28 красавiка 2025, панядзелак, 2:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Збірай рэчы, ты едзеш вучыцца ў Гішпанію»

12
«Збірай рэчы, ты едзеш вучыцца ў Гішпанію»

Як беларусы адкрылі рэстарацыю гішпанскай кухні ў Беластоку.

Зміцер і Ала марылі аб сваёй рэстарацыі яшчэ ў Беларусі, але адкрылі яе ў Польшчы. У 2016 годзе сям'я беларусаў з Берасця наважыла памяняць сваё жыццё і пераехала ў польскі Беласток. За шэсць гадоў працы ў беларусаў былі ўзлёты і падзенні, але іх бізнэс паспяхова функцыянуе і карыстаецца попытам у жыхароў Беластока. MOST расказаў гісторыю беларусаў.

Мара – маленькая рэстарацыя

Да 2016 года Зміцер ездзіў у Польшчу на падпрацоўку, як і многія жыхары прымежных раёнаў Беларусі. Аднойчы ён убачыў абвестку аб продажы грэцкай рэстарацыі ў цэнтры Беластока. У той момант ён успомніў пра жонку і ейную мару – мець маленькую рэстарацыю. Для пачатку Зміцер патэлефанаваў па нумары ў абвестцы, каб даведацца пра ўмовы продажу ўстановы.

- Была нядрэнная сума, агучваць не буду. Патэлефанаваў жонцы, спытаў, ці гатовая яна на пераезд, каб ажыццявіць сваю мару. Ала пагадзілася. Прыехала, мы разам схадзілі на сустрэчу з уладальнікамі і пагадзіліся выкупіць бізнэс.

Фірма за тры дні і вучоба ў Гішпаніі

Каб выкупіць рэстарацыю, беларусам трэба было адкрыць фірму. На гэта ім спатрэбілася ўсяго тры дні.

- Вось так за пару дзён у нас памянялася жыццё. Адкрылі фірму, купілі рэстарацыю і пераехалі жыць у іншую краіну. Пасля пакупкі стаяла пытанне: «А якая кухня будзе ў нас ва ўстанове?». Мы куплялі грэцкую рэстарацыю, і за вуглом працавала падобная. Думалі пра беларускую кухню, але ў цэнтры Беластоку на той момант ужо некалькі гадоў працавала такая рэстарацыя. І перабіць яго было б вельмі складана. Абʼездзілі ўвесь Беласток, пабывалі амаль ва ўсіх рэстарацыях, каб зразумець, што нам трэба.

Беларусы прыйшлі да высновы, што ў польскім горадзе не стае гішпанскай кухні – установы з морапрадуктамі. Каб асвоіць гэтую кухню, жонка Дзмітрыя Ала паехала вучыцца гатаванню ў гішпанскіх кухароў у Більбаа.

- Пасля прыняцця рашэння патэлефанаваў жонцы і сказаў: «Збірай рэчы, ты едзеш вучыцца ў Гішпанію». Адразу ж ёй купілі білеты ў Більбаа, і яна паляцела. Гадзінамі знаходзіліся з кухарамі на кухні, а перакладчык ёй усё перакладаў. Пакуль Ала вучылася, я рабіў рамонт у нашай рэстарацыі. І адразу пасля прыезду жонкі наша рэстарацыя адчыніла свае дзверы. Так зʼявілася новае месца ў Беластоку з гішпанскай кухняй. Мы сталі рабіць упор на морапрадукты. Назвалі рэстаран Oliwa – таму што ў гішпанскай кухні фактычна ўсё гатуецца на аліўкавым алеі або з алівамі.

Перажыць локдаўн

Да 2020 года беларусы развівалі сваю рэстарацыю і прываблівалі кліентаў. Але здарылася пандэмія, у Польшчы пачаліся локдаўны. Многія ўстановы закрыліся, Зміцер і Ала таксама былі на мяжы закрыцця сваёй рэстарацыі.

- У першы год працы было складана, суседзі пазіралі з недаверам, бо мы беларусы. Гэта зараз ужо ўсе ведаюць і ўсе гатовы нечым дапамагчы. Гэта прыходзіць з гадамі, ты становішся сваім. А спачатку трэба было напрацавацца. Сурʼёзныя праблемы ў нас пачаліся падчас пандэміі: локдаўны – прыбытак мінімальны. Да канца пандэміі стала лягчэй: мы прадавалі прадукцыю на вынас. Людзі замовілі – мы прыгатавалі і аддалі. Ужо хоць нешта. Гаспадар памяшкання ўвайшоў у становішча і зрабіў добрую зніжку на арэнду на час локдаўна. Потым нам банк дапамог «каранавіруснай» субсідыяй – так польская дзяржава падтрымлівала малы бізнэс падчас пандэміі. Праз 1,5 гады трэба было выплаціць толькі 20% ад агульнай сумы. Вось так мы перажылі крызіс.

Якасць і стаўленне

Пасля пандэміі пачаўся ўздым бізнэсу. Зміцер уважае, што гэта звязана з тым, што людзі засумавалі па рэстарацыях і барах. Плынь наведвальнікаў рос з кожным днём.

- І вось нам ужо 6 гадоў і мы працягваем працаваць. Заклад поспеху ў стаўленні да сваёй працы. Амаль увесь наш персанал – беларусы. Мы ім адразу сказалі, што ў працы галоўная якасць і стаўленне. Калі будзе добрая кухня і абслугоўванне, кліент заўсёды вернецца. Палякі вельмі пераборлівы народ, іх увагу трэба заслужыць. Цяпер мы з жонкай і самі можам абслужыць гасцей, бо многія кліенты ўжо сталі нашымі добрымі сябрамі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках