выкарыстоўваць тэрыторыю для агрэсіі, вы вінаватыя.

- Гіпатэтычнае пытанне. З Беларусі прылятае ракета і знішчае, скажам, дарагое абсталяванне на ўкраінскім заводзе. Каму плаціць рэпарацыі пасля вайны?

- Не ведаю, добрае пытанне. Можа быць, гэта будзе адказнасць Беларусі за кампенсацыю шкоды, хаця б часткова. Але пакуль пра гэта асабліва не гавораць. Калі мы гаворым пра рэпарацыі, мы значна больш гаворым аб адказнасці Расеі. Таксама мы думаем, як выкарыстоўваць расейскія грошы, якія зараз замарожаныя. Хоць на пошук належнай прававой пастановы патрабуецца пэўны час, гэтая ініцыятыва рухаецца наперад.

- Чаму Пуцін працягвае гэтую бязлітасную бессэнсоўную вайну? На што ён разлічвае?

- Ён загнаў сябе ў кут. Цяпер Пуцін - як шалёны пацук у куце, ён цалкам страчвае рацыянальнасць.

Калі абмяркоўвалася, з якой прычыны Пуцін развязаў вайну, некаторыя думалі, што ён заўсёды марыў аб аднаўленні вялікай імперыі, ён казаў пра гэта. Я не веру таму, што кажа Пуцін. У значна большай ступені я гляджу на тое, якія мэты і задачы ён жадае дасягнуць. З майго пункту гледжання, асабліва пасля беларускай рэвалюцыі 2020 году, Пуцін вельмі моцна спалохаўся таго, што адбываецца распаўсюд дэмакратыі.

Па-другое, што Украіна з яе інтэграцыяй у ЕЗ, мадэрнізацыяй эканомікі, можа стаць паспяховай краінай, а гэта будзе вялікім стымулам для расейцаў прасіць таго ж. Вось тое, чаго вельмі баіцца ягоны рэжым, гэта разбурае ўсю ягоную аснову.

Ён дакладна не так моцна баіцца ўступлення Украіны ў NАТО, бо разумее, што NАТО не з'яўляецца агрэсіўным блокам. Мне падалося, што Пуцін значна больш баяўся руху Украіны ў ЕЗ, бо такія краіны, як Украіна, як Беларусь, толькі такім чынам могуць пабудаваць свой поспех у нашым рэгіёне. І для яго поспех Украіны быў тым, чаго ён не мог бы дапусціць, бо гэта знішчыла б увесь уплыў рэжыму ў Расеі.

- Атрымліваецца, Пуцін спрабуе разбурыць станоўчы прыклад, якім можа стаць Украіна? Таму ён працягвае вайну?

- Ён спрабуе, але ў нейкім сэнсе дзіўны лёс спасцігае вялікія мары Пуціна. Ён хоча знішчыць украінскую нацыю, але яна становіцца ўсё больш згуртаванай. Пуцін хацеў не дапусціць, каб Украіна пайшла на Захад (яшчэ ў 2014 годзе), але ён зрабіў Украіну значна больш згуртаванай на гэтым заходнім кірунку. Пуцін гучна выступаў супраць пашырэння NАТО да межаў Расеі, але дабіўся таго, што Фінляндыя і Швэцыя стануць чальцамі Альянсу.

Цяпер ён спрабуе знішчыць Украіну, але што ў выніку? Украіна стала краінай-кандыдатам у ЕЗ. Без вайны я не ведаю, як і калі гэта адбылося б - гэта сапраўдны прарыў. Пуцін страціў свой уплыў на Захадзе (больш ці менш – дагэтуль ёсць сумневы ў тым, што можа адбыцца ў будучыні). Ён страціў свой геапалітычны інструмент залежнасці ЕЗ ад расейскага газу. Урэшце, Украіна ваюе і перамагае ў вайне.

У Украіны ёсць абяцанні ад Захаду аднавіць і мадэрнізаваць сваю эканоміку па так званым плане Маршала, дзе будуць выкарыстаныя расейскія грошы. З інтэграцыяй у ЕЗ Украіна можа стаць вельмі моцным з эканамічнага і геапалітычнага пункту гледжання чальцом Еўразвязу. Значыць, гэта супрацьлегла таму, чаго спрабуе дабіцца Пуцін.

- Ці з'яўляецца Украіна ўжо часткай Захаду, незалежна ад таго, што будзе далей?

- Так, вядома. Па-першае, дзякуючы ўкраінскай адвазе і вайсковай дапамозе Захаду стала зразумела, што калектыўны Захад, у тым ліку Украіна, значна мацнейшая з вайсковага пункту гледжання за Расею. Такім чынам, увесь гэты паветраны шар прапаганды ваеннай моцы Расеі спусціўся.

