Міністр Іванец схлусіў і пераблытаў сваю кішэню з грамадскай
13- 1.10.2023, 15:16
- 13,378

Што не так у заяве лукашыста пра матэрыяльныя выплаты?
27 верасня міністр адукацыі Андрэй Іванец выступіў у ролі прапагандыста перад студэнтамі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Чыноўнік запэўніваў навучэнцаў, што яны жывуць не ў рэпрэсіўнай дзяржаве, а ледзь не ў найлепшай краіне свету.
У якасці доказу ён заявіў:
«Мы адзіная краіна, дзе ёсць трохгадовы аплатны адпачынак для догляду дзіцяці. Мы рэалізуем канцэпцыю даступнай якаснай і бясплатнай адукацыі. За кожнага школьніка за год дзяржава плаціць у сярэднім Br5,5 тыс., за дзіця ў дзіцячы садок – блізу Br6 тыс., за студэнта – Br9–10 тыс. за год. Нават калі гаварыць пра платную адукацыю, нехта хіба плаціць Br9–10 тыс.?»
Сайт UDF тлумачыць, у чым заключаецца хлусня і маніпуляцыя з боку маладога міністра.
Беларусь – адзіная краіна, дзе ёсць трохгадовы аплатны адпачынак для догляду дзіцяці?
Вядома, не. Аналагічнае правіла з часоў распаду СССР дзейнічае ў суседняй Расеі. Гэта што да няпраўды. Але яшчэ больш важна тое, што беларускія чыноўнікі шмат гадоў займаюцца маніпуляцыяй, расказваючы пра такое дасягненне як трохгадовы аплатны адпачынак для догляду дзіцяці.
Растлумачым, у чым рэч. Дапамога для догляду дзіцяці ў Беларусі на гэты момант складае блізу 650 рублёў (на першае дзіця). Гэта блізу 187 еўраў. Сума настолькі невялікая, што ў некалькі разоў меншая за сярэдні заробак у краіне («бруднымі» ён складае блізу 1900 рублёў).
У еўрапейскіх краінах адпачынак для догляду дзіцяці сапраўды меншы, чым у Беларусі, але гэта кампенсуецца непараўнальна большымі выплатамі – прычым у разы!
Напрыклад, у Нарвегіі адпачынак для догляду дзіцяці доўжыцца ад 11,5 месяца да 13,5. У першым выпадку бацьку выплачваецца 100% ад заробку, у другім – 80%. Іншымі словамі, бацька атрымлівае не 187 еўраў (як у Беларусі), а больш за 4 тысячы.
Гэтых грошай цалкам можа хапіць, нават калі маці ці бацька надумаюць выйсці на працу пазней. У Нарвегіі працоўнае месца захоўваюць за супрацоўнікам два гады.
Магчыма, прыклад багатай Нарвегіі здасца камусьці не зусім карэктным. Таму раскажам пра Эстонію. Там адпачынак для догляду дзіцяці можа прадаўжацца да трох гадоў, прычым да 1,5 года маладым мамам выплачваецца «бацькоўскі заробак» памерам 100% ад сярэдняга заробку («бруднымі ён складае 1870 еўраў).
Да таго ж усім дзецям ад нараджэння да 16 гадоў штомесяц выплачваецца 80 еўраў.
Акрамя таго, у абаіх бацькоў ёсць права ўзяць дадатковы аплатны адпачынак на кожнае дзіця ва ўзросце да 14 гадоў у агульнай колькасці на 10 дзён.
Падобныя механізмы дзейнічаюць не толькі ў Эстоніі, а ў шматлікіх еўрапейскіх краінах. Таму, з аднаго боку, Беларусь сапраўды вылучаецца доўгім адпачынкам для догляду дзіцяці, а з другога – мізэрнымі ў параўнанні з іншымі дзяржавамі матэрыяльнымі выплатамі на дзяцей.
На фоне суседзяў у ЕЗ нашая краіна відавочна не важыць на «сацыяльна арыентаваную дзяржаву».
Дзяржава плаціць за кожнага школьніка?
Яшчэ адна маніпуляцыя міністра Іванца ўласцівая амаль усім беларускім чыноўнікам. Яны любяць падкрэсліваць, што дзяржава дае грамадзянам тую ці іншую льготу.
«За кожнага школьніка за год дзяржава плаціць у сярэднім Br5,5 тыс.», – адзначыў Іванец.
Але адкуль у «дзяржавы» гэтыя грошы? Чыноўнікі недзе шмат зарабляюць і дзеляцца атрыманымі грашыма з астатнімі грамадзянамі? Вядома, не.
Штогод на кожнага школьніка выдаткоўваюць у сярэднім 5,5 тысячы рублёў не ўладныя вярхі, а беларускае грамадства: грамадзяне нашай краіны плацяць падаткі, якія ідуць у тым ліку на адукацыю іх дзяцей. Міністр Іванец не толькі схлусіў, але і пераблытаў сваю кішэню з грамадскай.