29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускім студэнтам забаранілі святкаваць Дзень святога Валянціна

34
Беларускім студэнтам забаранілі святкаваць Дзень святога Валянціна

Адміністрацыя ВНУ пагражае дысцыплінарным спагнаннем.

Студэнцкія арганізацыі БДУ, якія займаюцца падрыхтоўкай розных мерапрыемстваў, атрымалі распараджэнне ад рэктарата - сёлета ніякага святкавання Дня святога Валянціна. Раней у навучальных установах ужо забаранялі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Хэлоўіна. Журналісты «Зеркала» пагутарылі са студэнтамі БДУ і паспрабавалі даведацца ў рэктараце, што не так з Днём усіх закаханых.

Студэнтка БДУ Наталля расказала, што яе факультэт кожны год рыхтаваў святочныя мерапрыемствы да 14 лютага. Напрыклад, «хуткія спатканні» або прагляды рамантычных фільмаў. Аднак у 2023 годзе і педагогі-арганізатары інтэрната, і чальцы студэнцкага саюза факультэта папярэдзілі: ад прарэктара ў выхаваўчай рабоце БДУ прыйшла забарона на святкаванне Дня ўсіх закаханых.

- Нам не растлумачылі, у чым менавіта праблема гэтага свята, проста данеслі такую інфармацыю. Можна хіба што перайменаваць мерапрыемствы. Гэта незразумела для нас, бо кожны год праводзіліся розныя мерапрыемствы ў тэматыцы Дня святога Валянціна: і на факультэце, і ў інтэрнатах. А Хэлоўін забаранілі святкаваць яшчэ пару гадоў таму, - тлумачыць Наталля.

Дзяўчына кажа, што парушыць забарону і правесці запланаваныя мерапрыемствы ў інтэрнаце не атрымаецца праз «банальную бюракратыю». Патрэбны дазвол старшыняў студэнцкіх арганізацый, а на Дзень святога Валянціна ўжо стаіць бан.

- Калі ўсё адно правесці, то гэта можа пагражаць дысцыплінарным спагнаннем. Яны могуць быць рознай ступені цяжкасці. Напрыклад, могуць не засяліць у інтэрнат налета ці ўвогуле выселіць цяпер. Гэта тычыцца ўсіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца без дазволу і неабходных дакументаў, - тлумачыць дзяўчына.

Аналагічную інфармацыю нам пацвердзілі студэнты іншых факультэтаў БДУ: хімічнага, філалагічнага і журналістыкі. З іх слоў, забарону накіравалі студэнцкім і творчым саюзам універсітэта.

- Нам давялі, што мы не святкуем такія святы як Дзень святога Валянціна або Хэлоўін, - кажа сябра студэнцкага саюза БДУ Ірына. - Тлумачаць гэта тым, што гэтыя святы з'яўляюцца заходнімі, ніякага дачынення да нас і нашай культуры не маюць.

Са слоў Ірыны, студэнты дамовіліся парушыць «забарону»: не будуць афішаваць мерапрыемствы і пісаць пра іх у сацсетках студэнцкага саюза.

- Сацсеткі ў нас маніторыцца адміністрацыяй і ўсе публікацыі праходзяць жорсткую цэнзуру. Таму цяпер свята ўсіх закаханых мы ўказваць таксама не будзем, правядзем утоена. Да забароны кожны год Дзень усіх закаханых адзначалі адкрыта, не хаваліся. Цяпер даводзіцца шукаць такія выхады, - дадае студэнтка.

Журналістка «Зеркала» як зацікаўленая студэнтка патэлефанавала прарэктарцы ў выхаваўчай працы і сацыяльных пытаннях БДУ Ганне Бакун і спытала, што не так з Днём святога Валянціна і чаму яго цяпер нельга святкаваць. У рэктараце, спаслаўшыся на «іерархію ў стасунках», параілі звярнуцца да куратараў ва ўніверсітэце або запісацца на прыём да прарэктара ў пэўны час.

Нагадаем, у снежні 2022 года Савет міністраў Беларусі пастанавіў выключыць святкаванне Хэлоўіна і выкарыстанне замежных персанажаў накшталт цацак Хагі Вагі ва ўстановах адукацыі. Гэта нібыта супярэчыць традыцыйным каштоўнасцям беларускага народа. Замест гэтага Савет міністраў рэкамендаваў выпрацаваць «прапановы ў культурным імпартазамяшчэнні і ўмацаванні духоўна-маральнай бяспекі».

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках