22 кастрычнiка 2023, Нядзеля, 1:25
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Шэрая зона» ці плацдарм: што адбываецца на Кінбурнскай касе

3
«Шэрая зона» ці плацдарм: што адбываецца на Кінбурнскай касе

Як для УСУ, так і для акупантаў гэтая зона мае асаблівую важнасць.

Кінбурнская каса, астравы ў дэльце Дняпра пад Херсонам і берагавая лінія на левым баку ракі фармуе своеасаблівую аперацыйную зону глыбінёй 20 км і плошчай больш за 17 тысяч гектараў. Тут праходзіць лінія размежавання, адбываюцца актыўныя баявыя сутыкненні, і, хоць разглядаць гэтую тэрыторыю як паўнавартасны плацдарм - немагчыма, з прычыны ландшафту і геаграфіі, яе кантроль надзвычай важны для абодвух бакоў, піша «Стопкор».

Вакол Кінбурнскай касы - апошняга ўсё яшчэ акупаванага жмутка Мікалаеўскай вобласці - ужо некалькі месяцаў вядуцца бесчалавечныя баі. 8 студзеня спікерка АК «Поўдзень» Наталля Гумянюк падкрэсліла, што падрабязнасцяў што да сітуацыі ў гэтым рэгіёне не выдаюць, каб не нашкодзіць людзям, якія там жывуць.

Зрэшты, паводле ейных слоў, стала вядома, што аперацыі для вызвалення паўвыспы перашкаджае надвор'е, а на тэрыторыі касы дагэтуль прысутнічаюць акупацыйныя войскі.

«Бо працягваецца там прысутнасць ворага, працягваюцца атакі на супрацьлеглы бераг. Гэтак жа з выспамі (Вялікі Пацёмкінскі і іншыя выспы ў дэльце Дняпра - рэд.) яшчэ працягваецца баявая праца і кантролю абсалютнага не мае ніводзін з бакоў. Гэта і ёсць лінія размежавання, лінія фронту, дзе ідуць баі», - распавяла спікер.

Што гэта значыць для УСУ?

«Перш за ўсё, «шэрая зона» - гэта адцінак, на якім адсутнічае кантроль тэрыторыі адным з бакоў канфлікту. Гэта значыць там, дзе няма кантролю УСУ і акупантаў - гэта шэрая зона. Але пры гэтым гэта не азначае, што гэты кантроль у кароткатэрміновай перспектыве не можа ўзнікнуць», - каментуе ваенна-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка.

Ён таксама адзначыў фармаванне на левабярэжжы Херсона аперацыйнай зоны, якая зараз дасягае глыбіні 20 км, што з'яўляецца вынікам агнявога кантролю УСУ з правага берага. На думку аналітыка, вораг пакідае прысутнасць у гэтай зоне, асцерагаючыся фарсавання Дняпра з боку УСУ, што з ваеннага пункту гледжання выглядае нонсэнсам. У той жа час Кінбурнская каса сапраўды можа ператварыцца ў «кінжал у спіну» супраціўніка.

«Не будзе ніякага фарсавання, усё вымалёўваецца значна больш жорстка ў перспектыве. Калі ўзяць карту баявых дзеянняў, раскрыць яе і паглядзець, 15 БТГр акупантаў разгорнуты ў трыкутніку Васільеўка - Токмак - Мелітопаль. Рэзервовыя 6 БТГр - на раздарожжы Херсонскай і Запароскай вобласці. Тым часам на левым беразе 20 км аперацыйнай зоны, якая можа стрэліць ад Кінбурнскай касы да Голай Прыстані, Алешак і Новай Кахоўкі. А што такое стрэл? Гэта напор. Гэта - магчымасці УСУ за паўтара тыдня вызваліць больш за 8,5 тысяч квадратных кіламетраў», - мяркуе экспэрт.

У той жа час акупанты актывізуюць свае ДРГ у плаўні пад Херсонам.

Пра гэта са спасылкай на мясцовыя крыніцы і спадарожнікавыя здымкі за 8 студзеня паведамляе суполка «Херсон: вайна без фэйкаў». Адзначанае нарошчванне колькасці дробных плывучых сродкаў ворага ў затоках Старога Дняпра і Конкі. Акрамя таго, у мясцовых жыхароў захопнікі актыўна адбіраюць і скупляюць маторы для лодак. Таксама паведамляюць аб значным паніжэнні вады ў Дняпры - яго звязваюць з маніпуляцыямі расейцаў, якія кантралююць шлюзы і збудаванні Кахоўскай ГЭС.

Акупанты таксама ўсталявалі на днях «трыкалор» на адной з выспаў (верагодна, гаворка ідзе аб выспе Круглік) і паказалі сваю ДРГ, якая аперуе на рэках Конка і Чайка паміж Херсонам і Алешкамі. Прычым прарасейскія прапагандысты паспрабавалі выдаць гэтае відэа за доказ кантролю сіламі РФ Вялікай Пацёмкінскай выспы. Аднак аналітыкі з DeepState зняпраўдзілі гэты фэйк.

Зрэшты, у кожным выпадку недаацэньваць сур'ёзнасць намераў ворага не варта. Відавочна, што паўнавартаснае фарсаванне Дняпра, нават пры яго замярзанні, не будзе ажыццяўляць ніводны з бакоў. Аднак акупанты магчыма і далей будуць спадзявацца на інтэнсіўную дзейнасць сваіх ДРГ і абсталяванне агнявых пунктаў у берагавой зоне, каб працягваць тэрарызаваць правабярэжжа ад Херсона да Ачакава. А УСУ засяроджваюцца на агнявым кантролі лагістычных шляхоў і знішчэнні вайсковых аб'ектаў супраціўніка.

У вінуку, менавіта эфектыўны (агнявы або фізічны) кантроль Кінбурнскай касы і астравоў у плаўнях Дняпра можа стаць вызначальным чыннікам у бітве за ўвесь украінскі поўдзень.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».