«Кожны зарабляў па $5 тысяч у месяц»
10- 1.10.2023, 18:11
- 7,688

Магіляўчанка шчыра расказала пра работу ў Ізраілі.
Магіляўчанка Наталля тры месяцы правяла ў Ізраілі. Лётала яна ў Тэль-Авіў не смажыцца на сонца, а працаваць: прыбіраць кватэры ў заможных людзей. Колькі ёй удалося зарабіць, яна расказала «Вячэрняму Бабруйску».
- Працу ў Ізраілі знайсці лёгка, заўсёды патрабуюцца працоўныя на будоўлю, прыбіральшчыцы і сядзелкі. Але беларусам патрэбная працоўная віза, бо паміж Беларуссю і Ізраілем не ўкладзеная дамова на працу. Некаторыя ўладкоўваюцца праз падстаўных асоб, але гэта заўсёды рызыка – будуць плаціць мінімум або наогул падмануць, – распавядае Наталля.
У Наталлі працоўная віза ёсць, яе яна адкрыла, каб лётаць да пажылога сваяка, якому патрабуецца догляд. Гэтая віза дазваляе працаваць, але не ўсюды.
Праз знаёмых Наталля знаходзіла сем'і, якім патрабавалася прыбіраць кватэры. Плацяць за гэта добра – адна гадзіна ўборкі каштуе 70 шекелей, гэта прыкладна 20 даляраў:
- У сярэднім на ўборку трэба 5 гадзін, гэта значыць з адной кватэры ты ўжо будзеш мець у раёне ста даляраў. Калі сіл стае, можна браць дзве кватэры за дзень, а ўвечар яшчэ ісці прыбіраць офіс. Але трэба ўлічваць, што вельмі горача, перасоўвацца трэба на аўтобусах, а па Тэль-Авіве можна гадзіну ехаць ад аднаго месца да другога. Ёсць кватэры вельмі лёгкія ва ўборцы, чыстыя, дзе парадак трэба толькі падтрымліваць. Такіх лёгка можна прыбіраць дзве за дзень. Але бываюць і такія, дзе ўсё заплыло тлушчам і пасля адной уборкі сіл на другую зусім не застаецца.
Наталля звяртае ўвагу, што ізраільцяне не прагныя, частуюць кавай з выпечкай, да святаў падораць што-небудзь, а разбіраючы шафы, аддадуць вопратку за тысячу даляраў, якую ніколі не апраналі.
- Пра семʼі, у якіх прыбірала, нічога дрэннага сказаць не магу. Толькі ў адной мяне спачатку «правяралі» – падкідвалі валасы пад мыльніцу ў ваннай, пад дыван сыпалі пясок, каб пераканацца, ці старанна я выконваю свае абавязкі. Калі пераканаліся, што ўсё добра, прызналіся ў гэтым, – усміхаецца Наталля. – Цяжка было прыбіраць у рэлігійных семʼях, як правіла, яны шмат гатуюць і маюць шмат дзяцей. Адсюль і працы больш. Пакуль прыбярэш у адным пакоі і пяройдзеш у іншы, той ужо перавернуць зноў. Вельмі цяжка прыбіраць перад Песахам, таму што па паверʼях у хаце не павінна ў гэты час заставацца ніводнай хлебнай крошкі. Трэба перабіраць усе паліцы і нават раскручваць духавую шафу. Дадаткова гэта ніяк не аплочваецца. Яшчэ трэба ўлічыць, што ў рэлігійных семʼях, нягледзячы на жахлівую спякоту, жанчыны ходзяць у калготках, парыках і сукенках з доўгім рукавом. Ад прыбіральшчыцы таксама патрабуюць максімальна прыкрыцца, і прыбіраць у хаце даводзіцца ў штанах і кофце з доўгімі рукавамі, бясконца абціраючы пот з ілба.
На кватэрах, прыбіраючы па адной-дзве за дзень, у месяц Наталля зарабляла ў сярэднім па тры тысячы даляраў. Самым вялікім артыкулам выдаткаў стала арэнда жылля. Пакой у прыгарадзе на дваіх з жанчынай абыходзіўся ў 800 даляраў за месяц для кожнай. 220 шекелей (58 даляраў) каштаваў месячны праязны. На ежу яна старалася марнаваць мінімум, часта частавалі гаспадыні кватэр пасля ўборкі.
- Калі задацца мэтай, то зарабіць можна вельмі добра, – упэўнена наша гераіня. – Мая знаёмая сямейная пара хацела купіць кватэру ў Менску, таму працавала на знос і практычна без выходных. Муж і жонка здымалі будку за 300 даляраў, муж цэлы дзень працаваў на будоўлі, а жонка прыбірала кватэры. Па вечарах яшчэ абодва хадзілі на працу ў рэстарацыю – яна прыбірала і мыла посуд, ён працаваў грузчыкам. Зараблялі пры гэтым кожны па пяць тысяч даляраў за месяц, але гэта была праца на мяжы магчымасцей.
Нелегальна, уважае Наталля, уладкоўвацца на працу ў Ізраілі не варта:
- Наўрад ці атрымаецца прывезці дадому нейкую нармальную суму. Калі праца ацэньваецца ў 70 шекелей у гадзіну, то будуць плаціць 40 ці менш. Сядзелкай уладкавацца не атрымаецца, бо ніякая бабуля не захоча, каб да яе набліжаўся хтосьці не працаўладкаваны афіцыйна. Другое пытанне датычыцца жылля. Пакой у добрай кватэры за такі заробак не здымеш. У цэнтральнай частцы Ізраіля жыллё дарагое, на поўначы і поўдні танней, але і заробкі там ніжэйшыя, і працу знайсці цяжэй.