«На кожнае яйка - падатак»
12- 12.10.2023, 12:10
- 8,208
Беларуска пракаментавала новаўвядзенні ўладаў для гаспадароў чатырохногіх.
Чытачка сайта Charter97.org адрэагавала на навіну, што ў Беларусі збіраюцца ўвесці абавязковае чыпаванне для сабак і катоў:
- Я – пенсіянерка, жыву з мужам у ціхім закутку славутага беларускага места. Так выйшла, што засталіся мы пад старасць адны, бо нашы дзеці ды ўнукі былі вымушаныя пакінуць Бацькаўшчыну, ратуючыся ад пераследу. Так што замест дзетак, нашых маленькіх унукаў, цешымся цяпер з катоў. Маем іх двое, а кагадзе яшчэ адно кацянятка нам падкінулі. Забралі і яго, бо шкада ж жывое стварэнне.
Але лукашысцкаму рэжыму, відаць, мала таго, што выціснуў з краіны нашых дзяцей, ён ужо квапіцца нават на нашу свойскую жывёлу! Прачытала, што надумалі ўвесці абавязковае чыпаванне катоў і сабак. Падзялілася гэта навіной з суседкамі. Тыя спачатку здзівіліся, але далей пачалі разважаць, навошта гэта робіцца. Адна з іх паспрабавала мяне падкусіць:
— Ну дык злупяць, мабыць, Тамара, з цябе ажно за тры чыпы ніштаватую суму!
Ну ў гэтым можна не сумнявацца, ані! Падумала пра сваю знаёмку, якая прытуліла ў сябе ажно дзясятак катоў. Які ж рахунак ёй выставяць за таўраванне ейных гадаванцаў? Але ў адказ пажартавала:
— Я дык чула, Света, што могуць неўзабаве чыпы ўвесці і для курэй, з лічыльнікам знесеных яек. І на кожнае свойскае яйка – падатак.
Святлане гэткая перспектыва не спадабалася:
— Дык мы самі ж іх ямо, я ж не прадаю…
Я ўжо тут не ўрымсціла:
— Ну не прадаеш, дык купляеш, напрыклад, сала на базары, а не ў дзяржаўнай краме. А потым чыпы і для людзей увядуць; і як толькі купіў нешта не там, дзе трэба, адразу ўшпіляць штраф!
Толькі тут мае суразмоўцы сцямілі, што я з іх пакепліваю ды з мармытаннем “А табе абы жартачкі!” пачалі разыходзіцца. Я ж падумала, што пад гэтай халернай дыктатурай жыццё імкліва пагаршаецца. Каты з сабакамі будуць нібыта як людзі – з дакументамі, а жыццё чалавека ўсё больш ператвараецца ў нейкае сабачае – без правоў, свабоды і перспектыў…