Наступнае пытанне - калі скончыцца вайна. Гэта будзе залежаць, на мой погляд, ад здольнасці Захаду даставіць ва Украіну неабходнае ўзбраенне, прычым не толькі нейкія рэшткі са складоў, але тое, што трэба. І тут я бачу адну праблему, але спадзяюся, што яна будзе развязаная. На Захадзе ёсць некаторыя сталіцы, якія дагэтуль не маюць дакладнага ўяўлення аб тым, як перамога Украіны паўплывае на Расею. Некаторыя з іх асцерагаюцца, што гэтая перамога можа прывесці Расею да поўнага краху: прыход Прыгожына да ўлады, грамадзянская вайна, некантраляваная дзяржавай ядзерная зброя - такая карціна вельмі турбуе некаторыя сталіцы, а таму, можа быць, яны не так смела пастаўляюць Украіне зброю, якая неабходная для дасягнення гэтай перамогі.

Некаторыя на Захадзе не зусім упэўненыя, што будзе далей. Вось тут я і спрабую выказацца, улічваючы ўрокі гісторыі: вайна, у якой Расея саступае, адчыніць дзверы для перамен, і яны могуць быць станоўчымі. Давайце над гэтым працаваць. Маё пасланне вельмі простае: Захаду патрэбна стратэгія, як дапамагчы Расеі трансфармавацца ў пазітыўны бок.

- Наступіць дзень, калі сотні тысяч расейскіх жаўнераў, якія ўмеюць забіваць, красці, гвалтаваць і катаваць, вернуцца дадому. Якая будучыня чакае такую краіну?

- Не так проста адказаць на гэтае пытанне, але я ведаю, якую будучыню мы хацелі б бачыць у Расеі. І менавіта тут Украіна і Беларусь могуць адыграць самую важную ролю. Па-першае, украінская перамога можа прынесці змены ў Беларусі. І тады змены ва Украіне і Беларусі могуць моцна паўплываць на тое, як пойдуць справы ў Расеі.

Першы крок - відавочная перамога Украіны, якая патрабуе падтрымкі Захаду ў пастаўках узбраення, у фінансавай падтрымцы. Такая перамога можа адчыніць дзверы для перамен у Расеі. Гэтыя змены могуць ісці ў кожным кірунку. Гэта можа быць поўны крах Расеі. Як вы сказалі, сотні тысяч жаўнераў вернуцца з усімі звычкамі тэрарыстаў. Але гэта таксама можа адчыніць дзверы для пераходу Расеі на больш нармальны, больш еўрапейскі тып траекторыі развіцця.

Як высвятляецца цяпер, упор на аднаўленне імперыі, які зрабіў Пуцін, гуляючы з грамадствам у гульні з настальгіяй (часам натуральнай), завёў Расею ў тупік.

І тут пытанне: што далей? У Расеі значна больш магчымасцяў сысці ў вельмі катастрафічныя сцэнары і вельмі мала магчымасцяў змяніцца ў больш станоўчы бок.

Станоўчы сцэнар - распаўсюджванне дэмакратыі: Украіна, Беларусь - яе прыход у Расею. Дэмакратыя ў Расеі з'яўляецца перадумовай развязання гэтай праблемы небяспекі, якую нясе таталітарызм для бяспекі еўрапейскага кантынента.

- У якім кірунку рухаецца Беларусь?

- Лукашэнка рухаецца ў кірунку да трыбунала. На студзеньскай сесіі мы збіраемся галасаваць за спецыяльную рэзалюцыю, якую мы зараз рыхтуем, аб стварэнні спецыяльнага трыбунала аб злачынствах агрэсіі.

Калі паглядзець у дакументах ААН апісанне таго, што з'яўляецца злачынствам агрэсіўнай вайны, адзін з абзацаў гаворыць менавіта пра такія выпадкі, як Лукашэнка: пра тыя краіны і тых лідараў, якія дазваляюць выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для агрэсіі супраць іншай краіны — яны вінаватыя ва ўдзеле ў гэтай злачыннай агрэсіі.

Як мне бачыцца, будзе вялікі прарыў у распаўсюджванні дэмакратыі на ўсход еўрапейскага кантынента: пасля перамогі Украіны - Беларусь. Пасля, можа, Расея. Можа, павольней, крок наперад, два крокі назад. Але, тым не менш, я не бачу прычын не верыць у такую магчымасць. Не так проста сказаць, калі гэта можа адбыцца, але, як мы бачылі ў 2020 годзе з беларускай рэвалюцыяй, гэта можа быць вельмі раптоўна, калі ніхто не чакае.

Стаўшы дэмакратычнай краінай, у Беларусі з'явіцца магчымасць зрабіць вельмі просты выбар: ісці ў бок інтэграцыі з ЕЗ ці не. Спадзяюся, што дакладнай пазіцыяй большасці беларусаў будзе ісці менавіта гэтым еўрапейскім шляхам. Я чуў, што гэта гаворыць Святлана Ціханоўская. І гэта перспектыва беларускага народа - стаць нармальнай еўрапейскай краінай з усімі дабротамі.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках